Неапаль
Неа́паль (ад грэч.: Νέα Πόλις — новы горад; італ.: Napoli) — трэці па велічыні горад Італіі пасля Рыма і Мілана і самы буйны горад паўднёвай Італіі.
Неапаль з’яўляецца сталіцай рэгіёна Кампанія. Насельніцтва самога Неапаля складае прыкладна адзін мільён чалавек, а разам з прыгарадамі вакол Неапаля жывуць тры мільёна чалавек. Горад размешчаны на беразе Неапалітанскага заліва ў непасрэднай блізкасці ад знакамітага вулкана Везувій. Неапаль мае міжнародны аэрапорт і буйны марскі порт. Ваенна-марская база.
Гісторыя
Заснаваны каля 600 да н.э. як грэчаская калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы V ст. н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. 3 сярэдзіны VI ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 г. горад быў заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 г. яго сталіца. У 1268 г. быў захоплены французскім герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. 3 1504 г. — у складае Каралеўства Абедзвюх Сіцылій. У 1799 г. тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Неапаль — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства Абедзвюх Сіцылій.
Неапаль — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У 1860 г. горад быў вызвалены войскамі Дж. Гарыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьянскага каралеўства. У час фашысцкай дыктатуры Б. Мусаліні — буйная ваенна-марская база. Пасля выхаду Італіі з ІІ Сусветнай вайны акупаваны ў 1943 г. нямецкімі войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Транспарт
Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім заліве Тырэнскага мора. Міжнародны аэрапорт.
Прамысловасць
Нафтаперапрацоўка і нафтахімія, металургія, машынабудаванне, лёгкая, харчовая прамысловасць (вялікія макаронныя фабрыкі).
Навука, адукацыя, культура
Неапалітанскі ўніверсітэт імя Фрыдрыха II дзейнічае з 1224 года. Кансерваторыя. Абсерваторыі. Батанічны сад. Марскі акварыум. Нацыянальны музей, буйнейшы ў Еўропе археалагічны музей, мастацкія галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнарднага турызму.
Планіроўка і архітэктура
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтральнай частцы захавалася антычная рэгулярная планіроўка.
Сярод помнікаў: раннехрысціянскія катакомбы з фрэскамі (II—V ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (V ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з XII ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г. Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Г. Сагрэра, скульпт. Ф. Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва XIII ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж. Дозіо, са зборам неалалітанскага і еўрапейскага жывапісу XVII—XVIII ст.), тэатр «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П. Б’янкі). 3 пабудоў XX ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж. Вакара, М. Кампанела, інж. П. Л. Нерві і інш.) і інш.
Славутасці
Наваколлі
Каля Неапаля руіны старажытнарымскіх гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л. Ванвітэлі).
Выдатныя асобы
- Уолтэр Холбрук Гаскел, англійскі фізіёлаг. Нарадзіўся ў Неапалі.
- Энрыка Каруза — оперны спявак
- Даменіка Скарлаці
- Даменіка Чымароза
- Джорджа Напалітана
- Аўгуста Дэ Лука — фатограф
- Джамбатыста Віка
Зноскі
Літаратура
- Неапаль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.