wd wp Пошук:

Новы Раздзіл

Не блытаць з Раздзіл.

Новы Раздзіл[1] (укр.: Нови́й Розді́л) — горад у Львоўскай вобласці Украіны. Размешчаны непадалёк ад ракі Днестр. Заснаваны ў 1952 годзе ў сувязі з развіццём здабычы серы. Насельніцтва — 30 тысяч жыхароў, плошча — 550 га.

Геаграфія

Размешчаны на левабярэжным днястроўскім схіле на вышыні 290 м над узроўнем мора. Праз Новы Раздзіл праходзіць шаша Мыкалаеў — Ходараў. Адлегласць да Львова — 54 км, да г. Мыкалаеў — адміністрацыйнага цэнтра раёна — 19 км. Чыгуначная лінія Ходараў — Новы Раздзіл, пабудавана ў 1958 годзе, забяспечвае грузавыя чыгуначныя перавозкі. Прамое аўтамабільнае злучэнне звязвае горад з абласным цэнтрам, іншымі населенымі пунктамі Львоўскай, Цярнопальскай, Івана-Франкоўскай, Валынскай абласцей і з Польшчай.

Гісторыя

Тэрыторыя, на якой быў заснаваны горад, да 1952 года была занятая палямі і сенажацямі. Геолагі выявілі тут радовішча серы — адно з найбуйнейшых у Еўропе. Сера залягае пад паверхняй глебы на глыбіні 35 — 130 м, што стварае выгадныя ўмовы для здабычы серы кар’ерным спосабам, эканамічная эфектыўнасць якога ў 4-6 раз вышэй, чым шахтавага. Сярэдняя таўшчыня сераносных пластоў — 13 м, максімальная — каля 30 метраў. З прычыны таго, што сера з’яўляецца стратэгічнай сыравінай для хімічнай і ваеннай прамысловасці, у 1952 годзе Міністэрства хімічнай прамысловасці СССР прыняло рашэнне аб будаўніцтве вялікага сернага камбіната і рабочага пасёлка для рассялення будаўнікоў і эксплуатацыйнікаў камбіната.

У 1959 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета УССР Новы Раздзіл быў аднесены да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу. У 1960 годзе Савет Міністраў СССР Пастановай № 315 прыняў рашэнне аб падваенні магутнасці горна-хімічнага камбіната, а 24 чэрвеня 1963 года Дзяржплан СССР прыняў рашэнне аб далейшым павелічэнні магутнасці вытворчасці. У 1963 годзе Указам Прэзідыума ВР УССР горад быў аднесены да катэгорыі гарадоў раённага значэння. Вярхоўная рада Украіны ў снежні 2002 годзе дала яму статус горада абласнога значэння.

Эканоміка

Пасля здабыцця Украінай незалежнасці Новараздзільскае прадпрыемства хімічнай прамысловасці паменшыла, а праз некалькі гадоў цалкам спыніла вытворчасць асноўнай прадукцыі.

У горадзе захаваліся прадпрыемствы хімічнай, харчовай і лёгкай прамысловасці, машынабудавання і металаапрацоўкі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і будаўнічыя кампаніі. Важным фактарам развіцця эканомікі горада стала дробнае прыватнае прадпрымальніцтва, у якім занята каля 1000 чалавек. Важным і стабілізуючым для сацыяльна-эканамічнай сферы горада фактарам застаюцца бюджэтныя ўстановы — установы адукацыі, аховы здароўя, культуры, дашкольныя ўстановы.

Вядомыя ўраджэнцы

  • Палітычны і грамадскі дзеяч — Сяргей Іванавіч Дароціч
  • украінская тэлевядучая і журналістка — Вольга Міхайлаўна Фрэймут
  • украінскі тэлевядучы і акцёр, Заслужаны артыст Украіны — Юрый Мікалаевіч Гарбуноў
  • народны дэпутат Украіны Андрэй Фёдаравіч Антонішчак

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be