Паталіпутра
Паталіпутра (санскр.: पाटलीपुत्रम्) — помнік археалогіі на месцы старажытнага горада. Знаходзіцца ў межах сучаснага горада Патна ў індыйскім штаце Біхар.
Гісторыя
Згодна будысцкім запісам, Паталіпутра была заснавана як крэпасць на рацэ Ганг валадаром Аджаташатру з Магадхі каля 490 г. да н. э. Да IV ст да н. э. яна пераўтварылася ў сталіцу адносна невялікай дзяржавы на чале дынастыі Шаішунага. У 345 г. да н. э. Махападма Нанда захапіў у Паталіпутры ўладу і зрабіў яе цэнтрам імперыі Нанда. Пазней яна з’яўлялася сталіцай імперыі Гупта—Маур’я. У 486 г. да н. э. і ў 383 г. да н. э. у Паталіпутры збіраліся галоўныя рады будыстаў.
Арыян з Нікамедыі, які абапіраўся на запісы Мегасфена, што наведваў рэзідэнцыю Чандрагупты ў Паталіпутры, апісваў горад у 10 міль у даўжыню і 1,75 мілі ў шырыню. Гарадскі мур меў 570 веж і 64 брамы. Страбон паведамляў наступнае[1]:
Пры злучэнні Інда з іншай ракой, як кажуць, размешчаны Палібофры ў 80 стадый у даўжыню і 15 у шырыню ў форме паралелаграму, горад акружаны драўляным тынам з прасечанымі ў ім адтулінамі, так што праз гэтыя прасветы можна страляць з лука. Перад тынам цягнецца роў як для абароны, так і для сцёку бруду з горада. Племя, у вобласці якога знаходзіцца гэты горад, завецца прасіямі, яно самае выдатнае з усіх.
Падчас раскопак у 1895 г. і 1926—1927 гг. археолагамі сапраўды былі выяўлены рэшткі тыну, узгаданага Страбонам. Пра шчыльныя сувязі валадароў Паталіпутры з эліністычным светам кажа знаходка калон з мясцовым ордарам, распрацаваным на аснове старажытнагрэчаскіх прыкладаў.
Паталіпутра заставалася важным палітычным і рэлігійным цэнтрам да XII ст. пакуль не пацярпела ад нашэсця цюркаў. У XVI ст. яна была адроджана афганскай дынастыяй Суры пад назвай Патна.
Археалогія
Першым даследчыкам старажытнай Паталіпутры стаў брытанскі медык і археолаг-аматар Лоўранс Вадэл, які цікавіўся эпохай Ашокі. У 1895 г. ён пачаў раскопкі ў раёне Буланды-Багх на поўнач ад чыгуначнай станцыі Патны. Тут былі знойдзены рэшткі палаца перыяду Маўр’яў. Ён жа выявіў старажытны калодзеж Агам-Куан, пабудаваны Ашокай. З 1912—1913 гг. арганізуюцца прафесійныя археалагічныя экспедыцыі.
Паколькі на месцы старажытнай Паталіпутры месціцца сучасны горад Патна, то большасць месц для археалагічных даследаванняў не дасяжна. Раскопкі праводзіліся пераважна ў месцах Буланды-Багх, Кумхрар і вакол Агам-Куана. У Кумхрары вакол месца раскопак створаны парк, дзе дэманструюцца некаторыя артэфакты.
Галерэя
- Рада будыстаў у Паталіпутры
- Статуя мужчыны, III ст. да н. э.
- Статуя крылатага грыфона, III ст. да н. э.
- Паталіпутрскі ордар
- Калодзеж Агам-Куан, сучасны выгляд
Зноскі
- ↑ Страбон. Кніга 15, I:36
Спасылкі
- Pataliputra — Garden Visit
- Pataliputra — Banglapedia
- Sraman Mukherjee, New province, old capital: Making Patna Pataliputra
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.