Перпіньян
Перпіньян (фр.: Perpignan, катал.: Perpinyà) — горад у Францыі, на рацэ Тэт, адміністрацыйны цэнтр дэпартамента Усходнія Пірэнеі. Гістарычна з’яўляўся галоўным горадам правінцыі Русільён. Размешчаны за 13 км ад берага Міжземнага мора і за 31 км на поўнач ад франка-іспанскай мяжы. Насельніцтва 116 700 чал. (2004).
Гісторыя
Размешчаны на ўрадлівай раўніне горад з даўніх часоў лічыўся цэнтрам мясцовага вінаробства. Горад упершыню быў згаданы ў 927 годзе. Графы русільёнскія абралі яго сваёй рэзідэнцыяй і кіравалі Перпіньянам да 1172 года, пасля чаго яго атрымалі ў спадчыну графы барселонскія. Пры ажыццёўленым Хаймэ I падзеле каталонскіх зямель Перпіньян разам з Балеарскімі астравамі дастаўся малодшаму, Хаймэ II, і ў 1276—1344 гадах горад служыў сталіцай гэтага гаспадара і двух яго нашчадкаў.
У XVII стагоддзі, калі Францыя сутыкнулася з Іспаніяй у спрэчцы за ўладанне Русільёнам, Перпіньян быў ператвораны ў крэпасць. Паводле Пірэнейскага міру 1659 годзе горад быў пакінуты за Людовікам XIV. У XIX стагоддзі струхлелыя гарадскія сцены былі знесены за непатрэбнасцю. У 1936 годзе ў Перпіньян хлынулі ўцекачы з Іспаніі, дзе бушавала грамадзянская вайна. Пасля 1960 года тут сяліліся французы з паўночнаафрыканскіх калоній[3].
Славутасці
Візітнай карткай Перпіньяна лічыцца маленечкі форт Le Castillet, пабудаваны ў 1368 годзе і цяпер адкрыты для турыстаў у якасці музея. За бастыёнамі знакамітай Перпіньянскай цытадэлі часоў «старога рэжыму» хаваецца адноўлены ў апошні час палац сярэднявечных каралёў Маёркі. Сабор св. Іаана, закладзены ў 1324 годзе каралём Санча, будаваўся галоўным чынам у XV і XVI стагоддзях. Старадаўні марскі трыбунал (Loge de Mer) з часам быў перабудаваны ў тэатр.
З мастацкіх помнікаў увагу турыстаў прыцягвае Перпіньянскі вакзал, дэкараваны самім Сальвадорам Далі, які выпрабаваў у ім «прыступ касмаганічнага экстазу». У музеі Рыго выстаўлены палотны як самога гэтага мастака, так і майстроў каталанскага прымітыву.
Зноскі
- ↑ France Bleu — Radio France, 1980. Праверана 2 лістапада 2020.
- ↑ база даных аб французскіх камунах — Institut national de l’information géographique et forestière. Праверана 26 кастрычніка 2015.
- ↑ Perpignan: Артыкул з Encyclopædia Britannica
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Перпіньян
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.