wd wp Пошук:

Пуэрта-Уільямс

Пуэрта-Уільямс — невялікі чылійскі горад і порт на востраве Наварына (архіпелаг Вогненная Зямля на беразе праліва Бігля). Сталіца правінцыі Чылійская Антарктыка. Сапернічае з Ушуаяй за званне самага паўднёвага горада на свеце.

Гісторыя

Да іспанскай каланізацыі тэрыторыю займалі плямёны яганаў, вядомыя еўрапейскім падарожнікам з XVI стагоддзя. Да канца XIX стагоддзя Вогненная Зямля не выклікала ў еўрапейцаў цікавасці з пункту гледжання каланізацыі ў першую чаргу праз суровы клімат. Сітуацыя змянілася ў 1890 годзе, калі на востраве было знойдзена золата. Праз два гады на ўсходнім беразе вострава была заснавана вёска Пуэрта-Тора. Пуэрта-Уільямс з’явіўся ў 1953 годзе перш за ўсё як ваенна-марская база, праз тое, што Пуэрта-Тора была нязручнай для яе размяшчэння. Паступова ў горадзе развілася і грамадзянская эканоміка, перш за ўсё рыбалоўства, турызм і абслугоўванне караблёў, што заходзяць у порт. Развіццё мясцовай эканомікі выклікала за сабой і павелічэнне колькасці насельніцтва — у 2002 годзе Пуэрта-Уільямс налічваў 2874 жыхары (з улікам персаналу ваенна-марской базы), што больш чым на 100 чалавек пераўзыходзіць паказчыкі мінулага перапісу (1992 год, 1841 чалавек).

Клімат

Згодна з класіфікацыяй Кёпена, клімат у Пуэрта-Уільямсе з’яўляецца пераходным паміж марскім і субантарктычным з нязначнымі хістаннямі тэмператур на працягу года. Лета кароткае, халаднаватае, зіма працяглая, з вялікай колькасцю ападкаў, мяккая. У год выпадае да 3000 мм ападкаў, што разам з халаднаватым кліматам спрыяе ўтварэнню горных ледавікоў у наўколлях горада.

Эканоміка

Пуэрта-Уільямс з’яўляецца зыходным пунктам і базай шматлікіх навуковых экспедыцый па даследаванні Антарктыкі і Вогненнай Зямлі. Горад служыць таксама базай забеспячэння для маякоў і метэаралагічных станцый рэгіёна.

Асновай эканомікі Пуэрта-Уільямса з’яўляецца турызм. У порт горада рэгулярна заходзяць прыватныя яхты і пасажырскія лайнеры, якія здзяйсняюць круізы па Антарктыцы і вакол Мыса Горн. Турысты могуць хадзіць у пешыя паходы па наваколных гарах, на якіх растуць унікальныя Магеланавы лясы, самы паўднёвы лясны масіў на Зямлі. Таксама папулярна марская рыбалка і паездкі на кацярах да велізарных калоній пінгвінаў і марскіх коцікаў. У летнія месяцы магчыма плаванне на яхтах да Мыса Горн і Антарктычнага паўвострава. Значную ролю ў эканоміцы горада грае рыбалоўства і абслугоўванне ваенна-марской базы.

Выгляд на праліў Бігля з гор на поўдні ад Пуэрта-Уільямса

Спасылкі

  1. 2017 Chile census Праверана 26 снежня 2019.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Чылі Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1953 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be