Равена
Раве́на (італ.: Ravenna [ra’ven:a], эміл.-ром.: Ravêna, лац.: Ravenna) — горад у італьянскім рэгіёне Эмілія-Раманья. Турыстычны цэнтр міжнароднага значэння.
Агульныя звесткі
Горад размешчаны на адлегласці 10 км ад Адрыятычнага мора, з якім яго злучае канал.
Равена знаходзіцца ў нізіннай мясцовасці, якая ўтварылася пры заглейванні Адрыятыкі. Адміністрацыйны цэнтр аднайменнай правінцыі. Заступнікам горада лічыцца святы Апалінарый. Дзень горада — 23 ліпеня.
Восем равенскіх помнікаў эпохі позняй антычнасці занесены ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Гісторыя
Заснавана, верагодна, племем умбраў. З II ст. да н.э. пад уладай Рыма, важны порт Італіі. З 402 года рэзідэнцыя імператараў Заходняй Рымскай імперыі, затым сталіца дзяржавы остготаў. З 540 пад уладай Візантыі, у 565—751 сталіца Равенскага экзархата. У 751 заваявана лангабардамі, сталіца Лангабардскага каралеўства. У XII ст. заснаваны ўніверсітэ. Міжусобная вайна арыстакратычных родаў скончылася ўстанаўленнем у Равене сіньёрыі роду Палентаў (да 1441). Абмяленне канала выклікала закрыццё порта і эканамічны заняпад горада. У 1449—1509 падпарадкавана Венецыяй. У 1512 зруйнавана французамі. Пасля іх выгнання Свяшчэннай Лігай — у Папскай вобласці (за выключэннем 1797—1814). З 1860 у складзе аб’яднанай Італіі.
Помнікі
Равена багата помнікамі раннехрысціянскай і візантыйскай архітэктуры і першым чынам манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. У 1996 годзе ў склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА былі ўключаны наступныя аб’екты:
- маўзалей Галы Плацыдзіі (каля 440 года);
- баптыстэрый праваслаўных (сярэдзіна V стагоддзя);
- баптыстэрый арыян;
- базіліка Сант-Апалінарэ Нуова (пачатак VI стагоддзя);
- базіліка Сан-Вітале (526—547 гады);
- архіепіскапская капэла (канец V — пачатак VI стагоддзяў);
- маўзалей Тэадорыха (каля 520 года, па-за гарадскімі сценамі);
- базіліка Сант-Апалінарэ ін Класэ (549 год, па-за гарадскімі сценамі).
Інтэр’еры большасці з азначаных будынкаў упрыгожваюць мазаікі ў візантыйскім духу. Захаваліся руіны так званага палаца Тэадорыха (пачатак VI стагоддзя або VIII стагоддзе).
З больш позніх помнікаў найбольшай гісторыка-культурнай вагай маюць:
- Кафедральны сабор Святога Духу, пабудаваны ў XVIII стагоддзі на месцы Урсіянавай базілікі пачатку V стагоддзя.
- венецыянская крэпасць Бранкалеонэ (XV стагоддзе);
- францысканская царква Сан-Франчэска, дзе адпявалі паэта Дантэ, які памёр у Равене; яго прах быў пахаваны каля базілікі ў маўзалеі эпохі класіцызму.
Прамысловасць
Нафтаперапрацоўка, хімічная прамысловасць, машынабудаванне, харчовая, абутковая, цэментная, керамічная прамысловасць. Вытворчасць музычных інструментаў.
Транспарт
Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Адрыятычным моры (звязаны з ім суднаходным каналам).
Культурнае жыццё
Дзейнічаюць шматлікія музеі.
Зноскі
- ↑ Popolazione Residente al 1° Gennaio 2018 — ISTAT. Праверана 16 сакавіка 2019.
Літаратура
- Равена // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
Равена на Вікісховішчы |
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.