Радэхіў
Радэхіў[1] ці Радзехаў (укр.: Радехів) — горад раённага значэння Радзехаўскага раёна Львоўскай вобласці, раённы цэнтр.
Геаграфія
Размешчана ў раўніннай і лёгкахвалістай мясцовасці Надбужанскай катлавіны, над ракой Астрыўкаю — прытокам ракі Стыр. Праз горад праходзіць Галоўны еўрапейскі водападзел.
Гісторыя
У мясцовых паданнях назва горада тлумачыцца словазлучэннем слоў «радасна хавацца», паколькі людзям даводзілася часта хавацца ад ворагаў у лясах, балотах і чароце. Гэта тыповая народная этымалогія. Іншы варыянт паходжання назвы горада - ад імён «Радаслаў», «Радолюб» і да таго падобнае. У Х-ХІ ст. горад ужо існаваў як населены пункт. У 1578 г. татары цалкам знішчылі горад і навакольныя вёскі. У тагачасных падатковых кнігах насупраць назвы горада значыцца «Пусты».
Першае пісьмовае згадванне аб горадзе датавана 1472 г. Тэрыторыя, на якой паўстаў горад, уваходзіла ў Бэлзскае княства, якое ўтварылася каля 1170 г. і належала спачатку уладзімір-валынскім, а затым галіцка-валынскім князям.
У пачатку XVIII ст. горад апыняецца ў складзе Аўстрыі і пераходзіць ва ўладанне графа Міра. Тут ён будуе вялікі палац, які стаў цэнтрам магнацкай латыфундыі. Тут пачынаюць адбывацца таргі, і мястэчка паступова развіваецца і ператвараецца ў горад.
У другой палове XIX ст. латыфундыя перайшла да сям’і графа Бадэні, які ажаніўся з дачкой графа Міра. Бадэні лічыўся сёмым з дзесяці найбагацейшых магнатаў Галічыны. Ён быў намеснікам імператара. Ён перабудаваў і пашырыў палац, пасадзіў парк, пабудаваў аранжарэю і загадаў абгарадзіць свае ўладанні трохметроваю каменнаю сцянойю.
У 1910 г. праз горад было скончана будаўніцтва чыгункі Львоў-Стаянаў, якую фінансаваў Бадэні.
Па статыстычных дадзеных у 1880 г. у горадзе пражывала 3555 жыхароў.
У канцы XIX - пачатку XX ст. у горадзе існаваў шэраг грамадскіх арганізацый, у прыватнасці таварыства «Сельскі гаспадар». На працягу 16 гадоў дзейнічала «Грашовае таварыства сяброў школьнай дзятвы», мэтай якога была матэрыяльная дапамога бедным дзецям незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання. Таксама дзейнічала «Брацтва цвярозасці».
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты Львоўскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Любамльскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Радэхіўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Львоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.