Санта-Барбара (Коста-Рыка)
Санта-Барбара (ісп.: Santa Bárbara) — горад у Коста-Рыцы, адміністрацыйны цэнтр кантона Санта-Барбара і аднайменнага дыстрыта. Уваходзіць у склад сталічнай агламерацыі. Насельніцтва паводле перапісу 2011 г. складае 36 243 чалавек.[1]
Гісторыя
Да іспанскага заваявання тэрыторыя цэнтральнай Коста-Рыкі была населена племенем хуэтарэс. Калі іспанцы ўпершыню прыбылі сюды, яны назвалі гэту вобласць Сурука. Тры суседнія гарады — Эрэдзія, Барва і Алахуэла — былі заснаваны пад канец XVIII стагоддзя. З ростам іх насельніцтва, пачаў павялічвацца і гандаль паміж імі. Тэрыторыя на месцы сучаснай Санта-Барбары стала прамежкавым пунктам. Упершыню гэта мясцовасць як Санта-Барбара згадваецца ў дакументах у 1821 годзе. Першая хаціна тут была збудавана ў 1837 годзе. У 1846 годзе на тэрыторыі сучаснага кантона пражывала каля 1 500 чалавек. Святар Педра Сабарыё, які кожную нядзелю наведваў кантон для правядзення месы, прапанаваў узвесці тут царкву. У 1859 годзе пачалося будаўніцтва царквы Святой Барбары, вакол якой пачаў расці і горад. 29 верасня 1882 года паселішча атрымала статус горада і стала адміністрацыйным цэнтрам новаўтворанага кантона. У 1896 годзе ў горадзе з’явілася электрычнасць. У 1911 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю вадаправод.
Эканоміка
Санта-Барбара з’яўляецца цэнтрам кантона. Тут працуюць шмат камерцыйных фірм. Ёсць супермаркет, крама бытавой тэхнікі, некалькі банкаў. Дыстрыт Санта-Барбара лічыцца спальным раёнам. Большасць жыхароў ездзяць на працу ў Алахуэлу, Эрэдзію, Белен і Сан-Хасэ.
Адукацыя
Першая дзяржаўная школа адчынілася ў Санта-Барбары ў 1860 годзе. У ёй навучаліся 30 дзяцей. Першыя ўрокі даваў шавец Томас Рэдонда, першым афіцыйным настаўнікам стаў Дыега Трэхас. Першым настаўнікам з мясцовых жыхароў быў Фларэнціна Картэс, які потым стаў першым мэрам у 1855 годзе. У 1903 годзе з’явілася школа для дарослых. У 1951 годзе быў адчынены сучасны будынак школы, а 1 сакавіка 1973 года — Ліцэй Санта-Барбары. У 1981 годзе была адчынена бібліятэка.
Спорт
Горад вядомы сваімі спартыўнымі традыцыямі. Мясцовы жаночы валейбольны клуб ASBAVOL — адзін з самых паспяховых клубаў краіны. Заснаваны ў 1992 годзе былым футбалістам Хуліё Альфара. ASBAVOL выйграў нацыянальны чэмпіянат 5 разоў (2005, 2007, 2008 2009 і 2010), а студэнцкая каманда ASBAVOL выйграла Студэнцкі спартыўны чэмпіянат 13 разоў і 2 разы Цэнтральнаамерыканскі Студэнцкі спартыўны чэмпіянат. Валейбалісткі клуба рэгулярна гуляюць за нацыянальную жаночую каманду. Хатняя гульні ASBAVOL праводзіць у спартыўнай зале Ліцэя Санта-Барбары.
Футбольны клуб Barbareño такіх поспехаў не дасягнуў. У 1997—2004 гадах гуляў у першым дывізіёне чэмпіяната Коста-Рыкі. Хатняй арэнай Barbareño з’яўляецца стадыён імя Карласа Альварада Вільялобаса ўмяшчальнасцю 1500 чалавек.
Зноскі
Спасылкі
Афіцыйны сайт кантона Санта-Барбара
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.