Сарагоса
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сарагоса (значэнні).
Сараго́са[1] (ісп.: Zaragoza) — горад на паўночным усходзе Іспаніі, сталіца аўтаномнага рэгіёну Арагон, правінцыі Сарагоса і аднайменнай акругі (Comarca de Zaragoza).
Размешчаны ў сярэднім цячэнні ракі Эбра, каля 200 метраў над узроўнем мора. На 1 студзеня 2007 года ў Сарагосе пражывае 654 390 чалавек, яна з’яўляецца пятым па велічыні горадам Іспаніі.
Гісторыя
Заснавана ў 24 да н.э. на месцы старажытнага паселішча як рымская калонія пад назвай Цэзарэя-Аўгуста. У 452 годзе захоплена свевамі, у 476 — вестготамі. У 714—1118 гадах пад уладай арабаў, у ХІ — пачатку ХІІ стагоддзя цэнтр Сарагоскага эмірата. У 1118 горад адваяваны ў арабаў войскамі караля Арагона Альфонса I, з 1119 года сталіца Арагонскага каралеўства, атрымала права самакіравання і іншыя прывілеі. У XIV—XVI ст. адзін з важнейшых эканамічных (вытворчасцьсць сукна) і культурных (у 1474 заснаваны ўніверсітэт) цэнтраў Арагона. У XVII—XVIII ст. эканамічна заняпала. У 1-ю іспанскую рэвалюцыю 1808—1814 двойчы ўзята ў аблогу французскімі войскамі (1808, 1808—1909). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—1939 гадоў месца баёў паміж рэспубліканскімі войскамі і франкістамі.
Славутасці
У структуры цэнтра горада захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі старажытнарымскай калоніі. Сярод помнікаў: рэшткі старажытнарымскіх пабудоў, маўрытанскіх будынкаў (Х—ХІІ ст.) з узорыстай цаглянай муроўкай, дэкаратыўнымі купаламі, абліцоўкай шматколернай кафляй, сабор Ла-Сеа (1119—1550; фасад канца XVII ст. ў стылі эрэрэска; вежа 1685), касцёлы ў стылі мудэхар (Санта-Марыя Магдалена і інш.), біржа («лонха», 1551, готыка і платэрэска), палацы XVI ст. ў стылі платэрэска.
Музей прыгожых мастацтваў.
Вядомыя асобы
- Тэрэза Кларамун (1862—1932) — каталонская анарха-сіндыкалістка.
Зноскі
Літаратура
- Сарагоса // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 175. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Муніцыпалітэты Арагона Катэгорыя·Муніцыпалітэты паводле правінцый Іспаніі Катэгорыя·Муніцыпалітэты правінцыі Сарагоса
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.