Сараева
Сараева (басн.: Sarajevo [sǎrajɛʋɔ]) — горад у Босніі і Герцагавіне, сталіца краіны. Размешчаны на вышыні 500 м над узроўнем мора, стаіць на берагах ракі Міляцка. Індустрыяльны і культурны цэнтр краіны.
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў 1244 пад назвай Врхбосна. У 1435 заваяваны туркамі-асманамі. 3 1507 называецца Сараева. На гэты час прыпадае росквіт горада як гандлёвага і рамеснага цэнтра. У XVII—XIX ст. неаднаразова зруйнаваны пажарамі. 3 сярэдзіны XIX ст. адміністрацыйны і палітычны цэнтр баснійскага намесніцтва Асманскай імперыі. У 1878—1908 галоўны горад Босніі, акупіраванай Аўстра-Венгрыяй. У 1908—18 адміністрацыйны цэнтр правінцый Боснія і Герцагавіна. 28.6.1914 у Сараеве забіты аўстрыйскі наследнік прастола Франц Фердынанд (Сараеўскае забойства). Са снежня 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У ІІ сусветную вайну акупіраваны нацыстамі (1941-45). Адзін з цэнтраў Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941-45. 3 1946 сталіца Босніі і Герцагавіны. У 1984 ў Сараеве адбыліся XIV зімовыя Алімпійскія гульні. У выніку ваенных дзеянняў пач. 1990-х г. горад перажыў цяжкія разбурэнні і пашкоджанні.
Насельніцтва
Па дадзеных перапісу 1991, колькасць насельніцтва складала 429672; па 2006 г. - каля 800000.
Гаспадарка
Тут знаходзяцца шматлікія прамысловыя прадпрыемствы (машынабудаванне, у т.л. аўтамабільная, электра-тэхнічная, радыёэлектронная прамысловасць; хімічная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, дрэваапрацоўчая, харчасмакавая). Саматужны выраб дываноў і рамёствы.
Транспарт
Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнародны аэрапорт.
Культура, адукацыя, навука
Акадэмія навук і мастацтваў Босніі і Герцагавіны. Універсітэт, кансерваторыя.
Музей Босніі і Герцагавіны. Мастацкая галерэя.
Архітэктура і планіроўка
Каларыт старога горада ствараюць пабудаваныя паводле ўсходняй традыцыі кварталы са шчыльнай планіроўкай. Захавалася сярэдневяковая Старая царква з абразамі XV—XVII ст. Узоры рэгіянальнага варыянта класічнага стылю турэцкай архітэктуры: мячэці Хусрэў-бега (1531) з мінарэтам выш. 45 м (арх. Сінан), Алі-Пашы (1561), Царова (1566) і інш., медрэсэ Хусрэў-бега (1537) і інш. Адметныя крытыя базары XVI ст. — паўпадземны безістэні Хусрэў-бега (1557, даўж. 109 м), купальны Бруса-безістэні (1557), каменныя масты — Козі (да 1550), Лацінскі (да 1565), Шэхерчэхайін (1620). 3 2-й пал. ХІХ ст. ўзводзіліся жылая забудова і грамадскія будынкі ў аўстрыйскіх архітэктурных стылях (гістарызм, сецэсіён) з выкарыстаннем усходніх (ратуша, кафедральны каталіцкі сабор) і класічных матываў (Прэзідыум урада, чыгуначнае ўпраўленне, Міністэрства фінансаў, тэатр, музей). Пабудовы 1918-45 і 2-й пал. ХХ ст. ў духу функцыяналізму: банкі, Вышэйшая педагагічная школа, чыгуначны вакзал, новыя карпусы ўніверсітэта, аэрапорт. Паводле генплана 1963 створаны новыя раёны (Габрычава).
Выбітныя асобы
- Эмір Кустурыца — кінарэжысёр
- Алена Лолавіч
- Саша Чаджа
Зноскі
- ↑ Population Праверана 20 лістапада 2016.
Літаратура
- Сараева // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 175. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў XV стагоддзі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.