Стара-Тура
Ста́ра-Ту́ра (славацк.: Stará Turá, венг.: Ótura, ням.: Alt Turn) — горад у заходняй Славакіі, на паўднёвым захадзе Трэнчынскага края. Знаходзіцца за 12 км на захад ад раённага цэнтра Нове-Места-над-Вагам, за 99 км на поўнач ад Браціславы. З чэшскага боку мяжуе з Паўднёвамараўскім краем. Насельніцтва — 10291 чалавек (2005).
Геаграфія
Ляжыць на чэшска-славацкім памежжы ў паўночнай частцы Мыяўскага плато, непадалёк ад Малых і Белых Карпатаў. Разам з ваколіцамі Стара-Тура адносіцца да Падяварніцкага копаніцкага гістарычнага рэгіёна.
Праз горад працякае ў паўночна-паўднёвым напрамку ручай Трысце, які пасля Чахціцкага замка ўпадае ў раку Дудваг.
Гісторыя
Першыя пісьмовыя згадкі пра Стара-Туру датаваныя 1392 годам, калі яна згаданая ў дароўчым лісце караля Жыгімонта як паселішча, належнае Чахціцкаму замку, якім на той час валодаў Сцібар са Сцібарыц. У складзе замкавых уладанняў Стара-Тура знаходзілася ажно да знікнення феадалізму ў Венгрыі.
У 1467 годзе кароль Мацей Корвін за дапамогу пры арышце Яна Швеглы надаў Стара-Туры статус падданскага мястэчка (опідума), што дало штуршок яе развіццю. Прывілеем жыхары мястэчка былі вызвалены ад сплаты трыдзясятку і іншых падаткаў ва ўсіх частках венгерскай кароны. Надалей гэты прывілей некалькі разоў пацвярджалі іншыя валадары Венгрыі.
Паколькі бедныя глебы былі няздольныя пракарміць насельніцтва, старатуране займаліся вырабам і продажам драўляных тавараў. Акрамя традыцыйнай вытворчасці, якая захавалася да цяпер, неабходна таксама згадаць сапожнікаў, кажушнікаў, млынароў, сталяроў, токараў, кавалёў і ганчароў. Стара-Тура мела млыны, пральні, кузню, бровар, тут вырошчвалі шафран і выраблялі паперу. З каровінага малака старатуране выраблялі топленае масла. Тутэйшыя жыхары сталі заснавальнікамі брынзавай вытворчасці ў Славакіі.
У 1848 годзе горад было амаль цалкам знішчанае пажарам.
Турыстычная інфармацыя
- Капліца Святога Крыжа (1820)
- Евангельскі збор (2 палова XVIII стагоддзя)
- Старая вежа на могілках — г.зв. гусіцкая вежа (1569)
- Рымска-каталіцкі касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі (1758)
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Крысціна Роева (1860—1936), евангельская пісьменніца і рэдактарка
- Віліям Клімачак (1958), драматург
Гарады-пабрацімы
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стара-Тура
- Афіцыйная старонка (славацк.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.