Стары Чартарыйск
Стары Чартарыйск[1] (укр.: Старий Чорторийськ) — вёска ў Манэвыцкім раёне Валынскай вобласці Украіны. Размешчаны на р. Стыр.
Гісторыя
Чартарыйск вядомы з 1100 года, належаў да Кіеўскага, з сярэдзіны 12 ст. — Валынскага, пасля Галіцка-Валынскага, з 13 ст. — Пінскага княстваў. У сярэдзіне 14 ст. Валынь з Чартарыйскам падпарадкаваў князь Любарт. У ходзе барацьбы за Валынь паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай яна неаднаразова пераходзіла з рук у рукі, але засталася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. 3 канца 14 ст. вядомы мясцовыя князі — галіна Альгердавічаў, уладальнікі Чартарыйска, якія ад назвы горада ўзялі прозвішча Чартарыйскія (першым з іх валодаў горадам Канстанцін Альгердавіч)[2].
Пасля адміністрацына-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гг. у складзе Луцкага павета Валынскага ваяводства, з 1791 года ў 1-м Уладзімірскім павеце. Юрый Міхайлавіч Чартарыйскі прыкладна ў 1601 годзе прадаў Чартарыйск (Стары і Новы) з замкам(польск.) бел. і ваколічнымі вёскамі Яну Дамінікавічу Пацу, ваяводу менскаму. Пасля яго смерці ў 1610 годзе Чартарыйскам валодаў яго сын Ян Казімір, які адмовіўся ад гэтага маёнтка на карысць магнатаў Ляшчынскіх. Чартарыйск належаў Рафалу Ляшчынскаму (памёр 1636), яго сыну Андрэю (памёр у 1651) і ўнуку Самуэлю (памёр у 1676). У 1639 годзе Андрэй Ляшчынскі збудаваў касцёл дамініканцаў(руск.) бел.[2].
У 1677 годзе Рафал Вацлаў і Багуслаў Ляшчынскія прадалі Чартарыйск князю Дзмітрыю Юрыю Вішнявецкаму. Пасля яго смерці ў 1682 годзе Чартарыйск перайшоў да яго брата Канстанціна (памёр у 1686), потым — да сына апошняга Януша Антонія (памёр у 1741). Пасля гэтага Чартарыйск адышоў да яго дачкі Францішкі Уршулі Радзівіл, жонцы М. К. Радзівіла Рыбанькі, якая нарадзілася ў Чартарыйску. Наступным уладальнікам Чартарыйска быў іх сын К. С. Радзівіл Пане Каханку[2].
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай ў 1793 годзе ўвайшоў у склад Расійскай імперыі[2].
За ўдзел Фёдара Паца ў паўстанні 1830—1831 гг. яго маёмасць была канфіскавана, а кляштар дамініканцаў у старым Чартарыйску зачынены. Будынак кляшатара перадалі праваслаўнай царкве і перарабілі касцёл у царкву ў гонар Успення Багародзіцы.
У гады Першай сусветнай вайны кляштар пацярпеў з-за ваенных дзеянняў. Пазней землі адышлі да Польшчы і ксёндз разам з парафіяй адрамантавалі будынак. У гады Другой сусветнай вайны 1939—1945 гадаў касцёл зноў пацярпеў. Пры савецкай уладзе касцёл ператвораны ў склад збожжа, пазней занядбаны.
Пасля распаду СССР кляштар перададзены праваслаўнай суполцы, якая заснавала мужчынскі Крыжаўздзвіжанскі манастыр.
Славутасці
- Касцёл Святога Іосіфа і кляштар дамініканцаў(руск.) бел. (1741—1753, арх. Павел Гіжыцкі)
- Гарадзішча (11-13 стст.)
- Гарадзішча «Замак» (11-13 стст.)
Страчаная спадчына
- Чартарыйскі замак(польск.) бел.
Вядомыя асобы
- Францішка Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх (1705—1753) — пісьменніца, першая ў Вялікім Княствам Літоўскім жанчына-драматург.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
- 1 2 3 4 ЭнцВКЛ, 2010
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стары Чартарыйск
- Стары Чартарыйск на сайце Вярхоўнай рады Украіны (укр.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Манэвыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1100 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.