Супрасль
Су́прасль (польск.: Supraśl), горад у Польшчы, знаходзіцца ў Беластоцкім павеце Падляскага ваяводства, на ўсход ад горада Беласток.
Горад размешчаны над ракой Супраслю (польск.), на тэрыторыі Кнышынскай пушчы.
Колькасць насельніцтва — 4,6 тыс. чал. (2005)
Гісторыя
Заснаванне Супрасля звязана з перанясеннем у 1500 Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра, размешчанага паблізу Гродка (польск.) уніз па рацэ. У пачатку XVІ ст. пабудавана Супрасльская царква-крэпасць, якая затым была аздоблена адмысловымі фрэскамі і іканастасам. На працягу XVII—XVIII ст. Супрасль стала значным культурна-навуковым асяродкам, тут знаходзілася багатая бібліятэка, друкарня. Вядомы імёны супрацоўнікаў тыпаграфіi другой половы ХVIII ст.: друкары Антон Чарняўскі, Крэстомскі, Адам Генрых Подзебраньскі, мастак i прафесар жывапіcу Антоній Грушэцкі, гісер Аляксей Завадскі[1].
Напачатку ХІХ ст., манастыр заняпаў, выдатная бібліятэка была вывезена з Супраслі, большай часткай — у Вільню. Тады ж быў страчаны найкаштоўнейшы яе скарб: старэйшы напісаны кірыліцай рукапіс ХІ ст.
У сярэдзіне ХІХ ст. Супрасль стала буйным цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці, але тэкстыльныя прадпрыемствы былі ліквідаваны напачатку ХХ ст. з-за аддаленасці горада ад чыгуначных шляхоў. Архітэктурныя помнікі Супраслі былі моцна разбураны фашысцкімі акупантамі ў 1944, пасля вайны — часткова адбудаваныя. З 1980-х аднавіў дзейнасць Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр, у 1996 польскі ўрад замацаваў увесь манастырскі комплекс за праваслаўнай царквою, зараз тут завяршаюцца рэстаўрацыйныя работы.
Гаспадарчае развіццё
Размяшчэнне горада ў маляўнічай лясістай мясцовасці спрыяе развіццю розных галін гаспадарчай дзейнасці. У Супраслі знаходзіцца дырэкцыя ландшафтнага парку Кнышынскай пушчы. Горад з’яўляецца цэнтрам дрэваапрацоўчай прамысловасці. Тут развіваецца рэкрэацыйная сфера, з 2001 Супрасль атрымала статус курорта. Праз горад праходзяць турыстычныя маршруты, з 2006 дзейнічае Музей ікон. У Супраслі працуе Вышэйшая школа фізічнага выхавання і турызму.
Славутасці
- Дабравешчанская царква-крэпасць (пач. XVІ ст., адбудавана ў 1999 г.)
- Палац архімандрытаў (XVII ст., адбудаваны)
- Царква Іаана Багаслова (XІХ ст., адбудавана ў 1958 г.)
Беларусы ў Супраслі
Супрасль з’яўляецца адным з цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Наяўнасць тут важнага асяродка праваслаўя з’яўляецца чыннікам, які спрыяе захаванню нацыянальнай свядомасці мясцовых беларусаў.
Вядомыя асобы
Зноскі
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Беластоцкага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.