Сігішаара
Сігішаа́ра (рум.: Sighişoara) — горад у Румыніі, у жудзецы Мурэш. Стаіць на ўзгорку над ракой Тырнава-Марэ (рум.: Târnava Mare) у Трансільваніі, у 175 км на паўночны захад ад Бухарэста. Насельніцтва — 32570 жыхароў (2007). Гістарычны цэнтр горада з 1999 года з’яўляецца помнікам Сусветнай спадчыны
Гісторыя
Сігішаара вядомая ў гісторыі пад нямецкім імем Шэсбург (Schäßburg) і венгерскім — Шэгешвар (Segesvár). Горад заснавалі ў XIII стагоддзі нямецкія каланісты з Саксоніі і даліны Мозеля. Яны ўзвялі на ўзгорку сярэднявечную крэпасць, некалькі цэркваў і знакамітую Гадзіннікавую вежу вышынёй у 64 метра.
У XIV стагоддзі Шэсбург стаў вольным горадам, а да XVI стагоддзя — адным з вядучых гандлёва-рамесных цэнтраў Усходняй Еўропы з 15 рамеснымі цэхамі. У XV стагоддзі ў горадзе чаканіў манету выгнаны з Валахіі гаспадар Улад Дракула. У 1631 годзе тут быў абраны на венгерскі прастол трансільванскі князь Юрый I Ракацы.
Ніжняя частка горада была разбурана землетрасеннем 1668 года і пажарам 1676 года, але на працягу наступнага стагоддзя была адбудавана нанова.
У 1849 годзе руская армія нанесла пад Шэгешварам разгромнае паражэнне венгерскім паўстанцам. Сярод загінулых у баі апынуліся генерал-маёр Р. Я. Скарацін і выбітны паэт Шандар Петэфі. У XIX стагоддзі памяць абодвух была ўшанавана помнікамі.
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сігішаара
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.