Трускавец
Трускаве́ц (укр.: Трускаве́ць) — горад (з 1948) абласнога значэння ў Львоўскай вобласці Украіны, бальнеалагічны курорт. Размешчаны на поўдзень ад Львова, чыгуначная станцыя, вузел аўтадарог. Вядомы з 1462 года.
Геаграфія

Трускавец знаходзіцца ў даліне ракі Варацішчэ, прытоку Саланіцы, на поўнач ад перадгор’яў Усходніх Карпат на вышыні 384 м над узроўнем мора. Самая высокая кропка горада — Гошаўская гара (384 м).
Ранняя гісторыя
Першае пісьмовае згадванне аб Трускаўцы адносіцца да 1469 года. Археалагічныя знаходкі, у прыватнасці, рымскі баявы чэкан, датаваны IV стагоддзем нашай эры, сведчаць аб тым, што тэрыторыя сучаснага горада магла быць арэнай баявых дзеянняў готаў і прыкарпацкіх плямёнаў на чале з карпамі — з аднаго боку, і легіёнамі Рымскай імперыі — з другога.
Паходжанне назвы горада да канца невядома. Адны лічаць, што «Трускавец» — гэта перайначаная форма польскага слова truskawka — «клубніцы». Але гэтая ягада з’явілася ў Еўропе толькі пасля 1712 года, а назва горада сустракаецца ўжо ў XV стагоддзі. Іншыя навукоўцы лічаць, што на назву паўплывала літоўская мова. Па-літоўску druska — гэта «соль», а Прыкарпацця (у прыватнасці суседні Драгобыч) — вядомы цэнтр здабычы солі. З гэтым промыслам звязаныя назвы многіх населеных пунктаў Львоўшчыны, напрыклад: Старая Сіль, Сольная, Салец, Салонка. На карысць гэтага варыянту сведчаць цесныя міждзяржаўныя адносіны Галіцка-Валынскага княства і Вялікага Княства Літоўскага ў XII—XV стагоддзях. Згодна з трэцяй версіяй назва «Трускавец» паходзіць ад славянскага імя Трушко або Трусько, з часам перайначанага на Труськович, Трускавец.

У пачатку свайго існавання Трускавец, хутчэй за ўсё, быў уласнасцю галіцка-валынскіх князёў, а пасля заваёвы княства Польшчай трускавецкія землі трапілі ва ўласнасць польскіх каралёў, землеўладання якіх, так званая «каралеўшчына» здавалася ў арэнду феадалам. Вядома, што шляхціцамі-трымальнікамі трускавецкага маёнтка ў 1462 годзе былі браты Іван і Станіслаў Карыткі. Каля 1518 года горад уваходзіць у склад Драгобыцкага староства.
У 1772 годзе пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Трускавец стаў уласнасцю аўстрыйскага імператара.
Курорт

У горадзе з агульнакурортных устаноў маюцца два бюветы мінеральнай вады, дзве бальнеаазакерыталячэбніцы (цэнтральная водалячэбніца, азакерыталячэбніца; БФО (на 2000 наведванняў)), інгаляторый, курзал, дзве курортныя паліклінікі, агульнакурортны дыягнастычны цэнтр на базе Цэнтральнай курортнай паліклінікі.
У 1970—1980-х гг. было пабудавана 14 санаторыяў (на 10 тыс. месцаў), у тым ліку 8 прафсаюзных (5000 месцаў). На пачатак ХХІ стагоддзя функцыянуюць 20 санаторыяў, 21 пансіянат і шматлікія гатэлі (усяго на больш за 14 тысяч месцаў). Арганізавана амбулаторна-курсовачнае лячэнне турыстаў; якія размяшчаюцца ў пансіянатах, гатэлях і ў мясцовых жыхароў; для іх абслугоўвання маецца таксама платная паліклініка. Акрамя таго, функцыянуе аддзяленне (філіял клінікі) Адэскага НДІ курорталогіі.
З 1 студзеня 2000 года функцыянуе Спецыяльная эканамічная зона (СЭЗ) турысцка-рэкрэацыйнага тыпу «Курортаполіс Трускавец», якая створана на перыяд 20 гадоў у адміністрацыйна-тэрытарыяльных межах горада Трускавец. СЭЗ можна лічыць вузкаспецыялізаванай свабоднай эканамічнай зонай, прыярытэтнай мэтай якой з’яўляюцца садзейнічанне развіццю санаторна-курортнай гаспадаркі, медыцыны і аховы здароўя.
Дэмаграфія
Колькасць пастаяннага насельніцтва горада, станам на 1 студзеня 2020 года, складала 28 647 чалавек.

Галерэя
Гістарычныя вілы і пансіянаты
Віла «Ягуся»
Віла «Сірыус»
Віла «Гапляна»
Віла «Пагонь»
Віла «Алімпія»Пансіянат «Верха»
Віла «Постій»
Віла «Клюбэрг»
Віла «Мірка»
Віла «Анастасія»
Віла «Зося»Віла «Сафія»
Пансіянат «Гражына»
Віла «Пад Божай Маці»
Пансіянат «Вавель»
Сучасная архітэктура горада
Гатэль «Рыксас-Прыкарпацця»
Гатэль «Карпацкая сталіца»
Санаторый «Пэрлына Прыкарпацця»
Гатэль «Міратэль»
Санаторый «Карпаты»
Бювет №2
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.