Турнэ
Турнэ́ (фр.: Tournai), Дорнік (нідэрл.: Doornik, пікард.: Tornai) — горад на захадзе Бельгіі, у правінцыі Эно. Насельніцтва каля 70,0 тыс. чал. (2015). Размешчаны на р. Шэльда, каля граніцы з Францыяй. Транспартны вузел. Рачны порт. Франкамоўны Турнэ ўваходзіць у склад франка-бельгійскай агламерацыі Вялікі Ліль.
Гісторыя
Вядомы з рымскіх часоў як Турыс-Нервіёрум (лац.: Turris Nerviorum), ці Тарнак (лац.: Tornacum). У першай палове V ст. заваяваны салічнымі франкамі, адна з рэзідэнцый Меравінгаў[2]. Каля 466 г. тут нарадзіўся Хлодвіг I. Грабніца яго бацькі Хільдэрыка была выпадкова адкрыта ў адной з цэркваў у 1653 г.
З пачатку VI ст. цэнтр біскупства. У сярэдзіне IX—XII стст. пад уладай графаў Фландрыі, затым у складзе французскага каралеўскага дамена. Атрымаў гарадскую хартыю ад Філіпа II Аўгуста. У 1513—1518 гадах захоплены англійскім каралём Генрыхам VIII, у 1521 годзе — імператарам Карлам V і ўключаны ў склад Нідэрландаў.
З 1543 года ў Турнэ пачаў распаўсюджвацца кальвінізм, і у час Нідэрландскай рэвалюцыі гараджане цвёрда трымалі бок паўстанцаў. Калі княгіня Крысціна дэ Лялен зачынілася ў горадзе ад іспанцаў, ён быў абложаны і ўзяты сіламі Алесандра Фарнезэ. Французы не раз прадпрымалі спробы вярнуць сабе Турнэ. У 1667 г. Людовік XIV заняў горад і даручыў Вабану ўмацаваць яго на выпадак аблогі.
Паводле ўмоў Утрэхцкага міру 1713 года перайшоў да аўстрыйскіх Габсбургаў. Турнэ зноў быў заняты французамі з 1745 па 1748 і з 1794 па 1814 гг. Пазней у складзе Нідэрландскага каралеўства 1815—1830, затым у незалежным дзяржаве Бельгія[2].
Адукацыя
Акадэмія прыгожых мастацтваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва(фр.) бел. (1756). Вышэйшая школа мастацтваў (1878)[2].
Культура
Некалькі музеяў (у т.л. прыгожых мастацтваў(фр.) бел., археалагічны(фр.) бел., лялечнага мастацтва, габелена(фр.) бел.). Міжнародны фальклорны фестываль і інш[2].
Эканоміка
Важны цэнтр турызму. Лёгкая (у т.л. тэкстыльная), харчовая, паліграфічная прамысловасць, металаапрацоўка, выпуск будматэрыялаў[2].
Славутасці
Стары горад, акружаны рэшткамі сцен (13 ст., 1667, 1814; з 1860 заменены кольцам бульвараў), размешчаны на берагах Шэльды, злучаных мастамі, у т.л. Пон-дэ-Тру(фр.) бел. (1281—1329, адноўлены ў 1947—1948)[2].
Асноўныя помнікі захаваліся на левым беразе, у т.л. раманска-гатычны кафедральны сабор Нотр-Дам (1110—1223; гатычныя хоры, 1243—1255, і порцік канца XIII стагоддзя; сабор уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны) з пяццю вежамі трансепта, скульптурай парталаў, фрэскамі (усё XII—XIII стст.), вітражамі (кан. 15 ст., 19 ст.), рэнесансным амбонам (1568—1575, К. Флорыс) і рэлікварыямі[2].
На плошчы Гранд-плас(фр.) бел. — найстарэйшая ў Бельгіі гарадская вежа бефруа(фр.) бел. (1187—1188, перабудавана каля 1294, 1392—1394; разам з іншымі званіцамі Бельгіі і Францыі ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны), Суконныя рады(фр.) бел. (1610—1616, арх. К. Рат, адноўлены ў 1884), царква Сен-Кентэн(фр.) бел. (канец 12 — пачатак 13 стст., хоры — 13-15 стст.).
Таксама захаваліся: падмуркі і фрагменты сцен антычных пабудоў 1-4 стст., былое бенедыкцінскае абацтва Сен-Мартэн(фр.) бел. (11 ст., зачынена ў 1797; крыпта 12 ст.; будынак — 1763, цяпер Ратуша), цэрквы Сен-Брыс (12 ст.; хоры — 13-15 стст.; заходняя вежа — 1482), Сен-Пія(фр.) бел. (12 ст., хоры перабудаваныя каля 1370), Сен-Жак(фр.) бел. (12-13 стст.; хоры — 1368), Сен-Нікала (канец 12 — пачатак 13 стст.; вежа — каля 1366), Сент-Мары-Мадлен (13-14 стст.), званіца царквы Сент-Маргерыт(фр.) бел. (13 ст.), вежа англійскага караля Генрыха VIII (1515—1518), дамы з другой паловы 12 ст.
Сярод пабудоў 17-20 стст.: калегіум езуітаў(фр.) бел. (цяпер семінарыя; 17 ст.), шпіталь Нотр-Дам (1758), чыгуначны вакзал(фр.) бел. (1874—1879), Музей вытанчаных мастацтваў (1912—1928, арх. В. Орта)[2].
- Кафедральны сабор Нотр-Дам
- Царква Сен-Кентэн(фр.) бел.
- Званіца царквы Сент-Маргерыт(фр.) бел.
- Царква Сен-Жак(фр.) бел.
- Царква Сен-Пія(фр.) бел.
- Былое бенедыкцінскае абацтва Сен-Мартэн(фр.) бел. (цяпер Ратуша)
- Суконныя рады
Вядомыя асобы
- Хлодвіг I (466—511) — кароль франкаў.
- Рагір ван дэр Вэйдэн — фламандскі жывапісец (XV стагоддзе).
- Жуль Жазеф Лефеўр (1834—1912) — французскі салонны мастак.
Зноскі
- ↑ Wettelijke Bevolking per gemeente op 1 januari 2018 — Statbel. Праверана 9 сакавіка 2019.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Турне // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Турнэ
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.