Усходняя Фларыда
Усходняя Фларыда (англ.: East Florida, ісп.: Florida Oriental) — каланіяльнае ўладанне на тэрыторыі сучаснага амерыканскага штата Фларыда, якое існавала ў XVIII—XIX стст.
Першапачаткова гэтыя землі былі часткай большай іспанскай калоніі Фларыда. Пацярпеўшы паражэнне ў Сямігадовай вайне, Францыя ў 1762 годзе паводле сакрэтнага дагавора саступіла Луізіяну Іспаніі. У 1763 годзе паводле афіцыйнага мірнага дагавора Францыя саступіла тэрыторыі Луізіяны на ўсход ад ракі Місісіпі Вялікабрытаніі, а Іспанія ў абмен на захопленую Вялікабрытаніяй падчас вайны Гавану аддала Вялікабрытаніі Фларыду, не стаўшы таксама прэтэндаваць на ўсходнюю Луізіяну. Брытанія палічыла, што нованабытая тэрыторыя з’яўляецца занадта вялікай для эфектыўнага кіравання, і падзяліла яе па рацэ Апалачыкола на дзве калоніі: Усходнюю Фларыду і Заходнюю Фларыду. Адміністрацыйным цэнтрам Усходняй Фларыды стаў Сент-Огасцін, які быў пры іспанцах адміністрацыйным цэнтрам усёй калоніі Фларыда.
У Вялікабрытаніі арганізацыяй асваення Усходняй Фларыды заняліся з большага тыя ж людзі, што займаліся асваеннем Новай Шатландыі; галоўную ролю сярод іх адыгрываў Рычард Освальд[en] (менавіта ён у 1783 годзе стаў прадстаўніком Вялікабрытаніі на мірных перамовах у Парыжы з паўсталымі калоніямі) і Джэймс Грант[en] (першы губернатар Усходняй Фларыды).
Падчас вайны за незалежнасць ЗША Усходняя Фларыда стала адной з апор брытанскіх лаялістаў. Аднак Іспанія падтрымала калоніі, якія паўсталі, і паводле мірнага дагавора, які завяршыў вайну, атрымала Фларыду назад. Іспанцы аддалі перавагу захаваць створаную брытанцамі структуру кіравання, і пакінулі Усходнюю Фларыду асобнай калоніяй. Выгодныя ўмовы, прапанаваныя іспанскімі ўладамі, прыцягнулі на гэтыя землі шмат перасяленцаў з маладых Злучаных Штатаў.
У 1810 годзе частка жыхароў калоніі Заходняя Фларыда паўстала, і абвясціла незалежную рэспубліку. Прэзідэнт ЗША Джэймс Мэдысан убачыў шанец на далучэнне ўсяго Паўднёвага Усходу да ЗША, пакуль Іспанія занята ў Еўропе і, анексаваўшы Заходнюю Фларыду (за выключэннем акругі Мабіл), накіраваў афіцэра Джорджа Мэцьюза[en] ва Усходнюю Фларыду, каб ён арганізаваў там аналагічнае паўстанне. Аднак жыхароў Усходняй Фларыды цалкам задавольвала іх становішча, і яны паўставаць не жадалі, таму Джордж Мэцьюз набраў добраахвотнікаў у Джорджыі і, высадзіўшыся пры падтрымцы флоту ЗША ў 1812 годзе на востраве Амелія, абвясціў яго незалежнасць. Аднак ва ўмовах нарастання напружанасці ў адносінах з Вялікабрытаніяй, Кангрэс асцерагаўся ўвязацца ў вайну яшчэ і з Іспаніяй, таму прэзідэнт стаў адмаўляць, што Мэцьюз дзейнічаў па яго даручэнні. Мэцьюзу прыйшлося вярнуцца ў ЗША, дзе ён неўзабаве памёр ад старасці, а востраў Амелія быў ізноў заняты іспанцамі.
У Фларыдзе практычна не было іспанскіх дзяржаўных ці ваенных структур, і семінолы свабодна перасякалі мяжу і рабавалі амерыканскія паселішчы. Падчас Першай семінольскай вайны атрад амерыканскіх войскаў пад камандаваннем Эндру Джэксана ў 1818 годзе ўварваўся ў іспанскія ўладанні, 7 красавіка захапіў Сент-Маркс, а 24 мая — Пенсаколу. Іспанцы апратэставалі дзеянні Джэксана, але дзяржсакратар ЗША Джон Адамс апраўдаў іх, і прапанаваў Іспаніі або лепш кантраляваць індзейскае насельніцтва Фларыды, або перадаць гэту тэрыторыю ЗША. Іспанская метраполія была знясілена Вайной на Паўвостраве, а ў амерыканскіх калоніях Іспаніі пачаліся рэвалюцыі. Іспанскі ўрад не жадаў рабіць далейшых інвестыцый у Фларыду, і хваляваўся за мяжу паміж Злучанымі Штатамі і іспанскай калоніяй Мексіка. Таму пачаліся перамовы, і ў 1819 годзе Іспанія пагадзілася на перадачу ўсёй Фларыды Злучаным Штатам. Дагавор набыў моц у 1821 годзе, а ў 1822 годзе Кангрэс ЗША пераўтварыў былую калонію Усходняя Фларыда ў Тэрыторыю Фларыда.
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Былыя калоніі Іспаніі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.