wd wp Пошук:

Хацін

Хаці́н[1][2], ці Хаты́н[3] (укр.: Хотин) — горад у Паўднёвай Бесарабіі, на правым беразе Днястра. Раённы цэнтр Чарнавіцкай вобласці Украіны. Насельніцтва — 11,2 тыс. чалавек (2001).

Гісторыя

Хацінская бітва, 1673

Вядомы з Х стагоддзя. У X—XI стагоддзях у складзе Старажытнарускай дзяржавы, у XII стагоддзі — Галіцкага, з 1199 — Галіцка-Валынскага княства. З XIV стагоддзя Хацін у розны час знаходзіўся пад уладай Малдаўскага княства, Генуі, Асманскай імперыі і Рэчы Паспалітай. Згадваецца ў летапісным «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV стагоддзя).

У маі 1600 года пасля таго, як войскі кіраўніка Валахіі і Трансільваніі Міхая Храбрага захапілі Сучава, малдаўскі гаспадар Ерамія Магіла з сям’ёй (дзядзька будучага кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы), з дваром і былым кіраўніком Трансільваніі Жыгімонтам Батары (пляменнікам польскага караля і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, якому Хацінскі замак быў падараваны ва ўласнасць), знайшоў сховішча ў Хацінскай крэпасці, якая ў той час была пад уладай Рэчы Паспалітай.

У 1621 пад Хацінам адбылася Хацінская бітва паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Асманскай імперыі. Туркі пацярпелі паражэнне і адмовіліся ад далейшага заваявання зямель Кароны Польскай.

У 1699 годзе паводле Карлавіцкага мірнага дагавора Рэч Паспалітая перадае Хацін Малдаўскаму княству.

У 1713 падчас Паўночнай Вайны Хацінам авалодалі войскі Асманскай імперыі, адабраўшы горад у Малдавіі. Хацін каля ста гадоў заставаўся турэцкім, у ім утрымліваўся магутны гарнізон. Аднак за час руска-турэцкіх войнаў рускія войскі авалодвалі Хацінам чатыры разы — у 1739, 1769, 1788 і 1807.

З 1812 г. адышоў да Расійскай імперыі ў складзе Бесарабскай вобласці (пасля Бесарабскай губерні).

Паводле даных перапісу 1897 года ў горадзе пражывала 18 398 чалавек, яўрэяў — 9 210, рускіх — 4 676, украінцаў — 3 974, палякаў — 427[4].

У 1918 годзе далучаны да Румыніі разам з усёй былой Бесарабскай губерняй (як павятовы цэнтр увайшоў у склад новаўтворанай правінцыі Бесарабія). У студзені 1919 года ўспыхнула антырумынскае Хацінскае паўстанне. 28 чэрвеня 1940 года пасля далучэння Бесарабіі і Паўночнай Букавіны да СССР стаў раённым цэнтрам Украінскай ССР.

Славутасці

Хацінская крэпасць

Хацінская крэпасць (XIII—XV стст.), княжацкі палац (XV ст.), капліца (XV ст.). З 2012 года на тэрыторыі крэпасці праходзіць міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі Сярэднявечча Сярэдневяковы Хацін.

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Энцыклапедыя ВКЛ. Т. 2. С. 715.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8. — карта Чарнавіцкай вобласці
  3. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
  4. Дэмаскоп Weekly — Дадатак. Даведнік статыстычных паказчыкаў

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Камянецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Любанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Сумскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Хатынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Сумскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be