Хельсінгбарг
Хе́льсінгбарг (шведск.: Helsingborg, [‘hɛlsiŋ’bɔrj]) — горад на поўдні Швецыі, у лене Сконэ, у аднайменнай правінцыі, цэнтр аднайменнай камуны. Порт у праліве Эрэсун. Чыгуначным і аўтамабільным паромам злучаны з г. Хельсінгёр у Даніі.
Назва
Назва горада паходзіць ад словаў «helsing» — частка шыі, а ў дадзеным выпадку — найвузейшае месца праліва Эрэсун, і «borg» — замак.
Гісторыя
Хельсінгбарг — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Скандынавіі, лічыцца што забудова ў форме невялікай крэпасці існавала тут ужо ў X стагоддзі.
Адам Брэменскі ўзгадвае горад у 1070-х гадах, а 21 мая 1085 года Хельсінгбарг згадваецца ў лісце дацкага караля Кнута Святога — гэтая дата і з’яўляецца афіцыйнай датай заснавання горада. У XII стагоддзі тут пабудавалі значна мацнейшы замак, горад пачаў расці і ў XIV стагоддзі Хельсінгбарг становіцца адным з найбуйнейшых гарадоў Даніі. У 1332 годзе горад разам з усім Сконэ і Блекінге набыў шведскі кароль Магнус Эрыксан, аднак ужо ў 1360 годзе дацкі кароль Вальдэмар Атэрдаг зноў адваяваў гэтыя землі. У XV—XVI стагоддзях значнасць Хельсінгбаргу паменшылася са з’яўленнем на супрацьлеглым беразе Эрэсуна замка Кронбарг у горадзе Хельсінгёр. У 1658 годзе Хельсінгбарг пераходзіць Швецыі і ў бліжэйшыя паўстагоддзі пабачыў шмат войнаў: у прыватнасці, у 1710 годзе, у часе Вялікай Паўночнай вайны тут шведская армія Магнуса Стэнбака перамагла датчанаў.
У XIX стагоддзі горад паступова пачынае расці. У 1892 годзе Хельсінгбарг і Хельсінгёр былі злучаныя паромам, прычым гэты транспарт злучае два гарады і дасёння. У 1921 годзе ў Хельсінгбаргу адчыніў свае дзверы першы ў Швецыі гарадскі тэатр, які, дарэчы, у 1944 годзе ўзначальваў Інгмар Бергман. 15 верасня 1973 годзе ў мясцовым шпіталі памёр кароль Густаў VI Адольф.
Эканоміка
Прамысловасць: суднабудаванне, электра-тэхнічная, гумава-тэхнічная, хімічная, керамічная, харчовая, каляровая металургія (выплаўка медзі).
Славутасці
- Вежа «Чэрнан» (літаральна «ядро») — пабудаваная ў 1310-х гадах.
- Царква Святой Марыі (XII ст.)
- Фахверкавы Дом Якаба Гансэна (1641).
- Ратуша (1887)
- Гарадскія ўмацаванні з Тэраснымі лесвіцамі
- Помнік Магнусу Стэнбаку
Вядомыя асобы
- Юдыт Хёрндаль (1883—1969) — шведская оперная спявачка.
Зноскі
Літаратура
- Хельсінгбарг. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хельсінгбарг
- Сайт горада (шведск.) (англ.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.