wd wp Пошук:

Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка

Запыт «ЦАР» перанакіроўваецца сюды; гл. таксама іншыя значэнні.

Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка[3], Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка[4], ЦАР (фр.: République Centrafricaine) — дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Мяжуе на захадзе і паўднёвым захадзе з Камерунам, на поўдні — з Рэспублікай Конга і ДРК, на паўночным захадзе — з Чадам, на паўночным усходзе — з Суданам. Не мае выхаду да мора. Плошча 623 тыс.км². Афіцыйная мова — французская, найбольш пашыраная — санго. Сталіца — горад Бангі. Нацыянальнае свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (1 снежня).У 2010-х для краіны характэрная палітычная нестабільнасць, для вырашэння ўнутраных канфліктаў прыцягваліся міратворчыя сілы ААН. Сваёй слабаразвітасцю вылучаецца нават сярод краін Цэнтральнай Афрыкі: у 2016 годзе ЦАР займала апошняе месца ў свеце па паказчыках ВУП на душу насельніцтва і ІЧР[5]. Зрэшты, няма благога без добрага: у 2008 годзе часопіс National Geografic прызнаў прыроду ЦАР найменш пацярпелай ад забруджання ў свеце.

Геаграфічнае становішча

ЦАР знаходзіцца ў Цэнтральнай Афрыцы. Мяжуе на захадзе і паўднёвым захадзе з Камерунам, на поўдні — з Рэспублікай Конга і ДРК (мяжа праходзіць па рэках Убангі і Уэле), на паўночным захадзе — з Чадам, на паўночным усходзе — з Суданам. Не мае выхаду да мора, што адбіваецца на эканоміцы самым негатыўным чынам. Адсутнасць выхаду да мора часткова кампенсуецца наяўнасцю буйных рачных сістэм.

Прырода

Вёска ў ЦАР

Паверхня ЦАР уяўляе сабой хвалістае пласкагор’е Азанжэ вышынёй ад 600 да 900 метраў, што раздзяляе басейны ракі Конга і возера Чад. У яго межах вылучаюць усходнюю і заходнюю часткі. Усходняя частка мае агульны ўхіл на поўдзень, да рэк Мбому (Бому) і Убангі. На пласкагор’і ўзвышаюцца астанцовыя гранітныя масівы Ядэ на захадзе і Фертыт на ўсходзе (вышыня да 1388 метраў, гара Нгаўі). На поўначы ўзвышша паступова пераходзіць у забалочаную раўніну паўднёвай ускраіны ўпадзіны Чад. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, медныя, жалезныя, нікелевыя і кобальтавыя руды, нафта.

Вадаспад Баалі на рацэ Мбалі

У межах краіны знаходзіцца цэнтр буйнейшай у свеце магнітнай анамаліі Бангуі, паходжанне якой застаецца невытлумачальным.

Клімат і расліннасць змяняюцца з поўначы на поўдзень. Сярэдняя гадавая тэмпература складае 27 ° С, на поўдні — 25 ° С. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў на поўдні перавышае 1900 мм, на поўначы яна складае 1250 мм у год; працягласць вільготнага сезона скарачаецца з поўдня (травень-кастрычнік) на поўнач (чэрвень-верасень), у сярэднім ён доўжыцца з ліпеня па кастрычнік; снежань і студзень — самыя сухія месяцы.

Буйнейшыя рэкі адносяцца да сістэмы Конга: гэта Убангі і яе прытокі Кота, Мпока, Куака. Галоўныя рэкі на ўсходзе краіны — Шынкі і Мбар — суднаходныя ў ніжнім цячэнні; вышэй праходжанню суднаў перашкаджаюць парогі. На поўначы бяруць пачатак рэкі сістэмы Шары басейна возера Чад.

Толькі на паўднёвым захадзе захаваліся густыя вільготныя трапічныя лясы, якія цяпер займаюць 8 % тэрыторыі; па кірунку на паўночны ўсход лясы па далінах рэк змяняюцца саваннымі рэдкалессямі і злакоўнікамі. Большая частка ЦАР адносіцца да экарэгіёна Усходніх Суданскіх саванаў — класічных саванаў з самым класічным афрыканскім жывёльным светам: ільвы, жырафы, леапарды, сланы. Крайняя поўнач трапляе ў зону паўпустыннага Сахеля. Нацыянальныя паркі: Андрэ-Фелікс, Бамінгі-Бангоран, Сен-Флорыс. Фауна нават у нацпарках моцна церпіць ад браканьераў, што пранікаюць з тэрыторыі Судана. Хуткасць звядзення трапічных лясоў не менш за 4 % штогод.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя ЦАР

Старажытнасць

Здаўна па тэрыторыі краіны праходзілі шляхі шматлікіх міграцый афрыканскіх народаў, і гэта ў значнай ступені паўплывала на яе засяленне. Першымі жыхарамі на гэтай тэрыторыі, відаць, былі пігмеі. Аб існаванні зямель да захаду ад вытокаў Ніла, населеных цёмнаскурымі народамі, было вядома старажытным егіпцянам. Жывёлаводы перасяліліся сюды з паўночных саванаў, якія былі закранутыя працэсамі апустыньвання. Знойдзеныя ў пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя антраполагам П’ерам Відалем на паўднёвым захадзе краіны мегаліты Буар вышынёй да 3 м адносяцца да эпохі неаліту.

Каланіяльны перыяд

У XVI - XVII стагоддзях на тэрыторыю міжрэчча Убангі - Шары з абязлюдзелых узбярэжжаў сталі прыходзіць паляўнічыя за жывым таварам. Аднак праз аддаленасць ад акіянаў і становішча ў сэрцы трапічнай Афрыкі краіна аж да XIX ст. заставалася невядомай еўрапейцам. Падчас падзелу Афрыкі тэрыторыя будучай ЦАР увайшла ў сферу інтарэсаў французаў. У 1895 годзе Францыя стварыла залежную тэрыторыю Убангі-Шары. Пасля Першай сусветнай вайны калонія была аддадзена ў арэнду буйным кампаніям, якія прымушалі мясцовае насельніцтва працаваць у нечалавечых умовах на плантацыях гевеі, кавы, не плацячы грошай і нават беручы ў заложнікі сем’і рабочых. Дзесяткі тысяч завербаваных у суседняе Конга абарыгенаў загінулі падчас прымусовых работ на будаўніцтве чыгункі Конга-Акіян. Усё гэта прывяло да моцнага антыкаланіяльнага “паўстання ручкі матыгі” (1928), жорстка задушанага каланіяльнымі ўладамі. У час Другой сусветнай вайны верх атрымалі антыфашысцкія галісцкія сілы.

Перыяд незалежнасці

Прэзідэнт Бакаса з румынскім дыктатарам Чаушэску, 1970

Першы абраны пасля атрымання незалежнасці прэзідэнт Давід Дако быў зрынуты ў 1966 годзе ў выніку ваеннага перавароту. Да ўлады прыйшоў Жан-Бэдэль Бакаса, які абвясціў ЦАР імперыяй, а сябе — імператарам. У 1979 годзе пры ваеннай падтрымцы Францыі да ўлады вярнуўся Дако, краіне была вернута ранейшая назва. У 1981 годзе ў выніку чарговага ваеннага перавароту прэзідэнтам стаў генерал Андрэ Калінгба.

У пачатку 1990-х гадоў ваенныя ўлады абвясцілі, што прыступаюць да стварэння ўмоў для вяртання краіны да грамадзянскага кіравання. Аднавілася дзейнасць палітычных партыяў, быў прыняты Закон аб выбарах. У 1993 годзе на прэзідэнцкіх выбарах, прызнаных міжнароднымі назіральнікамі вольнымі і дэмакратычнымі, перамог Анж-Фелікс Патасэ. У верасні 1999 года ён быў перавыбраны на новы шасцігадовы тэрмін. Рэжым Патасэ трымаўся ў асноўным за кошт прамой ваеннай падтрымкі Лівіі і фактычна кантраляваў толькі сталіцу ЦАР.

У 2012-2013 гг. на тэрыторыі краіны дзейнічала мяцежная кааліцыя «Селека». Групоўка праводзіла ваенныя дзеянні супраць афіцыйных уладаў і арміі ЦАР. 24 сакавіка 2013 г. паўстанцы ўвайшлі ў Бангі і іх лідар Мішэль Джатодзія абвясціў сябе прэзідэнтам краіны, зрэшты, праз 10 месяцаў ён склаў з сябе паўнамоцтвы.

Дзяржаўны лад

ЦАР — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя ад 2016 года. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем на 6 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць Нацыянальнаму сходу — парламенту (85 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і ўрад.

ЦАР дзеліцца на 16 прэфектур. Сталічны горад Бангі выдзелены ў асобную адміністрацыйную адзінку, прыраўнаваную да прэфектуры.

Насельніцтва

Дзеці пігмеяў ака

Колькасць насельніцтва ў сённяшніх умовах не паддаецца дакладнаму падліку, розныя крыніцы прыводзяць дадзеныя ад 4,6 да 5,7[6] млн чалавек (2017). Штогадовы прырост ацэньваецца ў 2 %, сумарны каэфіцыент нараджальнасці — 4,3. Праацягласць жыцця ў 2017 годзе складае 52,8 гадоў, гэта трэцяе месца з канца перад Анголай і С’ера-Леоне[7]. Па розных ацэнках, ад 4 да 11 % насельніцтва хворыя на СНІД, прычым толькі 3 % насельніцтва маюць доступ да высакаактыўнай антырэтравіруснай тэрапіі.

Большасць насельніцтва належыць да банту і адамаўа-усходніх падгруп. Паўсюдна жывуць гбая (33 %), банда (27 %), манджыа (13 %), на поўначы — сара (10 %), уздоўж ракі Убангі — бубангі, на захадзе — зандэ, у лясных раёнах пігмеі бінга і іншыя. Еўрапейцаў 6,5 тысяч, у тым ліку 3,5 тысяч французаў. Афіцыйная мова — французская; мовай міжнацыянальных зносін выступае крэольская мова санго. Сярод вернікаў прыхільнікаў мясцовых традыцыйных вераванняў 35 %, пратэстантаў і каталікоў па 25 %, мусульман 15 % (2002). Падчас рэлігійнага канфлікта 2013 многія мусульмане былі вымушаны эміграваць у суседнія Чад і Камерун. Пісьменнымі з’яўляюцца ледзьве больш за траціну дарослага насельніцтва (36 % у 2017)[8]

Сярэдняя шчыльнасць — 8 чал./км², што ў 7 разоў менш за сярэднеафрыканскі паказчык. Больш заселеныя паўднёвыя і паўднёва-заходнія раёны — каля 12 чал/км². У гарадах пражывае прыблізна трэцяя частка насельніцтва, адзін з самых нізкіх паказчыкаў у свеце. Аднак аўтарытэтная крыніцца cia.gov ацэньвае ўзровень урбанізацыі ў 2017 годзе ў 40 %[9]. Найбуйнейшыя гарады: Бангі (542 тысячы жыхароў у 2015[10], Бамбары, Бербераты, Буар, Басангоа.

Эканоміка

Раён шопінгу ў Бангі

Сваёй слабаразвітасцю вылучаецца нават сярод краін Цэнтральнай Афрыкі: у 2016 годзе ЦАР займала апошняе месца ў свеце па паказчыках ВУП на душу насельніцтва (каля 700 долараў) і ІЧР. Аднак трэба адзначыць, што прыведзеная статыстыка базуецца на дадзеных аб экспарце і многія віды дзейнасці (здабыча слановай косці и мяса дзікіх жывёл, народная медыцына, саматужная агранка алмазаў) не ўлічваюцца і фактычныя паказчыкі ВУПу і ўзроўню жыцця некалькі вышэй.

Радовішчы карысных выкапняў разведаны слаба і, акрамя алмазаў, практычна не распрацоўваюцца. Да 2014 алмазы складалі 30-55 % кошту экспарту краіны, яшчэ столькі ж алмазаў вывозілася падпольна. Другую пазіцыю ў экспарце краіны займала драўніна. У апошнія чатыры гады (2014-2017) доля алмазаў у экспарце скарацілася да 1-3 %, доля драўніны вырасла да 50 %.[11] На другім месцы ў экспарце цяпер сельскагаспадарчая прадукцыя. Апрацоўчая прамысловасць практычна не развітая.

У сельскай гаспадарцы трэба адзначыць яе натуральны характар з перавагай драбназямельнага ўкладу. Аб’ёмы вырошчвання харчовых культур — касавы (галоўнай харчовай культуры цэнтральнаафрыканцаў), маісу — на парадак большыя за экспартныя бавоўнік, каву і арахіс. І, як ні дзіўна, большая частка насельніцтва ЦАР забяспечвае сябе харчаваннем, і ўсё было б яшчэ лепей, каб не муха цэцэ, распаўсюджанне якой стрымлівае развіццё жывёлагадоўлі. Лішкі харчовых культур экспартуюцца і ў некаторыя гады гэта прыносіць прыбытак нават большы за экспарт бавоўны і кавы.

Некаторыя цікавінкі

  • Назвы пяці буйнейшых гарадоў ЦАР пачынаюцца з літары «Б»

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ct.html Архівавана 30 мая 2015.
  2. http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2016/02/weodata/weorept.aspx?pr.x=105&pr.y=1&sy=2014&ey=2021&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=626&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. Напісанне ў адпаведнасці з Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года
  4. Напісанне ў адпаведнасці з БелЭн, том 17
  5. http://hdr.undp.org/sites/default/files/2016_human_development_report.pdf
  6. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ct.html Архівавана 30 мая 2015.
  7. http://apps.who.int/gho/data/node.main.688?lang=en
  8. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ct.html Архівавана 30 мая 2015.
  9. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ct.html Архівавана 30 мая 2015.
  10. http://www.geonames.org/CF/largest-cities-in-central-african-republic.html
  11. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=38&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2014

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя калоніі Францыі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be