wd wp Пошук:

Эндэ (Інданезія)

Эндэ (індан.: Ende) — горад на поўдні вострава Флорэс у інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Насельніцтва (2021 г.) — 93 894 чал.

Геаграфія

Эндэ знаходзіцца за 1640 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. З’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам аднайменнага раёна правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Горад месціцца на пагорыстай раўніне паміж паміж горнымі камлюкамі. Клімат трапічны з выразнымі вільготным і сухім сезонамі. Сярэднегадавая тэмпература +26,1 °C.

Гісторыя

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Эндэ быў вядомы ўжо ў сярэдзіне XIV ст. у яванскай імперыі Маджапахіт. Карэнныя насельнікі мясцовасці — аўстранезійскае племя эндэ-ліё. Паводле іх міфалогіі, Эндэ сапраўды быў заснаваны выхадцамі з Маджапахіта і Кітая.

Землеўладальнік Амбу Нгобэ стаў пачаткоўцам дынастыі мясцовых раджаў, якія стварылі на поўдні вострава Флорэс дзяржаву з цэнтрам у Эндэ. У 1793 г. яны заключылі саюз з галандцамі. Важную ролю ў развіцці горада адыгралі топас або ларантукейрас, партугала-флорэскія крэолы з усходу вострава.

У 1854 г. дзяржава Эндэ трапіла ў залежнасць ад Галандскай Ост-Індскай кампаніі. З 1915 г. дзейнічала афіцыйнае каланіяльнае кіраванне Галандскай Ост-Індыі. У 1934—1938 гг. у Эндэ ў высылцы знаходзіўся Сукарна. У 1947 г. улады незалежнай Інданезіі канчаткова ліквідавалі манархію.

Эканоміка

Эндэ — цэнтр вытворчасці і перапрацоўкі кавы, важны транспартны цэнтр на поўдні Флорэса. Развіваецца турызм.

Спасылкі

Ende даведнік на сайце Wikivoyage

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be