Адэльск
Адэ́льск[1] (трансліт.: Adeĺsk, руск.: Одельск) — аграгарадок у Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Адэльскага сельсавета.
Назва паходзіць ад невялікай ракі Одлы[2], прытока Свіслачы. Вядомая з часоў вял.кн. Казіміра Ягелончыка (1440—1492) як мястэчка на старым гандлёвым шляху з Гродна праз Крынкі, Нараў, Орлю на Брэст.
Гісторыя
Першы касцёл пабудаваны ў 1490 г. У адпаведнасці з Статутам ВКЛ (1529) з мястэчка Адэльск збіралі 15 коп грошай (900 літоўскіх грошаў) на гіберну (вайсковыя патрэбы). У 1546 каралева Бона дала мястэчку прывілеі на кірмашы і частковае вызваленне ад падаткаў. Пашырылі гэтыя прывілеі вял.князі Стэфан Баторый, Уладзіслаў Ваза. У 1588 вял.кн. Жыгімонт Ваза далучыў Адэльск да каралеўскіх маёнткаў. Ён жа надаў прывілей, паводле якога ў 1660 быў пабудаваны касцёл Прачыстай Маткі Боскай. У ХVIII ст. у Адэльску была пабудавана драўляная сінагога, а ў XIX ст. драўляная малітоўная школа (не захаваліся). У 1690 Адэльск — мястэчка ў Троцкім ваяводстве, якое належала да Гродзенскай эканоміі і тым часам атрымала вельмі карысны прывілей ад караля Яна Сабескага. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай, з 1795 па 1807 год Адэльск належаў да Прусіі. З 1808 — заштатны горад Сакольскага павета Гродзенскай губерні.
У 1800 у Адэльску 172 дамы (усе драўляныя) і каля 500 жыхароў. У 1828 — 10 праваслаўных, 1578 каталікоў, 16 пратэстантаў, 212 яўрэяў. У першай палове XIX ст. у Адэльску праводзілася 6 кірмашоў на год. У 1878—1346 жыхароў (657 мужчын і 689 жанчын), з іх 1242 каталікі, 6 праваслаўных, 96 яўрэяў. У Адэльскім касцёле захоўваюцца цікавыя ўзоры рэзі па дрэве ХVII ст.
Помнікі
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Помнік Антонію Падуанскаму (2010)
- Помнік невядомаму салдату
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Помнік невядомаму салдату
Вядомыя асобы
- Аляксандр Катовіч (каля 1622—1686) — рэлігійны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
- Астафій Катовіч (1637—1704) — рэлігійны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
- Тадэвуш Кандрусевіч (нар. 1946) — каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
- Баляслаў Антонавіч Скрамблевіч (нар. 1945) — беларускі мастак.
- Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч (нар. 1939) — беларускі музыкант, музычны педагог, майстар народных музычных інструментаў.
- Уладзімір Іванавіч Коваль (нар. 1952) — беларускі мовазнавец, спецыяліст у галіне беларускага і рускага мовазнаўства. Доктар філалагічных навук, прафесар.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Адэ́льска, ж.
- ↑ Назва балцкага паходжання.
Літаратура
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна / Рэдкал. У. П. Верхась і інш. — Мн., 1993.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Адэльск
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гродзенскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Саколкаўскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1964 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1977 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Гродзенскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.