wd wp Пошук:

Аколіца (Бабруйскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Аколіца. Ако́ліца[1] (трансліт.: Akolica, руск.: Околица) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Гарбацэвіцкага сельсавета.

Геаграфія

Вёска знаходзіцца за 15 км на паўднёвы захад ад Бабруйска, 125 км на паўднёвы захад ад Магілёва, пры аўтамабільнай дарозе Н10087 ПятровічыЕмяльянаў Мост. На ўсход ад вёскі меліярацыйны канал (былая рэчка Круціцы), левы прыток ракі Брожка (басейн Бярэзіны). Ландшафт мясцовасці плоскі з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў складае каля 600 мм, у сярэднім выпадае 586 мм ападкаў у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 193 дні. Пераважаюць вятры заходніх і паўднёва-заходніх напрамкаў. Прыпяцкі артэзіянскі басейн.

Насельніцтва

  • 1897 год — 195 жыхароў
  • 1917 год — 242 жыхары
  • 1926 год — 182 жыхары
  • 1940 год — 111 жыхароў
  • 1959 год — 168 жыхароў
  • 1970 год — 95 жыхароў
  • 1986 год — 35 жыхароў
  • 1997 год — 9 жыхароў
  • 2007 год — 6 жыхароў
  • 2014 год — 11 жыхароў

Гісторыя

У сярэдзіне XIX ст. засценак Пятровічы, 39 жыхароў шляхецкага паходжання праваслаўнага веравызнання. Аднадворцы жылі пераважна ў засценках ці ваколіцах. Побыт, патрэбы, адукацыя і адзенне аднадворца амаль не адрозніваецца ад простага селяніна. Ваколіца звычайна складаецца з 20-30 дамоў, абнесена агароджай і знаходзіцца побач з больш буйной вёскай. 19 лютага 1868 года грамадзяне і аднадворцы заходніх губерняў Расійскай імперыі ўведзены ў агульны склад сельскіх ці гарадскіх абшчын. Усім аднадворцам было прапанавана на працягу года прыпісацца да мяшчан ці сялян.

Паводле перапісу 1897 года вёска Аколіцы Пятровічы Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, 24 двары. Побач з вёскай фальварак Пятровічы, 1 двор, 7 жыхароў, дзейнічае паравы млын. У 1931 годзе сяляне ўвайшлі ў калгас «імя Н. К. Крупскай». У 1940 годзе вёска Аколіца, 28 двароў, дзейнічае школа. У красавіку 1944 года вёска была разрабавана і спалена нямецкімі  карнікамі — загінулі 6 вяскоўцаў, спалена 23 хаты. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 3 землякі. У 1986 годзе 22 гаспадаркі, у складзе саўгаса «Пятровічы». Да 20 снежня 1982 года вёска ўваходзіла ў склад Гарбацэвіцкага сельсавета[2], да 20 лістапада 2013 года — у склад Гарохаўскага сельсавета[3].

Археалагічны помнік

За 1 км на поўнач ад вёскі (на месцы былога фальварку Пятровічы) захаваўся старажытны (IX—XIII ст.) курганны могільнік з 40 насыпаў. Курганы вышынёй 0,4-2 м, дыяметрам 6-15 м (большасць вышынёй 1,1-1,6 м). Адкрыў у 1964 годзе Л. Д. Побаль, абследаваў у 1978 годзе П. Ф. Лысенка.

Ахвяры палітычных рэпрэсій

  • Гурыновіч Іван Міхайлавіч, нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Аколіца, чырвонаармеец 36-га артдывізіёна. Рэпрэсіраваны 26.07.1935 года, асуджаны 31.08.1935 года на 5 гадоў. Рэабілітаваны 25.07.1977 года.
  • Гурыновіч Міхаіл Міхайлавіч, нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Аколіца, працаваў у калгасе «16 год Кастрычніка». Рэпрэсіраваны 18.06.1938 года, асуджаны 30.09.1938 года. Расстраляны ў 1938 годзе. Рэабілітаваны 24.12.1957 года.
  • Караткевіч Віктар Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Аколіца, працаваў у калгасе. Рэпрэсіраваны 02.07.1938 года. Расстраляны ў 1938 годзе. Рэабілітаваны 24.12.1957 года.
  • Караткевіч Франц Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Аколіца, працаваў у калгасе. Рэпрэсіраваны ў чэрвені 1938 года. Расстраляны ў 1938 годзе. Рэабілітаваны 24.12.1957 года.
  • Ліпінскі Віктар Фларыянавіч, нарадзіўся ў 1885 годзе ў вёсцы Аколіца, працаваў у калгасе. Рэпрэсіраваны 18.06.1938 года. Расстраляны ў 1938 годзе. Рэабілітаваны 24.12.1957 года.
  • Ліпінскі Віталь (Вітольд) Казіміравіч, нарадзіўся ў 1902 годзе, жыў у вёсцы Аколіца, працаваў рахункаводам у калгасе. Рэпрэсіраваны 16.11.1937 года. Расстраляны 28.02.1938 года. Рэабілітаваны 28.01.1958 года.
  • Раткевіч Людвіг Ігнатавіч, нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Аколіца, працаваў у калгасе. Рэпрэсіраваны 17.07.1938 года, асуджаны 30.09.1938 года на 10 гадоў. Памёр 15.11.1941 года. Рэабілітаваны 24.12.1957 года.
  • Салавей Сцяпан Паўлавіч, нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Аколіца. Рэпрэсіраваны ў 1938 годзе. Расстраляны ў 1938 годзе. Рэабілітаваны 24.12.1957 года.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 20 снежня 1982 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 3 (1737)
  3. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 ноября 2013 г. № 23-1 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области(недаступная спасылка)

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2), ISBN 985-11-0310-1.
  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
  • Списки населенных мест Минской губернии. 1857.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Бабруйскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be