wd wp Пошук:

Алітус

Алі́тус (літ.: Alytus, традыцыйная беларуская назва — Алі́та) — горад у Літве, цэнтр Алітускага павета і этнакультурнага рэгіёна Дзукія. Горад знаходзіцца на рацэ Нёман, недалёка ад мяжы з Польшчай і Беларуссю. Насельніцтва налічвае каля 70 тыс. чалавек, з якіх 94,7 % — літоўцы.

Гісторыя

Упершыню згадваецца ў хроніцы Віганда Марбургскага пад 1377 годам як драўляны замак Oliten у Вялікім Княстве Літоўскім, які бараніў дарогу на Вільню і Трокі, крыжакі захапілі і разарылі яе разам з Мераччу.

Наступным разам згадваецца каралём Ягайлам у грамаце ад 28 красавіка 1387 года, калі разам з усім Троцкім княствам Аліцкі замак з воласцю перададзены князю Скіргайлу[2].

Таксама замак згадваецца падчас паходаў крыжакоў і Вітаўта на Літву падчас міжусобіцы з Ягайлам (1389—1392), У хроніцы Віганда распавядаецца, што падчас паходу на Аліту сярод нямецкіх і англійскіх крыжакоў узнялася спрэчка, хто будзе несці харугву святога Георгія, спрэчка вырашылася толькі ўмяшаннем Вітаўта. Пасля гэтага саюзныя войскі «рушылі наперад, прышлі з харугвамі да Аліты, дзе забілі і ўзялі ў палон 2000 чалавек. Быў там і Вітаўт»[3]. Напэўна, колькасць загінулых і палонных перабольшана, у экспазіцыі Аліцкага краязнаўчага музея яна даецца як 200, але частыя выпадкі, калі лічба даецца без сумневаў, напрыклад, у Ёнаса Басанавічуса.

Пасля Грунвальдскай бітвы (1410) замак страціў стратэгічнае значэнне, і да пачатку XVI стагоддзя Аліта знікае з пісьмовых крыніц. У 1504 Аліта была перададзеная вялікім князем Аляксандрам ў карыстанне Яну Юр’евічу Забярэзінскаму ў кошт выплаты пазык. Яго сын, вялікі літоўскі маршалак Ян Забярэзінскі фундаваў у Аліце касцёл св. Яна Хрысціцеля, св. Панны Марыі і Св. Мікалая актам ад 23 красавіка 1524 года, касцёлу была запісаная маёмасць на ўтрыманне. У 1536 годзе Жыгімонт Аўгуст пацвердзіў перадачу Аліты Яну Забярэзінскаму ў пажыццёвае карыстанне, а пасля перадаў мястэчка сваёй жонцы Барбары Радзівіл.

15 чэрвеня 1581 года кароль Стэфан Баторы надаў Аліце магдэбургскае права, гараджанам дазвалялася самастойна вырашаць усе спрэчкі і судовыя справы. Таксама Баторы надаў наступныя важныя прывілеі: 1) вызваліў гараджан ад працоўнай павіннасці за валокі прынятай гарадской зямлі і пакінуў толькі чынш; 2) абмяняў гарадскі лес у Даўгайскай пушчы; 3) накіраваў дарогу Мерач-Коўна праз Аліту. Гэтыя прывілеі ў нязменным выглядзе пацвярджалі і наступныя каралі. Гербам нададзена белая ружа ў чырвоным полі (герб «Порай»).

З 1588 года — цэнтр Аліцкай эканоміі.

Неаднаразова разбуралася ў войнах XVII стагоддзя.

У 1670 годзе ў левабярэжнай Аліце пабудаваны касцёл святога Анёла-ахоўніка, заснавана парафія. Горад моцна пацярпеў у Паўночную вайну і ад пажараў 1733 і 1736 гадоў[4]. У 1755 годзе з Трокаў і Мерачы ў Аліту пераведзены павятовыя суды, з-за больш выгоднага геаграфічнага становішча ў цэнтры Троцкага павета.

Гарадское самакіраванне захоўвалася да Сойма 1776 г.

Пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай у 1795 годзе горад Аліта быў падзелены па Нёману: частка горада на яго правым беразе адышла да Расійскай імперыі, частка горада на левым беразе — Прусіі.

У 1807—1815 гадах левабярэжная частка Аліты ўваходзіла ў склад Варшаўскага герцагства, з 1815 года — у склад Царства (Каралеўства) Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Правабярэжная частка горада мела статус мястэчка Троцкага павета Віленскай губерні.

У 1818 годзе быў узведзены мураваны касцёл святога Людовіка (на месцы былога касцёла, які фундаваў Ян Забярэзінскі).

Адміністрацыйны падзел горада быў скасаваны толькі пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе.

У канцы ХІХ стагоддзя Аліта атрымала статус абарончага горада (крэпасць 3-га ранга), тут прайшла чыгунка, былі пабудаваны абарончыя фартыфікацыі (чатыры фарты і артылерыйская батарэя).

Падчас Першай Сусветнай вайны Аліта была занята нямецкімі войскамі. 12 лютага 1919 года ў Аліце адбыліся баі паміж літоўскім войскам і Чырвонай Арміяй.

Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж Польшчай і Літвой у 1919 годзе Аліта трапіла ў склад Літвы. У 1940 годзе Алітус апынуўся ў складзе СССР. З 1941 да 1944 года горад знаходзіўся ў нямецкай акупацыі, а потым зноў трапіў у склад СССР да 1991 года.

Эканоміка

Прадпрыемствы машынабудавання, тэкстыльнай, камбікормавай і харчовай прамысловасці; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў[5].

Культура

Краязнаўчы музей.

Зноскі

  1. Resident population by city / town at the beginning of the yearStatistics Lithuania, 2019. Праверана 19 чэрвеня 2022.
  2. «А отъ Троковъ за Немонъ рубежъ отъ Мерецкаго города поколя Мерецкая волость, оттуля внизъ по Немну алижъ и до Немецъ оба полъ Немна, и пуща по старому и городки: первый Немунекъ и волостка, второй — Олита и волостка, третій Пуня и волос(т)ка, четвертый Бирштанъ и волостка». Jakubowski, Jan. Opis Księstwa Trockiego z r. 1387: przyczynek do badań nad ustrojem Litwy przedchrześcijańskiej // Przegląd historyczny t. 5 (1907), s. 45.
  3. Гагуа Р. Б. Междоусобная война Витовта против Скиргайло (1390—1392) в описании в «Новой хронике Пруссии» Виганда фон Марбурга // Вестник Полесского государственного университета. Серия общественных и гуманитарных наук. 2015.
  4. Аліта // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 220. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  5. Алітус // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Алітускага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Літвы Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Літвы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be