Анкара
Анкара́ (турэцк.: Ankara) — сталіца Турэцкай Рэспублікі, другі па велічыні горад краіны пасля Стамбула. Размешчана ў Цэнтральна-Анаталійскім рэгіёне, у правінцыі (іле) Анкара.
Заснавана верагодна хетамі (альбо папярэднімі хетам хатамі), першае ўпамінанне каля 1200 да н.э. пад хецкай назвай Анкуваш (Ankuwash). Галаты і старажытныя рымляне выкарыстоўвалі назву Анкіра (Ancyra), у класічны, эліністычны і візантыйскі перыяд горад вядомы як Ἄγκυρα / Ánkyra. З адыходам да сельджукаў у 1073 і да 1930 горад насіў імя Ангора (Angora).
Узвышэнне горада пачалося ў 7 стагоддзі да н.э. пры фрыгійскім цары Мідасе. У старажытнасці і сярэднявеччы — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. У 14 стагоддзі заваявана туркамі-асманамі. У ліпені 1402 года каля Анкары адбылася бітва паміж Тымурам і Баязідам (Анкарская бітва 1402). З 1864 года — цэнтр вілаета Анадалу. З канца 1919 года — цэнтр нацыянальна-вызваленчага руху Турцыі (Кемалісцкая рэвалюцыя), рэзідэнцыя Прадстаўнічага камітэта, а з 23 красавіка 1920 — Вялікага нацыянальнага схода Турцыі і створанага ім урада (у супрацьстаянні султанска-халіфскаму Стамбулу). З 13 кастрычніка 1923 — сталіца Турцыі, з 29 кастрычніка 1923 года — Турэцкай Рэспублікі.
Сучасная Анкара — палітычны, культурны, эканамічны і прамысловы цэнтр краіны, месца знаходжання турэцкага прэзідэнта, парламента, урада, вышэйшых судовых устаноў, усіх замежных пасольстваў. Анкара — істотны транспартны вузел у цэнтры Турцыі, на скрыжаванні чыгуначных і аўтамабільных шляхоў. Міжнародны аэрапорт. У якасці гандлёвага і маркетынгавага цэнтра для сельскай гаспадаркі рэгіёна Анкара праславілася ангорскімі козамі з доўгай поўсцю (махер, турэцк.: mohair), унікальнай пародай кошак (ангорскія кошкі), белымі трусамі з выдатнай поўсцю (ангорскай), грушамі, мёдам, мускатным вінаградам.
Горад размешчаны на Анаталійскім пласкагор’і, каля сутоку рэк Чубук і Анкара (басейн ракі Сакар’я). Клімат кантынентальны, адно з самых сухіх месцаў Турцыі.
У старой частцы горада і наваколлі знаходзяцца шматлікія помнікі архітэктуры: храм Аўгуста (лац.: Monumentum Ancyranum, 1 стагоддзе да н.э.), руіны тэрмаў (пачатак 3 стагоддзя), калона Юліяна (4 стагоддзе), скляпенні з фрэскамі (4 стагоддзе), цытадэль, мячэці (12-15 стагоддзяў): Аладына, Арслан-хана, Ахі Элван і іншыя, Вялікі крыты рынак (паміж 1464 і 1471, цяпер — Археалагічны музей), Новая (Ені, Джэнаб Ахмет) мячэць (16 стагоддзе).
З 1920 года, галоўным чынам у 1950-60-я на поўдзень ад старога горада (вядомага як Улус, турэцк.: Ulus) развіваецца новы добра азяленены горад з правільнай планіроўкай, шматпавярховымі будынкамі і катэджамі (вядомы як Енішэхір, турэцк.: Yenişehir), цэнтрам якога стала плошча Кызылай (турэцк.: Kızılay) з прылеглымі праспектамі і вуліцамі. Пабудаваны будынак парламента (1938, арх. К.Хольцмайстэр), оперны тэатр (1948), маўзалей Атацюрка (1953), самая вялікая мячэць горада — Каджатэпе (паміж 1967 і 1987), шэраг помнікаў, у тым ліку — ва ўшанаванне памяці хатаў — першай вядомай цывілізацыі Анатоліі (плошча Сыхійе, 1970-я). З 1996 працуе метрапалітэн.
У горадзе 13 вышэйшых навучальных устаноў: 8 універсітэтаў, тэхнічны універсітэт, эканоміка-тэхналагічны універсітэт, ваенная, ваенна-медыцынская і паліцэйская акадэміі. 22 тэатры і канцэртныя пляцоўкі. Праводзяцца рэгулярныя тэатральныя, музычныя і кінафестывалі. Музеі: Атацюрка (Аныткабір) этнаграфічны, Анаталійскай цывілізацыі, мастацкі, вайны за незалежнасць, авіяцыйны Узброеных сіл Турцыі.
З 2007 года Анкара — горад-пабрацім Мінска.
- Плошча Кызылай
- Выгляд сучасных раёнаў Анкары з цытадэлі
- Від на цэнтральную частку горада з Батанічнага парка
- Новы раён масавай забудовы
- Заселеныя старажытныя фартыфікацыі
- Дзяржаўны музей выяўленчага мастацтва і скульптуры
- Вежа «Атакуле»
- Помнік старажытным цывілізацыям Анатоліі
Гл. таксама
Зноскі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.