wd wp Пошук:

Асташын

Аста́шын[1] (трансліт.: Astašyn, руск.: Осташин) — вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Лукскага сельсавета.

Асташын з’яўляецца адной са старэйшых вёсак Карэліцкага раёна.

Гісторыя

Упершыню ў дакументах згадваецца ў 1428 г. як уладанне вялікага князя літоўскага Вітаўта, якое ён перадаў сваёй жонцы Ульяне. У далейшым маёнтак належаў Астрожскім (пачынаючы ад Васіля Фёдаравіча Астрожскага[2]), Чартарыйскім, а у XVI—XVII ст. Бакам, Саламярэцкім, Швыкоўскім.

У 1507 г. Асташын упамінаецца ў «Хроніцы Быхаўца» ў сувязі з татарскім нападам. У 17 ст. Швыкоўскімі пабудаваны мураваны кальвінскі збор. У 1777 г. у т. зв. Асташыне «мураваным» 32 дымы. У Асташыне «драўляным» 34 дымы. Асташын (Асташын Далматаўскі) — маёнтак 1-ы ў 1777 і 1799 гг. складалі панскі двор і частка сяла Асташын, 32 двары. Асташын — маёнтак 2-гі, у 1777 і 1799 гг. складалі двор і другая частка сяла Асташын, сяла Вышкава, аколіца Рукаўчыцы, усяго 431 двор.

У XIX — пачатку XX ст. Асташын — вёска і два маёнткі ў Цырынскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. У 1858 г. 37 двароў, 283 жыхары. 35 двароў з 269 жыхарамі належалі графу В. Грабоўскаму, 2 двары з 14 жыхарамі К. Галубіцкаму. У 1897 г. Асташын — вёска, 111 двароў, 665 жыхароў, два хлебазапасныя магазіны, карчма, маёнтак Булгакаў і маёнак Грабоўскіх (Асташын «мураваны»). У 1800 г. ў вёсцы адкрыта школа пісьменнасці, рухомая. У 90-я гады школа стала царкоўна-прыходскай. У 1902 г. ў ей на вучаліся 86 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. У 1907 г. адкрыта народнае вучылішча, у якім займаўся 61 вучань. У час першай сусветнай вайны вёска і панскія двары амаль поўнасцю знішчаны.

З сакавіка 1918 г. уваходзіць у склад абвешчанай БНР. У 1921—1939 гг. Асташын у Цырынскай гміне Навагрудскага павета і ваяводства Польшчы. У верасні 1921 г. 25 двароў, 222 жыхары. У 1927 г. у маёнтку працавала сыраварня. У канцы 20-х гадоў у асадніцкай калоніі, што была створана на частцы зямель маёнтка. З 12.10.1940 г. цэнтр Асташынскага сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 г. Карэліцкага раёна Баранавіцкай, з 8.1. 1954 г. — Гродзенскай вобласці. З 16.7.1954 г. у Кайшоўскім, з 3.9.1958 г. у Луцкім сельсавеце. У вёсцы мелася пачатковая школа. У 1940 г. створаны калгас «Бальшавік». У ім аб’ядналіся 126 гаспадарак. 14.8.1948 г. ён быў адноўлены. У наступныя гады ўваходзіла ў розныя гаспадаркі: калгасы імя Сталіна, затым «Сцяг Леніна», цяпер у калгасе «Лукі». Пачатковая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, ураджэнцам вёсак Асташын, Баяры і Любанічы, якія загінулі ў 2-ю сусветную вайну. На 1.1.2000 г. 101 двор, 197 жыхароў, веска ў сельсавеце і калгасе «Лукі».

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Асташын — радзіма Яна Булгака, майстра мастацкай фатаграфіі, этнографа, мемуарыста, генерал-палкоўніка М. Н. Нагорнага і былога міністра гандлю БССР У. П. Дзем’яновіча.

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Асташынскі кальвінскі збор — помнік мураванага дойлідства 17 ст., нязначна пашкоджаны ў 2-ю сусветную вайну, захоўваўся ў адносна добрым стане да 1950-х гадоў.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. LM. Kn. 3. P. 54

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Карэліцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Навагрудскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Любчанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Навагрудскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2017 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be