Аўгустаў
Аўгу́стаў, Аўгусто́ў (польск.: Augustów) — горад на паўночным усходзе Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Аўгустоўскага павета Падляскага ваяводства. Утварае гарадскую гміну, таксама з’яўляецца сядзібай вясковай гміны Аўгустаў.
Знаходзіцца на Аўгустоўскім канале, каля граніцы з Рэспублікай Беларусь. Колькасць насельніцтва — 30,4 тыс. чал. (2008).
Гісторыя
Паселішча ўзнікла на дзяржаўных землях, што знаходзіліся ў трыманні Радзівілаў (Гарадзенскае і Кнышынскае староствы). У 1526 або 1527 годзе Я. М. Радзівіл заклаў карчму на рацэ Мета (Нета), на вялікім шляху з Гродна да Праўдзішак. У 1540 годзе каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца заснавала фальварак, названы Зігмунтова ў гонар мужа (Жыгімонта I) і сына (Жыгімонта II Аўгуста).[1]
Першы ўспамін пра Аўгустоў, мястэчка ў Падляскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, датуецца 1555 годам. 17 мая 1557 года Жыгімонт II Аўгуст надаў Аўгустову Магдэбургскае права і дазволіў праводзіць 2 кірмашы штогод; пазней вялікі князь заснаваў у мястэчку праваслаўную царкву.[1] У 1561 годзе горад атрымаў герб «у блакітным полі пад мітрай залатая манаграма S[igismundus] A[ugustus] і літары R[ex] P[oloniae]».[2] У 1569 годзе паводле ўмоў Люблінскай уніі перайшоў да Каралеўства Польскага. З 1570 года цэнтр Аўгустоўскага староства.
У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1815 года — у Расійскай імперыі. З 1837 года цэнтр Аўгустоўскай губерні.
У 1915—1918 гг. падчас І сусветнай вайны Аўгустаў акупіраваны германскімі войскамі. 1 студзеня 1919 года паводле пастановы I з’езду КП(б) Беларусі горад увайшоў у склад БССР, дзе меў стаць цэнтрам павета («падраёна»)[3]. Але немцы не пакінулі Аўгустаў пасля паражэння Германіі ў вайне, у той жа час ствараліся літоўскія і польскія ўзброеныя фарміраванні, у наваколлях адбываліся ваенныя сутычкі. Пасля адыходу немцаў у ліпені 1919 года ў горад увайшлі польскія войскі. У 1919 i 1920 гадах адбываліся польска-літоўскія сутыкненні за кантроль над гэтай мясцовасцю. Пасля Польска-савецкай вайны (1919—1921) паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора горад увайшоў у склад Польшчы.
Цэнтр Аўгустоўскага павета Беластоцкага ваяводства міжваеннай Польскай Рэспублікі.
З 1939 года ў Беларускай ССР. З 1940 года цэнтр Аўгустоўскага раёна Беластоцкай вобласці. У 1941—1944 гадах знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Аўгустоў Польшчы.
Насельніцтва
Славутасці
- Аўгустоўскі канал (1825—1839)
- Былая праваслаўная царква, цяпер касцёл Маці Божай Чанстахоўскай
- Забудова XIX — пач. ХХ ст.
- Капліца-пахавальня Трушкоўскіх
- Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Св. Барталамея (1906—1911)
- Комплекс Яхт-клуба
- Могілкі каталіцкія
- Парк
- Рынак
- Сядзіба ген. Ігната Прандзінскага
Галерэя
- Аўгустоўскі канал
- Касцёл Найсв. Сэрца Ісуса і Св. Барталамея
- Касцёл Маці Божай Чэнстахоўскай
- Помнік Жыгімонту I на Рынку
Ураджэнцы
- Ганна Новік — беларуская паэтэса, удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі на Вілейшчыне (1914—1997).[5]
Зноскі
- 1 2 ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Аўгустаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ У якіх межах былі абвешчаны Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? Архівавана 12 снежня 2007. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Августов // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ «Рэгіянальная газета, № 12 (465), 12 сакавіка 2004»
Літаратура
- Пазднякоў В. Аўгустаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 265. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Аўгустаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Augustów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 53—54
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аўгустаў
- Афіцыйная старонка
- Аўгустоў на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Аўгустоўскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.