Вілейскі раён
Вілейскі раён — адзін з 22 раёнаў Мінскай вобласці. Быў утвораны 5 ліпеня 1946 года. Адміністрацыйны цэнтр — горад Вілейка. Падзелены на 11 сельсаветаў. Станам на 2012 год[3], на тэрыторыі раёна налічвалася 49 700 чалавек (сярэдняя шчыльнасць — 20,25 чал.), на 1 студзеня 2018 года — 47349 чалавек (у горадзе — 26760, у вёсцы — 20589)[2]. Плошча раёна — 2 453,81 км² (8 месца ў вобласці).
Геаграфія
Вілейскі раён знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Мінскай вобласці. Землі раёна мяжуюць з Мядзельскім, Маладзечанскім, Мінскім і Лагойскім раёнамі Мінскай, Докшыцкім — Віцебскай, Смаргонскім — Гродзенскай вобласці. Працягласць тэрыторыі раёна з поўначы на поўдзень складае 58 км, з захаду на ўсход — 73 км. Асноўная частка Вілейскага раёна размешчана ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня пераважна плоская, на крайнім паўднёвым усходзе — Мінскае ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—180 м, максімальная — 257,4 м (на поўдзень ад вёскі Хаценчыцы). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня 17,8 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў складае 611 мм. Лясы (41 % тэрыторыі раёна) распаўсюджаныя паўсюдна, пераважаюць хваёвыя і яловыя. У межах раёна размяшчаецца частка нацыянальнага парку Нарачанскі. Найбуйнейшая рака — Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія, Белавароціца, Смердзія. У 1974 годзе побач з горадам пабудаванае самае вялікае вадасховішча ў краіне — Вілейскае, плошчай 63,3 км² і аб’ёмам 238 млн м³, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма.
Гісторыя
Першы чалавек на тэрыторыі Вілейскага раёна з’явіўся ў 9 тысячагоддзі да н.э. Археалагічныя помнікі эпохі мезаліту — стаянкі, дзе знойдзены крэмневыя прылады працы, знаходзяцца каля вёсак Асташкава і Сосенка. Каля вёсак Камена, Кастыкі, Куранец, Нарач, Рабунь і інш, выяўлены помнікі 4-га — 2-га тыс. да н.э. У паўночнай частцы сучаснага раёна жылі плямёны кундскай культуры, якіх у пачатку 4-га тыс. да н.э. змянілі плямёны нарвскай культуры, а ў 3-м тыс. да н.э. — культуры баявых сякер. Каля вёсак Ваўкалатка, Вязынь, Кастыкі, Куранец, Літвінкі, Асташкава, Рабунь і інш. знойдзены паліраваныя сякеры і іншыя прылады працы, якія адносяцца да эпохі бронзы (3—2-е тыс. да н.э. — 7 ст. да н.э.) і якія належаць прадстаўнікам культуры шнуравай керамікі.
Помнікі ранняга жалезнага веку сведчаць аб засяленні раёна балцкімі плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі. На гарадзішчы і паселішчы каля вёсак Арпа, Бязводнае, Баравыя, Галінова, Даўгінава, Малышкі, а таксама каля Вілейкі выяўлены рэшткі наземнага жылля слупавой канструкцыі, сляды вытворчасці жалеза. Тут знойдзены жалезныя сярпы, шылы, нажы, дзіды, пярсцёнкі, фібулы, бранзалеты і ляпны посуд.
Даследаванні паселішчаў Даўгінава, Сосенка, Гуркі сведчаць, што ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. на змену культуры штрыхаванай керамікі прыйшла банцараўская культура.
Пахавальнымі помнікамі славянскага крывіцка-дрыгавіцкага насельніцтва з’яўляюцца курганныя магільнікі 8 — 11 стагоддзяў каля вёсак Галінова, Журыхі, Камена, Забор’е і інш. У раёне налічваецца больш за 20 курганных магільнікаў 9 — 12 стагоддзяў.
У 10—13 стагоддзях тэрыторыя раёна ўваходзіла ў Полацкае княства; з 14 ст. — У Вялікае Княства Літоўскае. Самае ранняе з выяўленых у пісьмовых крыніцах згадванняў Вілейкі датуецца 1460 годам.
У 1793 г. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя раёна — у складзе Расійскай імперыі. 14 мая 1795 Вілейка атрымала статус горада — цэнтра Вілейскага павета Мінскай губерні. 2 лютага 1796 г. зацверджаны герб павятовага горада. З 1842 па 1917 Вілейскі павет — у складзе Віленскай губерні. З 18 стагоддзя ў Іллі дзейнічала шкляная мануфактура — адна з найбуйнейшых на Беларусі. Каля Даўгінава ў 1823—1867 працавала суконная фабрыка.
У 1-ю сусветную вайну ў час ліквідацыі Свянцянскага прарыву 22—23 верасня 1915 праведзена Вілейская наступальная аперацыя расійскіх войскаў.
У снежні 1917 г. на тэрыторыі раёна ўстаноўлена Савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 года раён захоплены германскімі войскамі, у ліпені 1919 — ліпені 1920, а таксама з верасня 1920 — польскімі войскамі.
У 1921—1939 гг. — У складзе Польскай дзяржавы. У 1939 г. Вілейскі раён увайшоў у склад БССР.
З 4 снежня 1939 г. Вілейка — цэнтр вобласці да верасня 1944, затым у складзе Маладзечанскай, са студзеня 1960 — Мінскай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з 25 чэрвеня 1941 па 2 ліпеня 1944 гг. раён захоплены фашыстамі, якія знішчылі больш за 15 тысяч мірных жыхароў, спалілі разам з насельніцтвам 5 вёсак; некаторыя з вёсак Хаценчыцкага с/с (Любча і Боркі) не адноўлены пасля вайны. Супраціўленне акупантам з ліпеня 1941 г. аказвала Вілейскае антыфашысцкае падполле. Дзейнічалі Вілейскі падпольны абкам партыі і камсамола, Іллянскі і Куранецкі падпольныя райкамы партыі і камсамола, Вілейскае партызанскае злучэнне, асобныя партызанскія атрады і брыгады. Становішча на франтах і ў тыле ворага асвятлялі падпольныя газеты «Партизанская правда», «Сялянская газета», «Народный мститель», «Молодёжная газета» і інш.
5 ліпеня 1946 года Куранецкі раён (13 сельсаветаў: Асіпавіцкі, Бараўцаўскі, Іжскі, Каловіцкі, Касцяневіцкі, Кузьміцкі, Куранецкі, Рабунскі, Рускасельскі, Рэчкаўскі, Талуцкі, Халапкоўскі, Чурлонскі) перайменаваны ў Вілейскі, цэнтр раёна перанесены ў горад Вілейка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны гарадскі пасёлак Куранец, Талуцкі і Халопкаўскі сельсавет. 20 ліпеня 1957 года да раёна далучаны Альковіцкі, Вязынскі, Ільянскі, Карпавіцкі, Латыгальскі, Навагуцкі, Рэдзькавіцкі, Суднікоўскі, Хаценчыцкі сельсаветы скасаванага Ільянскага раёна. 6 верасня 1957 года скасаваны Карпавіцкі, Латыгальскі, Навагуцкі, Рэдзькавіцкі, Суднікоўскі, 18 мая 1959 года — Чурлонскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Мінскай вобласці. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Ваўкалацкі, Даўгінаўскі, Жарскі, Мільчанскі сельсаветы скасаванага Крывіцкага раёна. 4 красавіка 1973 года скасаваны Ваўкалацкі сельсавет. 16 жніўня 1973 года Кузьміцкі сельсавет перайменаваны ў Журыхскі. 11 верасня 1975 года Бараўцаўскі сельсавет перайменаваны ў Нарачанскі. 31 сакавіка 1977 года Мільчанскі сельсавет скасаваны. 28 ліпеня 1980 года Каловіцкі сельсавет перайменаваны ў Любанскі. 13 красавіка 1981 года скасаваны Журыхскі сельсавет, 16 снежня 1982 года — Рускасельскі сельсавет, 24 ліпеня 1995 года — Рэчкаўскі сельсавет. 1 снежня 1998 года горад Вілейка і Вілейскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 кастрычніка 2009 года Жарскі сельсавет перайменаваны ў Сцешыцкі[7]. 28 мая 2013 года скасаваны Альковіцкі і Сцешыцкі сельсаветы, Касцяневіцкі сельсавет перайменаваны ў Людвіноўскі, Рабунскі сельсавет — у Крывасельскі[8].
Памятныя і цікавыя мясціны
Помнікі гісторыі. На тэрыторыі Вілейскага раёна знаходзіцца 314 помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага і мясцовага значэння. З іх: 198 гістарычных, 48 архітэктурных, у.т.л. 11 сядзібна-паркавых комплексаў, 49 археалагічных, 19 геалагічных.
Помнікі археалогіі. Гарадзішча ў вёсках Арпа, Баравыя, Галінова, Даўгінава (ранні жалезны век (VI—VII стст.), Задвор’е, Камена, Казлы, Малышкі (помнік культуры штрыхаванай керамікі), Рэчкі, Слабада, Сосенка, стаянкі ў вёсках Слабада і Суцькі, курганныя магільнікі ў вёсках Галінова, Журыхі, Забор’е, Зарэчча, Кастыкі (20 насыпаў), Каўшэвічы, Кучкі, Любоўшы, Малевічы, Млечкі, Папоўцы, Ручыца, Хаценчыцы, Помнік эпіграфікі — валун «Варацішын крыж» (XII ст.) у Камена.
Каштоўным помнікам археалогіі з’яўляецца курганны магільнік IX-XI стст. каля вёскі Камена. Акрамя сярэдневяковых славянскіх курганных пахаванняў тут захаваліся старадаўнія татарскія могілкі. Магільныя пліты з надпісамі, зробленымі арабскай вяззю, знаходзяцца ў сасонніку недалёка ад р. Вілія.
У Вілейскім раёне знаходзіцца мемарыял «Памяці зніклых вёсак» адкрыты 30 чэрвеня 2009 года. Памятны знак у гонар 150-годдзя экспедыцыі навукоўца графа Канстанціна Тышкевіча (скульптурная кампазіцыя «Вільяна»).[9]
Помнікі ахвярам рэпрэсій. Памятныя крыжы на месцы масавага расстрэлу вязняў Вілейскай турмы ў чэрвені 1941 года ля вёскі Касута.
Памятныя крыжы на меркаваным месцы расстрэлу Расціслава Лапіцкага, беларускага патрыёта, антысавецкага дзеяча ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі, усталяваны 1 верасня 2009 года [10]. Крыжы неаднаразова знішчаліся невядомымі асобамі[11]. Адноўленыя.
Брацкая магіла (перапахаванне) ахвяр рэпрэсій на гарадскіх могілках Вілейкі «Лясныя» ля вёскі Снежкава.
Вайсковыя мемарыялы і помнікі.
Мемарыялы і вайсковыя могілкі часоў 1-й сусветнай вайны:
- расійскай арміі: у Вілейцы; ля вёсак Баравыя, Даўгінава, Жарсцвянка, Заброддзе, Камары, Лыцавічы, Мядзведзіна, Порса, Рускае Сяло, Шляпы.
- германскай арміі: ля вёскі Муляры, у аг. Даўгінава.
Мемарыялы і вайсковыя могілкі Польска-савецкай вайны: у Вілейцы, Даўгінаве, Куранцы. У гонар ахвяр Другой сусветнай вайны усталяваны шматлікія абеліскі і помнікі.
Культавыя збудаванні
У Вілейцы знаходзіцца неагатычны Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, Свята-Марыінская і Свята-Ціханаўская цэрквы. У 2015 годзе пабудавана царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Роспісы ў Свята-Ціханоўскай царкве былі створаны мастаком Барысам Цітовічам.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць каталіцкія храмы ў Касцяневічах, Даўгінаве, Ільі, Альковічах, Сцешыцах, Вязыні, Лукаўцы.
Праваслаўныя цэрквы месцяцца ў Бараўцах, Бубнах, Вардамічах, Вязыні, Даўгінаве, Забалацці, Іжы, Ільі, Кастыках, Касуце, Куранцы, Латыгалі, Любані, Мільчы, Нарачы, Партызанскім, Рабуні, Ручыцы, Рэчках і Спягле.
Капліцы ў Забор’і, Заброддзі, Зацемені, Івашынавічах, Казлах, Кардоне, Касуце, Клесіне, Поні, Судніках. Налічваецца два дзесяткі прыдарожных капліц, найстарэйшыя (XVIII ст.) — у вёсцы Ручыца.
Помнікі прыроды
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (геалагічныя):
- Агаленне «Сінюха»
- Агаленне «Вінцантова»
- Агаленне «Папоўцы»
- Пагоркі «Рэчкінскія»
- Валун «Гомсін камень»
- Валун «Вялікі камень мішуцкі»
- Валун «Варацішын крыж»
- Валун «Каменны вол кузьмічоўскі»
- Валун «Любецкі»
- Валуны «Каменныя валы» сцебярацкія
- Валун «Вялікі камень дварэцкі»[12]
Заказнікі мясцовага значэння (водна-балотныя):
- Гасцілава
- Боркі
- Калодкі
- Бонда
Помнікі прыроды мясцовага значэння
Батанічныя:
- Парк Лукавец
- Парк Любань
- Парк Асцюковічы
- Урочышча Рэутка
Геалагічныя:
- Вялікі камень дзядзіцкі
- Вялікі камень івашынавіцкі
- Вялікі камень лыцавіцкі
- Вялікі камень падсосенскі
- Вялікі камень рускасельскі
- Кавянёўская катлавіна
- Гара Міроткава
- Гара Падвысокая
Гідралагічныя:
На тэрыторыі Вілейскага раёна месціцца частка тэрыторыі Нацыянальнага парка «Нарачанскі».
Турысцкія маршруты і экспедыцыі
Распрацаваныя і дзейнічаюць некалькі турысцкіх маршрутаў.[13]
Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам.[14] Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі.[15]
Страчаная спадчына
- Свята-Георгіеўская царква (Вілейка)
- Касцёл Бяззаганага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі у вёсцы Куранец (1652, 1810, 1928)
- Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (1852) у вёсцы Вялікая Сэрвач
-
Вадзяны млын і мост праз раку Нарачанка ў вёсцы Іжа (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)
- Свята-Георгіеўская царква ў Вілейцы, каля 1930 г.
- Куранец, касцёл да вяртання каталікам, каля 1900 г.
- Вялікая Сэрвач. Драўляны касцёл, каля 1900 г.
Адміністрацыйны падзел
У адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога савета дэпутатаў аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Мінскай вобласці ад 28 мая 2013 года колькасць сельсаветаў Вілейскага раёна зменшаная на 2[16] і складае цяпер 11. Гэтым рашэннем былі скасаваны Альковіцкі і Сцешыцкі сельсаветы. Касцяневіцкі сельсавет перайменаваны ў Людвіноўскі сельсавет з адміністрацыйным цэнтрам у аграгарадку Людвінова. Рабунскі сельсавет перайменаваны ў Крывасельскі сельсавет з пераносам адміністрацыйнага цэнтра у аграгарадок Крывое Сяло.[16]
Табліца з прывязкай па сельсаветах на 2 сакавіка 2018 года:[17]
№ | Назва | Адміністрацыйны цэнтр | Плошча (км кв.) на 2013 г. | Насельніцтва (чал.) | Кіраўнік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Асіпавіцкі сельсавет | Асіпавічы | 144 | 1723 | Самічова Ларыса Пятроўна |
2 | Вязынскі сельсавет | Вязынь | 214,4 | 1866 | Судніковіч Ігар Міхайлавіч |
3 | Даўгінаўскі сельсавет | Даўгінава | 134,9 | 2901 | Маліноўскі Аляксандр Мікалаевіч |
4 | Іжскі сельсавет | Іжа | 233,84 | 1481 | Субач Дзмітрый Георгіевіч[18] |
5 | Ільянскі сельсавет | Ілья | 400,5 | 4117 | Мікуцкі Аляксандр Канстанцінавіч |
6 | Крывасельскі сельсавет | Крывое Сяло | 99,5 | 1913 | Супрановіч Ірына Аляксандраўна |
7 | Куранецкі сельсавет | Куранец | 205,4 | 1978 | Барткевіч Віталь Бярнардавіч |
8 | Любанскі сельсавет | Любань | 236,75 | 2916 | Алянцэвіч Юлія Аляксандраўна |
9 | Людвіноўскі сельсавет | Людвінова | 210 | 2262 | Шавялёва Наталля Леанідаўна |
10 | Нарачанскі сельсавет | Нарач | 170,9 | 1652 | Абрамчык Алена Мікалаеўна |
11 | Хаценчыцкі сельсавет | Хаценчыцы | 110.3 | 1510 | Грэбянёк Дыяна Іванаўна |
Эканоміка
Прамысловасць
На 1 студзеня 2013 г. у раёне налічваецца 10 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх занята 3583 чалавек. Найбуйнейшыя з іх: ААТ «Зеніт-БелОМА», філіял Вілейская мэблевая фабрыка ЗАТ «Маладзечнамэбля», ААТ «Буддэталі», ААТ «Вілейскі рамонтны завод», ААТ «Вілейскі камбікормавы завод», філіял «Вілейскі хлебазавод» РУП «Барысаўхлебпрам».
Сельская гаспадарка
На тэрыторыі раёна налічваецца 8 ААТ, 4 сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствы, 3 філіяла, 1 сельскагаспадарчая вытворчасць, 2 дапаможныя гаспадаркі, 1 сортавыпрабавальная станцыя. Занята ў сельскай гаспадарцы 3909 чалавек. Агульная зямельная плошча ААТ і ўнітарных сельгаспрадпрыемстваў — 87051 га, з іх 51058 га складаюць ворныя землі. Сярэдні бал ворных зямель — 30,4, сельгасугоддзяў — 28,4.
Транспарт і сувязь
Геаграфічнае становішча раёна абумовіла развіццё яго транспартнай сістэмы. Праз тэрыторыю раёна праходзяць буйныя аўтамабільныя трасы Р28 Мінск — Нарач і Р63 Барысаў — Вілейка — Ашмяны.
Праз тэрыторыю раёна праходзіць чыгуначная лінія «Маладзечна-Полацк» з прыпынкамі: Даманаўскі, Красны Беражок, Зеніт, Вілейка, Куранец, Стражы.
У Вілейцы знаходзіцца аўтавакзал, які абслугоўвае ўнутрыраённыя маршруты, а таксама тыя, што звязваюць паўночную і цэнтральную часткі Беларусі, а таксама Прыбалтыку з усходам Беларусі.
Раённы вузел паштовай сувязі, раённы вузел элекрасувязі.
Будаўніцтва, меліярацыя
У раёне працуюць будаўнічыя арганізацыі: ДУП «ПМК-185», ДУП «ПМК-186», ДБУ-13, філіял «ДРБУ-162», філіял «ДЭУ-63», ТАА «Аграпрамэнерга», БМУ ААТ «Мінскводбуд», ТАА «Вясёлка Буд», ТАА «Сувязь-2008»; а таксама меліярацыйныя — ДУП «Вілейскае ПМС», ААТ «ПМК-88».
Гандаль, паслугі
Раённае спажывецкае таварыства аб’ядноўвае ўнітарнае прадпрыемства «Сунічка», а таксама прадпрыемствы камунальнай уласнасці КУП «Садружнасць», УП «Рамонак», УП «Меркурый-Цэнтр». Бытавымі паслугамі займаюцца 45 прадпрыемстваў і арганізацый, 123 прадпрымальнікі.
Медыцына, здароўе
У сістэме медыцыны раёна цэнтральнае месца займае ўстанова аховы здароўя «Вілейская цэнтральная раённая бальніца»[19]. У яе склад уваходзяць цэнтральная раённая бальніца, паліклініка, стаматалагічная паліклініка, 2 участковыя бальніцы, 1 бальніца сястрынскага догляду, 7 амбулаторый, 25 фельдчарска-акушэрскіх пунктаў, 3 пункты аховы здароўя і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Стаматалагічныя паслугі аказваюцца таксама ў недзяржаўным сектары медабслугоўвання.
У вёсцы Будзішча размешчаны дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр «Надзея»[de] для дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай АС, з шматфункцыянальным спартыўна-фізкультурным комплексам[20].
Адукацыя
Працуюць 26 дзённых агульнаадукацыйных устаноў, 1 прафесійна-тэхнічнае ўстанова (каледж), цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 2 сярэдніх спецыяльных навучальных установы (Ільянскі аграрны каледж, тэхнікум бізнесу і права), 17 дзіцячых дашкольных устаноў, спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.
СМІ
- «Шлях перамогі» — газета Вілейскага раённага выканаўчага камітэта; выдаецца з 1945 года (у савецкія часы — орган партыйных і савецкіх улад).
- «Рэгіянальная газета» — недзяржаўны штотыднёвік. Выдаецца ад 1995 года.
Культура
- Вілейскі краязнаўчы музей.
- Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча (пры краязнаўчым музеі).
- Народны тэатр гарадскога Дома культуры.
- Народны ансамбль гітарыстаў «Адэліта»[21].
- Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія».
- 38 публічных бібліятэк (з іх 30 сельскіх бібліятэк і 1 сельская бібліятэка-клуб).
- 29 сельскіх клубных устаноў.
- Вілейскі раённы метадычны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
- Палац культуры.
- Раённы Дом рамёстваў.
- Дзіцячая школа мастацтваў (4 сельскія школы).
- Цэнтр эстэтычнага выхавання.
Культурныя ініцыятывы
- У 2004 і 2012 гадах раён (Вілейка) быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[22][23].
- 4 — 5 ліпеня 2015 года ў райцэнтры ўпершыню прайшоў рыцарскі фэст «Гонару Продкаў 2015»[24].
Фізкультура і спорт
У раёне 36 спартыўных залаў, 23 прыстасаваных памяшканні для заняткаў фізічнай культурай і спортам, 15 плоскасных абсталяваных спартпляцовак, 1 стадыён, 2 асветленыя хакейныя пляцоўкі.
СДЮШАР Вілейскага райвыканкама, ДЮСШ АФП прафкама ААТ “Зеніт- БелОМА “, ФАК са спартыўным залай і фітнес залай, секцыя па каратэ «Дзяржынец», цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Сатурн» з плавальным басейнам, у якім аказваюць паслугі для насельніцтва па плаванні, аквааэробікі, більярдзе, фітнесу, настольным тэнісе, ўсходніх танцах, ёзе.
Турызм, рэкрэацыя
У раёне дзейнічае 7 аграсядзіб, у Вілейцы — гасцініца «Вілія».[25]. Арганізацыяй турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі раёна займаюцца кампаніі «Надежда тур»[26] і «Залаты компас»[27].
Рэлігійнае жыццё
На тэрыторыі Вілейскага раёна зарэгістраваныя і дзейнічаюць 47 рэлігійных суполак, якія прадстаўляюць 5 канфесій: 26 — Беларускай Праваслаўнай Царквы, 10 — Рымска-Каталіцкага Касцёла, 8 — Хрысціян Веры Евангельскай, 2 — Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў, 1 — Хрысціян поўнага Евангелля.
Вядомыя асобы
- Баляслаў і Восіп Адамовічы — амерыканскія авіятары-аматары. Вядомыя пералётам праз Атлантычны акіян ў 1934 годзе.[28]
- Леў Альпяровіч — беларускі мастак.
- Наталля Арсеннева — беларуская паэтэса.
- Эва Марыя Астроўская (1938—2012) — польская пісьменніца і журналістка.[29]
- Вікенцій Іосіфавіч Аўдзей (Касьян Вясёлы) (1886—1916) — беларускі пісьменнік, драматург.[30]
- Афанасій Ахрэм (1914—2010) — беларускі савецкі хімік-біяарганік. Акадэмік АН БССР (1970), доктар хімічных навук (1960), прафесар (1960). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[31].
- Сымон Барыс — 20 мая 1937, в. Касічы Вілейскага павета — беларускі педагог, журналіст, фалькларыст, этнограф, гісторык, краязнаўца.
- Змітрок Бядуля — класік беларускай літаратуры. Вучыўся ў ешыботах у Даўгінаве і ў Ільі.[32].
- Андрэй Валынец — Герой Савецкага Саюза, удзельнік камуністычнага падполля Заходняй Беларусі.
- Павел Валынцэвіч (1875—1962) — фотамастак, святар.[33]
- Леанід Валчэцкі (1913—1991) — тэатральны дзеяч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.[34][35]
- Мікола Гроднеў. Беларускі пісьменнік. Працаваў школьным інспектарам у Вілейскім раённым аддзеле адукацыі, дырэктарам Куранецкай сярэдняй школы рабочай моладзі (1954—1956).
- Адам Грымаць (1938—2000) — навуковец-педагог, прафесар. Нарадзіўся ў Ільі. Яго іменем названая школа ў Ільі[36].
- Эдвард Жалігоўскі — польскі паэт, філосаф, грамадскі дзеяч.
- Юрый Герасіменка-Жызнеўскі — беларускі мастак.
- Георгій Ількевіч — беларускі геолаг.
- Міхаіл Казінец — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
- Зміцер Казлоўскі — беларускі бард.
- Аляксандр Калодка. (1911—1985). Дзеяч беларускай эміграцыі ў Аўстраліі. У час Другой сусветнай вайны жыў у Вілейцы.
- Іван Касяк. (1909—1989). Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў чэрвені 1944 года. Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1957—1989 старшыня Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі. Аўтар часопіса «Беларуская думка».[37].
- Ян Козел-Паклеўскі — удзельнік і адзін з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання.
- Іван Кандрацьеў — рускі паэт, празаік, драматург, педагог (1849—1904).
- Зінаіда Губарава-Крупская — беларуская паэтэса.
- Мікалай Лапіцкі (1907, в. Грэлікі — 1976) — беларускі рэлігійна-грамадскі дзеяч, праваслаўны святар, публіцыст.
- Расціслаў Лапіцкі — удзельнік беларускага антысавецкага падполля[38].
- Леанід Левашкевіч — сучасны расійскі кампазітар. Нарадзіўся ў Куранцы.
- Зянон Ломаць — беларускі дзяржаўны дзеяч, у 2006—2010 гадах старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Ахрышчаны ў царкве ў Спягле.
- Станіслаў Ляшковіч, (1928—2015)— доктар эканамічных навук, пісьменнік і публіцыст[39].
- Станіслаў Ляшковіч, (1932—2014)— заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік. Выпускнік сярэдняй школы ў Ільі [40].
- Аляксандр Манцэвіч — журналіст і выдавец.[41]
- Эдуард Мацюшонак — беларускі мастак.
- Пётр Машэраў — беларускі партыйны і савецкі дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
- Яўген Мірановіч (7.11.1917-25.1.1980), гаспадарчы дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны аграном БССР.
- Васіль Місюль. Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1954 годзе выступіў у Кангрэсе ЗША са сведчаннем злачынстваў савецкай улады ў Вілейскай турме ў 1941 годзе[37].
- Ганна Новік — беларуская паэтэса, дзеяч падпольнага беларускага руху ў Польшчы (1914—1997).[42][43][44][45]
- Піліп Орлік — дзяржаўны дзеяч Украіны, паплечнік Івана Мазепы, гетман Правабярэжнай Украіны, паэт, публіцыст.
- Валерый Пазднякоў — беларускі гісторык і археолаг.
- Тэлесфор Позняк — гісторык і даследчык усходне- і паўднёваславянскіх літаратур. Прафесар.[46]
- Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля.[47]
- Леапольд Родзевіч — (1895—1938) — беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч. Скончыў (1909) у Вілейцы гарадское вучылішча.
- Уладзіслаў Сапея — беларускі спартсмен, удзельнік 19-х Алімпійскіх гульняў, рэкардсмен СССР у бегу на 100 м.[48]
- Вадзім Свірыдаў — беларускі хімік, акадэмік НАН Беларусі.
- Нікадзім Сілівановіч — беларускі і расійскі мастак, акадэмік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.
- Уладзімір Слабодчыкаў — беларускі скульптар[49]
- Уладзіслаў Страмінскі — мастак-авангардыст, стваральнік унізму.
- Пётр Сыч (1912, в. Батурына — 1964) — беларускі пісьменнік, мемуарыст.
- Францішак Сяліцкі — польскі славіст, прафесар.[50]
- Максім Танк — народны паэт Беларусі. Вучыўся ў прыватнай рускай гімназіі ад 1926 да 1928 года. Працаваў у вілейскай абласной газеце (1939—1941).
- Аляксандр Уласаў — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, эканаміст.
- Іван Фёдараў — адзін з першых рускіх кнігадрукароў, выдавец першай рускай кнігі «Апостал» і «Евангелля Вучыцельнага». Існуе гіпотэза аб нараджэнні Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна[51].
- Янка Філістовіч — адзін з арганізатараў антысавецкага падполля ў 1950-х гадах.
- Ігнат Ходзька — беларускі пісьменіік і паэт.
- Кандрат Церах — апошні міністр гандлю СССР (1986—1991).
- Барыс Цітовіч — беларускі мастак.
- Аляксей Чубат — беларускі паэт.
Гл. таксама
Некаторыя гідралагічныя аб’екты
- Беразавік, балота
- Вішнеўскае возера
- Слабадское возера
- Белавароціца, рака
- Вілія, рака
- Вузлянка, рака
- Вужык, рака
- Дзвінаса, рака
- Ілія, рака
- Кабылянка, рака
- Нарачанка, рака
- Рыбчанка, рака
- Сэрвач, рака
Зноскі
- ↑ http://www.vileyka.minsk-region.by/rukovodstvo/rajonnyj-ispolnitelnyj-komitet
- 1 2 На 1 января 2018 года численность населения в Вилейском районе составляла 47349 человек Архівавана 5 красавіка 2018. (руск.) Шлях перамогі
- 1 2 Асноўныя паказчыкі развіцця раёна (руск.)
- ↑ Вынікі перапісу 2009 года (руск.)
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 25 кастрычніка 2020.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 31 сакавіка 2016.
- ↑ http://vileyka.minsk-region.by/ru/tur_uslugi Архівавана 17 кастрычніка 2018.
- ↑ Ушанавалі памяць Расціслава Лапіцкага Архівавана 21 верасня 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Атрыбуты памяці Лапіцкаму зніклі зноў Архівавана 13 сакавіка 2017. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Постановление Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды Республики Беларусь от 19 марта 2007 г. № 25 «Об объявлении некоторых геологических объектов геологическими памятниками природы республиканского значения» // ПРАВО Законодательство Республики Беларусь
- ↑ Убачыць касцёл, пабудаваны за залатую табакерку, і абняць адзін з самых вялікіх камянёў Вілейшчыны. Маршрут «Па даўгінаўскіх ваколіцах» Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У ліпені ізноў праплывуць «Шляхам Тышкевіча». Экспедыцыя стартуе з Вілейкі Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У сплаве «Шляхам Тышкевіча» бярэ ўдзел 77-гадовы турыст Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- 1 2 Вілейскі раён. На 2 сельсаветы меней. Горад вырас за лік Порсы. Падрабязнасці Архівавана 20 кастрычніка 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ В Вилейском районе избраны председатели сельских Советов депутатов Архівавана 2 ліпеня 2018. (руск.) // Шлях перамогі
- ↑ Ад 31 сакавіка на пасадзе старшыні Іжскага сельвыканкама — Дзмітры Субач Архівавана 22 красавіка 2020. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Афіцыйны сайт Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы
- ↑ Рэабілітацыйны цэнтр «Надзея» на Вілейшчыне уступіў ў свой 21-ы год (Фотарэпартаж)(недаступная спасылка) // “Рэгіянальная газета
- ↑ На канцэрце вілейскага ансабля гітарыстаў «Адэліта» не было свабодных месц Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ «Адна зямля» збірае сяброў //«Рэгіянальная газета», 23 ліпеня 2004 г., № 30 (481)
- ↑ Гран-пры «Адной зямлі» ўзяў маладзечанец Артур Міхайлаў, вучань Пятра Ялфімава Архівавана 13 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Змаганні рыцараў і народныя спевы. У Вілейцы ўпершыню прайшоў фэст «Гонару Продкаў 2015» (Фота) Архівавана 8 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ http://www.tio.by/news/9663
- ↑ http://www.belarusinfo.by/ru/poisk/5314.html
- ↑ http://www.mos.by/index.php?section_id=350(недаступная+спасылка)
- ↑ Браты Адамовічы з-пад Альковічаў — авіятары, якія пакарылі Атлантыку Архівавана 4 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ Эва Астроўская: пісьменніца, якая не баялася жыцця Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ Касьян Вясёлы — яшчэ адзін ураджэнец Вялейшчыны Архівавана 5 лютага 2019. // VIALEJKA.INFO
- ↑ Ахрем Афанасий Андреевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 34. — 737 с.
- ↑ Кожны край мае тых, каго апявае Архівавана 4 сакавіка 2016. // Сайт «Вілейшчына літаратурная»
- ↑ Павел Валынцэвіч Архівавана 13 лістапада 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ Волчецкий, Леонид Павлович(недаступная спасылка) // Электронный каталог ЦНБ НАН Беларуси
- ↑ Памяць. Вілейскі раён. // Валчэцкі Леанід Паўлавіч. — Мн.: БелТА., 2003. — С. 579. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- ↑ .Адам Антонавіч Грымаць Архівавана 4 сакавіка 2016. // Сайт «Вілейшчына літаратурная»
- 1 2 Барыс, Рогач, 2013
- ↑ Міхась Чарняўскі: Расціслаў Лапіцкі — з кагорты невядомых герояў //«Рэгіянальная газета», 25 ліпеня 1997 г., № 13 (258), стар. 3
- ↑ Памёр ураджэнец Вілейшчыны эканаміст Станіслаў Ляшковіч Архівавана 5 верасня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ Трагічна загінуў Станіслаў Ляшковіч, наш зямляк, заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ «Рэгіянальная газета» Архівавана 18 мая 2013.
- ↑ «Новік Ганна, біяграфія»
- ↑ «Восеньскі роздум Ганны Новік» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «З любоўю да людзей» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «Рэгіянальная газета», № 12 (465), 12 сакавіка 2004
- ↑ Дзяцінства пры трох уладах: прафесар Позняк расказвае пра жыццё ў Заходняй Беларусі пры Польшчы, Саветах і пад немцамі // «Наша ніва»
- ↑ Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Памяць. Вілейскі раён. // Удзельнік Алімпійскіх гульняў. — Мн.: БелТА., 2003. — С. 548. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- ↑ Слабодчыкаў Уладзімір Іванавіч(недаступная спасылка)// Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў
- ↑ Як рэпрэсаваны пастух з Беларусі стаў польскім прафесарам // «Наша ніва»
- ↑ Першадрукар Іван Фёдараў нарадзіўся на Вілейшчыне Архівавана 11 лістапада 2013. //«Рэгіянальная газета»
Літаратура
- Вилейский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- Памяць. Вілейскі раён. // . — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- Сайт Вілейскага раёна і горада
- Вілейскі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 8 ліпеня 2014. (руск.)
- Інфармацыйны сайт горада і раёна
- Вілейскі краязнаўчы музей
- «Рэгіянальная газета», сайт Архівавана 18 верасня 2020.
- Вілейскі раён на сайце Мінскага аблвыканкама Архівавана 22 красавіка 2012. (руск.)
- Карты і агульныя звесткі на emaps-online
- Вілейскі раён на сайце Radzima.org
- Вілейскі раён на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Вілейскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ільянскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Вілейскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Крывіцкага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1946 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1957 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1977 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1995 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2009 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Вілейскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.