wd wp Пошук:

Баркалабава

Баркала́бава[1] (трансліт.: Barkalabava, руск.: Барколабово) — аграгарадок у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Дняпро. Уваходзіць у склад Холстаўскага сельсавета. Насельніцтва 461 чал. (2007). Знаходзіцца за 12 км на поўнач ад Быхава, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Барсукі (лінія БыхаўМагілёў); на аўтамабільнай дарозе МагілёўБыхаў. Рачная прыстань.

Назва

Нзва вёскі паходзіць ад імя ротмістра і старосты дзісенскага Баркулаба Корсака, уладальніка мясціны і заснавальніка паселішча.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Гэтую мясцовасць людзі засялілі яшчэ ў глыбокай старажытнасці, пра што сведчаць выяўленыя археалагічныя помнікі. У 1564 годзе супольны ўладальнік маёнтка Буйнічы Баркулаб Корсак заснаваў тут замак. Да 1568 года ў ім збудавалі 2 царквы.

Абраз Нараджэнне Хрыстова. З Баркулабаўскага манастыра, XVIII ст.

З XVI стагоддзя Баркулабава мела статус мястэчка і ўваходзіла ў склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1583 годзе ў якасці пасагу мясцовасць перайшла да князя Багдана Саламярэцкага, які ажаніўся з дачкой Корсака Эвай. У 1594 годзе тут збудавалі царкву Святога Юрыя.

Абраз Маці Божай Баркулабаўскай, 1659

У 1626 годзе сын Саламярэцкага Багдан з сястрой Аленай заснавалі ў Баркалабаве праваслаўны мужчынскі манастыр, на які ахвяравалі вёскі Сутокі і Махава. Манастыр стаў буйным праваслаўным цэнтрам. У ім, імаверна, ствараўся Баркулабаўскі летапіс.

Ад Саламярэцкага мястэчка перайшло да яго зяця Багдана Статкевіча, які заснаваў тут Свята-Узнясенскі жаночы манастыр. Пазней Баркалабава набыў князь А. Г. Палубінскі. У 1685 годзе мястэчка ў якасці пасагу атрымаў Ежы Станіслаў Сапега, які ажаніўся з дачкой Палубінскага Ізабелай. Пазней Баркалабава знаходзілася ва ўладанні іх сына Антонія, пляменніка Міхала Антонія, пляменнікаў апошняга Міхала Ксаверыя і Аляксандра Сапегаў. На 1758 год у мястэчку было 64 двары, бровар, саладоўня і маслабойня.

Расійская імперыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Баркалабава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні. На 1780 год у мястэчку было 69 двароў, 2 царквы, дом архірэя, 2 млыны. У канцы XVIII стагоддзя дзейнічала базыльянская школа.

У 1871 годзе фальварак Баркулабава набыў купец А. Рык. Пры манастыры дзейнічала школа, дзе навучалася 20 дзяўчынак (1884). Існаваў заезны двор (з 1886), працавалі медзеплавільнае, лесапільнае, 2 вінаробчыя прадпрыемствы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, Баркалабава мела статус сяла і налічвала 93 двары, тут існавалі царква, царкоўнапрыходская школа, карчма, 7 крамаў; пры манастыры было 2 царквы. Непадалёк існавалі аднайменныя былі хутар (2 двары), фальварак (2 двары), сядзіба (2 двары, вадзяны млын, карчма). На 1909 год у сяле было 110 дамоў, у фальварку — 2 дамы, у жаночым манастыры — 11 двароў.

У Першую сусветную вайну ў лютым — лістападзе 1918 года мясціну займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Баркалабава ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня яно апынулася ў складзе РСФСР. У 1924 годзе Баркалабава вярнулі БССР. На 1926 год тут было 149 двароў.

У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 года вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У пасляваенны час працаваў дзіцячы дом; у Баркалабаве збудавалі радыёвузел (1952), адбылася элекрыфікацыя. На 1970 год тут было 170 двароў, на 1982 год — 199, на 1990 год — 199, на 1995 год — 227, на 2007 год — 165.

Да 2013 года Баркалабава было цэнтрам Баркалабаўскага сельсавета, а пасля яго скасавання ўвайшло ў Холстаўскі сельсавет[2].

  • Мястэчка на старых здымках
  • Агульны выгляд, да 1900Агульны выгляд, да 1900
  • Пляц Рынак, да 1914Пляц Рынак, да 1914
  • Царква, ліпень 1941Царква, ліпень 1941
  • Царква, 1941Царква, 1941

Насельніцтва

  • XVIII стагоддзе: 1758 — 171 муж.; 1780 — 465 чал.
  • XIX стагоддзе: 1897 — 605 чал. у сяле Баркалабава, 54 чал. у манастыры Баркалабава, 7 чал у хутары Баркалабава, 5 чал. у фальварку Баркалабава і 4 чал. у сядзібе Баркалабава
  • XX стагоддзе: 1909 — 671 чал. у сяле Баркалабава, 93 чал. у манастыры Баркалабава, 23 чал. у фальварку Баркалабава; 1926 — 900 чал.; 1970 — 596 чал.[3]; 1982 — 488 чал.[4]; 1990 — 488 чал.[5]; 1995 — 519 чал.[6]
  • XXI стагоддзе: 2007 — 461 чал.[7]

Інфраструктура

У Баркалабаве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка.

Забудова

Планавальная структура Баркалабава складаецца з 2 амаль паралельных вуліц, выцягнутых з поўначы на поўдзень, уздоўж Дняпра. Забудова драўляная, бессістэмная. Захаваліся мураваныя будынкі царквы і заезнага двара. Перпендыкулярна да асноўных ідуць невялікія вуліцы, забудаваныя мураванымі 1-павярховымі жылымі дамамі, якія ўтвараюць развітую сетку кварталаў.

Славутасці

Марка Беларусі, 350-годдзе Баркулабаўскай Іконы Божай Маці
Царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Баркула́бава
  2. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20.11.2013 N 23-1 «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области» Архівавана 13 ліпеня 2015.
  3. Насевіч В., Удальцоў В. Баркалабава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 308.
  4. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 238.
  5. Насевіч В., Удальцоў В. Баркалабава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 307.
  6. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. С. 308.
  7. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 237.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Быхаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be