Батунь (вёска)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Батунь.
Бату́нь[1] (трансліт.: Batuń, руск.: Батунь) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Заводскаслабодскага сельсавета. Размешчана за 31 км на паўднёвы захад ад Магілёва, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на паўднёвы захад мяжуе з лесам. На поўдні цячэ ручай (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Завадская Слабада і далей па шашы Магілёў—Бабруйск.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1585 года як сяло Батуня, дзяржаўная ўласнасць, у валоданні шляхціца. У 1635 годзе сяло Іструбішча (яно ж Батуня), цэнтр войтаўства Магілёўскай эканоміі Аршанскага павета. Меліся карчма, 2 млыны. У 1671 годзе сяло было заселена татарскімі сем’ямі.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Дзейнічала драўляная царква (адкрыта не пазней 1880). У 1883 годзе адкрыта школа, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне. У 1890 годзе заснавана вінакурня, дзе ў 1895 годзе была пастаўлена паравая машына. Паводле перапісу 1897 года ў Глухаўскай воласці Быхаўскага павета. Побач быў фальварак Батунь (дзейнічаў вінакурны завод), працавалі паравы і вадзяны млыны. У 1905 годзе адкрыта казённая вінная крама.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
На базе дарэвалюцыйнай адкрыта працоўная школа І-й ступені, у якой у 1925 годзе было 34 вучні, дзейнічалі драмгурток і гурток, а затым ячэйка па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.
У 1928 годзе пачала працаваць сыраробная арцель. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Перамога», працаваў вінзавод. У 1934 годзе адкрыты дзіцячыя яслі. У пачатку школе ў 1936 годзе навучалася 107 дзяцей, мелася бібліятэка.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1975 годзе ў Заводскаслабодскім сельсавеце. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Барок» (цэнтр — в. Завадская Слабада). Размяшчалася ферма буйной рагатай жывёлы, працаваў магазін.
Планіроўка
Планіровачна складаецца з крывалінейнай працяглай вуліцы з завулкам, арыентаванай з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і забудаванай двухбакова, няшчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На ўсходняй ускраіне — гаспадарчы сектар.
Вядомыя асобы
- Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў (1920—2000) — поўны кавалер ордэна Славы, які ў Вялікую Айчынную вайну вызначыўся ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Польшчы і Германіі.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе:
- 1897 — 70 двароў, 382 жыхары; у фальварку — 4 двары, 22 жыхары.
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2007 — 17 гаспадарак, 35 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
Літаратура
- Батунь // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.