Безансон
Безансон (фр.: Besançon, класіч. лац. Bysantium, сярэд.-веч.лац. Vesuntio, Vesontio) — горад на ўсходзе Францыі, у выгіне ракі Ду, адміністрацыйны цэнтр дэпартамента Ду і рэгіёна Бургундыя — Франш-Кантэ.
Машынабудаванне, гадзіннікавая, тэкстыльная і швейная прамысловасць.
У 2005 годзе колькасць насельніцтва склала 114,9 тыс. жыхароў.
Гісторыя
У старажытнасці быў цэнтрам Гальскага племені секванаў. Быў узяты ў 58 годзе да н. э. Юліем Цэзарам.
З IV стагоддзя вядомыя безансонскія біскупы, якія з часам сталі архібіскупамі, узялі кіраванне горадам у свае рукі. Да 1654 года заставаўся вольным горадам у складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Безансон квітнеў пад валадарствам Габсбургаў, у той час, калі адзін з мясцовых жыхароў, Антуан Перэна дэ Гранвела, кіраваў знешняй палітыкай імперыі.
Паводле вынікаў Трыццацігадовай вайны перайшоў да французаў і быў па загаду Людовіка XIV грунтоўна ўмацаваны Себасцьенам Ле Прэтрам. Будаўніцтва грандыёзнай крэпасці заняло 30 гадоў; у 1814 годзе яе абстралялі аўстрыйцы, аднак агулам твор Ле Прэтра дайшоў да цяперашняга часу ў добрым стане.
У 1671 годзе ў Безансон пераехаў з горада Доль Універсітэт Франш-Кантэ, адкрыты яшчэ ў XV стагоддзі як «універсітэт Дзвюх Бургундый».
У 1676 годзе сюды былі пераведзены з Доля органы кіравання Франш-Кантэ.
У канцы XVIII стагоддзя ўцекачы з Швейцарыі заклалі асновы прамысловасці Безансона. У XIX стагоддзі горад лічыўся даволі буйным прамысловым цэнтрам.
Тут нарадзіліся: паэт Віктор Гюго, сацыялісты Шарль Фур’е і П’ер Жазеф Прудон, а таксама браты Люм’ер. Стэндаль змясціў у Безансон частку дзеяння рамана «Чырвонае і чорнае».
У 1960-я гады забудоўваўся найбольш шчыльна заселены раён сучаснага горада — Плануаз.
Славутасці
- Безансонская крэпасць — уключае ў сябе цытадэль, гарадскія сцены і форт Грыфон. У 2008 годзе абвешчана ЮНЕСКА помнікамі Сусветнай спадчыны ў ліку 13 іншых умацаванняў Вабана.
Вядомыя асобы
- Віктор Гюго — французскі пісьменнік
- браты Люм’ер — вынаходнікі кінематографа
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Безансон
- Афіцыйны сайт
Катэгорыя·Населеныя пункты кельцкай Галіі Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.