Боцькі
Бо́цькі (польск.: Boćki, па-падляску: Boťki) — вёска ў Польшчы, на рацэ Нужац. Уваходзіць у склад Бельскага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Боцькі.
Гісторыя
У 1502 годзе мясцовасць на аснове абмену ўладаннямі з Станіславам Мантэвічам і Іванам Глябовічам пераходзіць ва ўладанне Івана Сапегі. Побач з Боцькамі, у вёсцы Дубна, ён пабудаваў палац. Праўдападобна тады і пачалося будаўніцтва першай царквы. У 1509 годзе Іван Сапега атрымаў ад Жыгімонта Старога магдэбургскае права для Боцькаў. На аснове дакумента ў Боцьках дазвалялася будаваць корчмы і праводзіць тры кірмашы ў год.
Па фундацыі Івана Сапегі ў 1513 годзе заснаваны Святадухаўскі касцёл. Да 1583 года Сапегі пасяляюць у мястэчку яўрэяў. У 1571 годзе ў Боцьках пражывала 1400 жыхароў, мелася 235 дамоў, 4 млыны, парафіяльная школа. У 1580 годзе горад наведвае Стэфан Баторый у падзяку за ваенную актыўнасць Багдана Сапегі.
У XVII стагоддзі мястэчка заняпала ў сувязі з падзеламі сярод Сапегаў і шведскімі войнамі. Станам на 1674 год у Боцьках пражывала 463 чалавек, з іх 54 % уніятаў, 25 % рымакаталікоў і 21 % яўрэяў. У гэтым часе ў мястэчку 6 вуліц (Бельская, Бранская, Дуненская, Дворская, Залуская і Зарачанская).
У 1726 годзе Юзаф Францішак Сапега фундуе ў Боцьках кляштар францысканцаў рэфарматаў з касцёлам Св. Юзафа і Антонія Падуанскага. У 1739 годзе луцкі біскуп Стэфан Рупнеўскі асвяціў збудаваны касцёл. У 1744 годзе пасля смерці Юзафа Францішка Сапегі праз шлюб яго дачкі Тэрэзы з Іахімам Каралем Патоцкім Боцькі ўваходзяць ва ўладанні Патоцкіх.
У 1769 годзе расійскія войскі знішчаюць Боцькі (Юзаф Патоцкі быў прыхільнікам Барскай канфедэрацыі).
У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Падляшша разам з Боцькамі адыходзіць да Прускага Каралеўства. На канец XVIII стагоддзя ў горадзе налічвалася 1513 жыхароў, з іх 666 яўрэяў.
У 1807 годзе паводле Тыльзіцкага перамір’я Падляшша перададзенае Расійскай імперыі. У 1832 годзе ліквідаваны кляштар рэфарматаў. Касцёл перададзены мясцовай рымакаталіцкай парафіі. У 1860 годзе ў горадзе пражывала 405 рымакаталікоў, 290 праваслаўных і 743 яўрэі. У 1897 годзе у Боцьках пражывалі 2640 жыхары, ў тым ліку 1400 яўрэяў.
У 1934 годзе ў сувязі са скарачэннем колькасці жыхароў у Боцькаў адбіраюцца гарадскія правы.
У 1939—1944 гадах у складзе Бельскага раёна Беластоцкай вобласці. У 1975—1998 гадах вёска ўваходзіла ў склад Беластоцкага ваяводства.
Славутасці
- Рымакаталіцкі касцёл Св. Юзафа і Св. Антонія Падуанскага (паб. 1726—1739), пабудаваны як кляштарны касцёл рэфарматаў, з 1832 парафіяльны.
- Успенская царква (паб. 1819—1824), пабудаваная ў стылі класіцызму як уніяцкая, з 1839 года як праваслаўная.
- Скульптура Св. Яна Непамуцкага (XVIII стагоддзе)
Страчаная спадчына
- Кляштар рэфарматаў (паб. 1726—1739) — будынкі былі разбураны царскімі ўладамі, з цэглы кляштару пабудаваная праваслаўная царква ў вёсцы Андрыянкі.
- Святадухаўскі касцёл (паб. 1703 г.) — стаяў на месцы сённяшняй гміннай управы, заваліўся ў 1820 г. пасля таго, як царскія ўлады забаранілі яго рамантаваць.
- Барочны палац Сапегаў (XVIII ст.)
- Старая сінагога (паб. канец XVII ст.) — драўляная, спаленая ў 1941 годзе[1].
- Новая сінагога (паб. 1807 г) — знішчаная нацыстамі[2].
Галерэя
- Касцёл Св. Юзафа і Св. Антонія Падуанскага
- Успенская царква
- Праваслаўныя і каталіцкія могілкі
- Руіны міквы над ракой Нурэц
Вядомыя асобы
У Боцьках пахаваны Яўстах Севярын Сапега (1916—2004), прафесійны паляўнічы, паручнік кавалерыі Польскага Войска, гісторык роду Сапегаў.
Зноскі
- ↑ Drewniana synagoga w Boćkach (бел.) . Віртуальны Штэтл. Праверана 10 лютага 2015.
- ↑ Murowana synagoga w Boćkach(англ.) . Віртуальны Штэтл. Праверана 10 лютага 2015.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Боцькі
- Боцькі на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Бельскага павета (Падляскае ваяводства) Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.