Бразілія
Бразі́лія (парт.: Brasil), Федэраты́ўная Рэспу́бліка Бразі́лія (парт.: República Federativa do Brasil, слухаць (i)) — найбуйнейшая краіна Паўднёвай Амерыкі і Лацінскай Амерыкі; пятая краіна свету паводле плошчы, шостая паводле колькасці насельніцтва. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі за выключэннем Эквадора і Чылі. Сталіца — горад Бразіліа, найбуйнейшы горад — Сан-Паўлу. Дзяржаўная мова — партугальская. Гэта адзіная партугаламоўная краіна на амерыканскім кантыненце і буйнейшая лузафонная краіна свету.
Для Бразіліі характэрны надзвычайная разнастайнасць прыродных умоваў і багацце прыродных рэсурсаў (мінеральных, водных, лясных, агракліматычных). Гіганцкая экасістэма экватарыяльных лясоў Амазоніі робіць Бразілію сусветным лідарам паводле біяразнастайнасці. Зрэшты, тэмпы абязлесення тут таксама адныя з найвышэйшых у свеце.
Бразілія была калоніяй Партугаліі ад высадкі Педру Кабрала ў 1500 да пачатку XIX стагоддзя. Каланіяльная залежнасць была фактычна скасаваная ў 1808, калі Напалеон напаў на Партугалію і сталіца была перанесена з Лісабона ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1822-1889 была імперыяй, з 1889 — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, якой застаецца і сёння. Складаецца з 26 штатаў і адной федэральнай акругі. Шматвекавая іміграцыя з розных частак свету ператварыла Бразулію ў адну з найбольш этнічна стракатых краін свету.
Бразільская эканоміка лічыцца восьмай у свеце і паводле намінальнага ВУП і паводле ВУП па пакупніцкай здольнасці. Краіна адносіцца да групы ключавых краін, што развіваюцца. Таксама эканамісты ставяць Бразілію ў шэраг новых індустрыяльных краін. Грашовая адзінка — бразільскі рэал. Бразілія — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Ключавое значэнне ў эканоміцы маюць такія галіны прамысловасці як машынабудаванне (аўтамабілі, самалёты), гідраэнергетыка, металургія. Важную ролю працягвае адыгрываць сельская гаспадарка: краіна з’яўляецца адным з галоўных збожжавых раёнаў Амерыкі; займае першае месца ў свеце па сборы кавы, цукровага трыснягу, апельсінаў; пагалоўю прадукцыйнай буйной рагатай жывёлы.
Бразілія — дзяржава-заснавальніца ААН, Лацінскага саюза, Арганізацыі ібера-амерыканскіх дзяржаў, Меркасур, Саюза паўднёваамерыканскіх нацый, а таксама адна з дзяржаў BRICS.
Этымалогія
Хутчэй за ўсё слова “Бразілія” паходзіць ад назвы дрэва паў-бразіл (інакш - цэзальпінія яжовая, пернамбукавае дрэва), якое на момант прыбыцця партугальцаў было шырока распаўсюджана сярод узбярэжнай расліннасці. Частка “бразіл” з партугальскай азначае “чырвоны, як вугольчык”, паколькі драўніна паў-бразіл дае натуральны чырвоны фарбавальнік, што знайшоў попыт у еўрапейскіх тэкстыльных мануфактур. Доўгі час драўніна з’яўлялася галоўнай экспартнай прадукцыяй новай калоніі (дрэвы высякаліся індзейцамі тупі і абменьваліся на еўрапейскія тавары). Такім чынам, назва краіны паўстала ў мараплаўча-гандлярскім асяроддзі і паступова выцясніла афіцыйную “Зямлю святога крыжа” (Terra da Santa Cruz). Іншыя гістарычныя назвы Бразіліі адсылалі да пальмаў ды папугаяў.
Геаграфічнае становішча
Асноўны артыкул: Геаграфія Бразіліі
Бразілія займае амаль што палову Паўднёваамерыканскага кантынента (калі дакладна, 47,3 %). Аточаная Атлантычным акіянам з усходу, Бразілія мае берагавую лінію працягласцю 7,5 тыс. км. Менавіта ў Бразіліі знаходзіцца крайні ўсходні пункт мацерыка — мыс Кабу-Бранку. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі — з Венесуэлай, Гаянай, Сурынамам і Французскай Гвіянай на поўначы, з Калумбіяй на паўночным захадзе, з Балівіяй і Перу на захадзе, з Аргенцінай і Парагваем на паўднёвым захадзе і з Уругваем на поўдні — за выключэннем Эквадора і Чылі.
Найбольш значныя астравы: Маражо ў дэльце Амазонкі; ў Атлантычным акіяне: Фернанду-ды-Наронья, Рокас, Сан-Педру-і-Сан-Паўлу, Санта-Катарына, Абральёс і інш.
Прырода
Асноўны артыкул: Геаграфія Бразіліі
Бразізія займае тэктанічна спакойную ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, амаль цалкам лежачы на старажытнай Паўднёваамерыканскай платформе. Паўночная частка платформы ўкрыта магутным асадкавым покрывам, ёй адпавядае найвялікшая ў свеце Амазонская нізіна. У высока ўзнятых цэнтральнай і паўднёвай частках платформы крышталічныя пароды фундамента выходзяць на паверхню, ствараючы непаўторны рэльеф Бразільскага пласкагор’я, з вышынямі да 3 км над у.м.. З поўдня да пласкагор’я прымыкае невысокае лававае плато Параны. Бразільскія нетры надзвычай быгатыя на рудныя рэсурсы: краіна ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па запасах ніобію, жалезных руд, баксітаў.
Бразілія цалкам ляжыць у гарачым тэмпературным поясе Зямлі, сярэднегадавая тэмпература паўсюль (акрамя найвышэйшых пунктаў пласкагор’я) вышэй за 15°. Перавага вятроў з усходу і адсутнасць горных перашкод абумоўліваюць вялікую колькасць ападкаў на ўсёй тэрыторыі Бразіліі. Толькі на крайнім паўночным усходзе, у дажджавым ценю, размясцілася адносна засушлівая вобласць Каатынга. Амазонская нізіна ляжыць у экватарыяльным кліматычным поясе, гарачым і звышвільготным. Бразільскае пласкагор’е падзелена паміж субэкватэрыяльным і трапічным паясамі: абодва гарачыя і вільготныя, з летнім максімумам ападкаў.
Большая частка Бразіліі адносіцца да басейна ракі Амазонка, прытокі якой дрэнуюць ўсю Амазонскую нізіну і паўночную частку пласкагор’я, і кожны з асноўных прытокаў — Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажас — магутнейшы за любую раку Еўропы. На поўдні Бразіліі цякуць Парана і яе прытокі, на адным з якіх, Ігуасу — на мяжы з Аргенцінай — знаходзяцца неверагоднай прыгажосці вадаспады Ігуасу. Буйных азёр у Бразіліі няма, за выключэннем лагун (Патус, Лагоа-Мірын) на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы.
Відавая разнастайнасць бразільскай фаўны і флоры ўразіла яшчэ Мікалая Вавілава, які адзначаў, што нідзе ў свеце няма такога багацця пальмаў. Басейн Амазонкі заняты вільготнымі экватарыяльнымі лясамі (сельвай) — найвялікшым трапічным лесам на Зямлі. Самыя знакамітыя расліны сельвы: вікторыя рэгія, каўчуканос гевея, бразільскі арэх. Бразільскае пласкагор’е пакрыта перамена-вільготнымі лясамі і саваннамі (мясцовая назва — кампас). У вобласці Каатынга, дзе сухі сезон больш працяглы, саванны набываюць ксерафітнае аблічча. На мяжы з Балівіяй у даліне ракі Парагвай разлеглася самая незвычайная балотная экасістэма тропікаў — Пантанал. Візітоўкамі бразільскай фаўны з’яўляюцца ягуар, браняносец, капібара, тукан, калібры і інш.
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Бразіліі
Чалавек засяліў тэрыторыю сучаснай Бразіліі не менш як 11 000 гадоў таму, прынамсі, столькі даюць археолагі Лузіі — самым старым чалавечым парэшткам, знойдзеным у штаце Мінас-Жэрайс. Узрост керамікі, адшуканай у Амазоніі, складае 8000 гадоў — найстаражытнейшыя ўзоры ў Амерыцы — і гэта сведчыць аб тым, што ў Сельве ўжо тады існавала развітая культура. На момант прыбыцця еўрапейцаў — усходняе ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі было адкрыта партугальскім мараплаўцам Педру Кабралам у 1500 — тэрыторыя сучаснай Бразіліі была заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (групы тупі, гуарані, жэ) агульнай кольскасцю каля 7 млн чалавек. Асноўнымі заняткамі індзейцаў былі паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства, падсечнае земляробства. Паміж плямёнамі ішлі пастаянныя войны.
Педру Кабрал абвясціў адкрыты бераг партугальскімі ўладаннямі і на тры стагоддзі велізарная краіна стала калоніяй невялічкай Партугаліі. Аднак першае паселішча было заснавана толькі ў 1532 годзе, а сур’ёзна за каланізацыю Бразіліі партугальцы ўзяліся ў 1534, калі кароль Жуан III падзяліў узбярэжжа на 15 капітанстваў. Для зручнейшага кіравання калоніяй у 1549 капітанствы былі аб’яднаныя ў адзінае генерал-губернатарства. Каланізатары напачатку асвоілі ўзбярэжжа, пасля перадавыя атрады (бандэйранты) пачалі прасоўвацца ўглыб мацерыка і ўрэшце зайшлі далёка на захад ад “папскага мерыдыяна”, што быў праведзены паміж партугальскімі і іспанскімі ўладаннямі ў Амерыцы. Нягледзячы на тое, што першыя 2 стагоддзі каланізацыі былі адзначаны бесперапыннай вайной з тубыльцамі, разрозненыя індзейскія плямёны не здолелі аказаць еўрапейцам сур’ёзнага супраціву. У сярэдзіне XVI стагоддзя акрэслілася міжнародная цукровая спецыялізацыя Бразіліі, на прантацыі трыснягу сталі завозіць афрыканскіх неграў з партугальскіх калоній (Ангола, Мазамбік) і не толькі. У канцы XVII пасля адкрыцця бандэйрантамі радовішчаў золата, на змену цукроваму буму прыйшла залатая ліхаманка, што прыцягнула яшчэ больш мігрантаў з Партугаліі і яе калоній.
Першай сур’ёзнай спробай дамагчыся незалежнасці слала ў 1788 г. “змова ў Мінас-Жэрайсе”, хутка раскрытая ўладамі. Цягам наступных дзесяцігоддзяў натхняльнікам і ўскосным віноўнікам бразільскай незалежнасці стала Францыя: на пачатку XIX стагоддзя ідэі Вялікай Французскай рэвалюцыі наэлектрызавалі лацінаамерыканскае паветра свабодай, а каталізатарам дэкаланізацыі сталі напалеонаўскія войны ў Еўропе: у 1808 партугальскі каралеўскі двор уцёк з акупаванага французамі Лісабона ў Рыа-дэ-Жанейра. У 1815 статус краіны быў узняты да Аб’яднага каралеўства з Партугаліяй. Афіцыйна Бразілія стала незалежнай дзяржавай у 1822 і абвясціла сябе імперыяй. Паводле канстытуцыі 1824 года Бразільская імперыя з’яўлялася ўнітарнай парламенцкай манархіяй. За 67 гадоў на бразільскім троне змянілася ўсяго два імператары Браганскай дынастыі, што насілі імя Пэдру. Знешняя палітыка ў эпоху Пэдру ІІ была паспяховай: у 1852 Бразілія перамагла Аргенціну ў Лаплацкай вайне і стала самай уплывовай дзяржавай кантыненту. У 1888 у краіне было адменена рабства. У 1889 у Рыа-дэ-Жанэйра адбыўся ваенны пераварот, у выніку якога Пэдру II быў зрынуты, а краіна была абвешчана прэзідэнцкай рэспублікай.
У 1894-1930 ва ўладзе знаходзіліся цывільныя. У гэты час Бразілія перахварэла на каўчукавую ліхаманку, перамагла Балівію ў вайне за Акры (1903, вайна стала ўскосным вынікам ліхаманкі), паўдзельнічала на баку Антанты ў Першай Сусветнай вайне, паспрабавала гуляць адметную ролю ў Лізе Нацый. У 1930 у выніку ваеннага перавароту да ўлады прыйшоў Жытуліу Варгас, які ўсталяваў дыктатарскі рэжым. У 1942 годзе Бразілія, пацярпелая ад нямецкіх падводных лодак, абвясціла вайну дзяржавам Восі і нават даслала экспедыцыйны корпус у Італію. Тым цікавей, што параза фашысцкіх рэжымаў стала адной з прычынаў падзення рэжыму Варгаса (у 1951-54 ён яшчэ пакіраваў краінай у якасці дэмакратычна абранага прэзідэнта, але быў зрынуты і скончыў жыццё самагубствам). У канцы 1950-х пры прэзідэнце Кубічэку быў спраеткаваны, збудаваны і адкрыты горад Бразіліа — новая сталіца краіны. У 1964 чарговая ваенная хунта ажыццявіла чарговы пераварот і кіравала Бразіліяй да 1985, калі ўлада вярнулася да цывільнага ўрада. У 1988 пабачыла свет сённяшняя канстытуцыя Бразіліі.
Першае дэмакратычнае дзесяцігоддзе было прайшло ў няўдалых спробах пераадолець крызіс і пераняць інфляцыю. Прыняцце ў 1994 Плана Рэал і яго далейшае ажыцяўленне вылекавалі эканоміку Бразіліі. У 2002 пасаду прэзідэнта заняў сацыяліст Лула да Сілва, у 2006 ён быў пераабраны. У 2010 выбары выйграла Дылма Русеф — паплечніца Сілвы па Партыі працоўных. Здавалася, Бразілія трывала стала на дэмакратычныя рэйкі. Але бясконцая карупцыя, паліцэйскае беззаконне — усё гэта нікуды ні знікла і пакрыёма збіралася, каб прагрымець у сярэдзіне 2010-х вулічнымі пратэстамі, што ўрэшце прывяло да імпічменту Дылмы Русеф у 2016.
Дзяржаўны лад
Асноўны артыкул: Дзяржаўны лад Бразіліі
Палітычная сістэма
Паводле Канстытуцыі 1988 года Бразілія з’яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт выбіраюцца разам на 4 гады, з магчымасцю перавыбараў. Прэзідэнт адначасова з’яўляецца лідарам дзяржавы і главой урада, у якім прызначае міністраў. Парламент — дзвюхпалатны Нацыянальны кангрэс: федэральны сенат (81 месца) і палата дэпутатаў (513 месцаў). Згодна з індэксам дэмакратыі (2017), Бразілія можа пахваліцца дэмакратычным палітычным рэжымам.
31 кастрычніка 2010 года прэзідэнтам была выбрана Дылма Вана Русеф, у 2014 яна была пераабрана на другі тэрмін. У 2016 Русеф быў аб’яўлены імпічмент, а часовым прэзідэнтам стаў віцэ-прэзідэнт Мішэл Тэмер. У лістападзе 2018 года адбыліся чарговыя выбары, у выніку якіх прэзідэнам стаў лідар Сацыял-Ліберальнай партыі, былы вайсковец, капітан Жаір Балсанару.
На 2017 год, сілы партыя якія маюць прадстаўнікоў у палаце дэпутатаў парламенцта:
- Партыя бразільскага дэмакратычнага руху — атрымала 51 месца;
- Партыя працоўных — 61;
- Дэмакраты — 43;
- Бразільская сацыял-дэмакратычная партыя — 49;
- Прагрэсіўная партыя — 49.
Замежная палітыка
Традыцыйна Бразілія была лідарам у лацінаамерыканскай супольнасці і мела вельмі паважную ролю ў сістэме калектыўнай бяспекі, а таксама эканамічнай кааперацыі паўднёвага паўшар’я. Сёння Бразілія з’яўляецца сябрам Міжамерыканскага дагавора ўзаемнай дапамогі, а таксама сябрам Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў. Не так даўно Бразілія пачала надаваць высокі прыярытэт адносінам са сваімі паўднёва-амерыканскімі суседзямі і ўвайшла ў Амазонскі пакт, Асацыацыю лацінаамерыканскай інтэграцыі і Меркасур. Адкрытым пытаннем бразільскай замежнай палітыкі з’яўляюцца некалькі неўрэгуляваных памежных спраў з Уругваем.
Адносіны з Беларуссю
Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 10 лютага 1992 года. У 2001 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра адкрылася генеральнае консульства Беларусі[4]. У лістападзе 2010 года ў Бразіліа адкрыта Амбасада Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 2011 года адкрыта амбпсада Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Мінску.[5]
21—22 сакавіка 2010 адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Бразілію. Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам Бразіліі Луісам Ігнасіу Лулам да Сілва. Па выніках сустрэчы прэзідэнты прынялі сумесную дэкларацыю[6].
Узброеныя сілы
Бразілія мае найбольшыя ў Лацінскай Амерыцы ўзброеныя сілы, якія з 1999 года падзяляюцца на тры роды войскаў: наземныя ўзброеныя сілы, марскі флот (Marinha do Brasil) у складзе якога паветраныя сілы і марская пяхота (Corpo de Fuzileiros Navais) а таксама паветраныя сілы (Forca Aerea Brasileira). Поўная колькасць войскаў складае 317 тыс. чалавек. У войска прызываюцца мужчыны ва ўзросце ад 19 гадоў. Падчас ваеннай дыктатуры (1964 - 1985) Бразілія праводзіла праграму стварэння ядзернай зброі, але пасля прыходу грамадзянскай улады праграмы была закрыта.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Паводле канстытуцыі 1988 года Бразілія — федэратыўная рэспубліка; федэрацыю ўтвараюць сталічная федэральная акруга і 26 штатаў на першым узроўні; 5.564 муніцыпалітэтаў на другім узроўні. Штаты маюць аўтаномныя адміністрацыі на чале з губернатарамі і аднапалатныя заканадаўчыя органы; збіраюць свае ўласныя падаткі і атрымліваюць долю падаткаў, сабраных федэральным урадам. Ступень федэралізацыі ў Бразіліі меншая, чым, напрыклад, у ЗША: тое ж крымінальнае права тут адносіцца да федэральных кампетэнцый. Штаты згрупаваныя ў 5 рэгіёнаў: паўночны, паўночна-ўсходні, цэнтральна-заходні, паўднёва-ўсходні, паўднёвы. Выдзяленне рэгіёнаў, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў статыстыцы, мела пад сабою выключна геаграфічны крытэрый.
Насельніцтва
Асноўны артыкул: Насельніцтва Бразіліі Калі звярнуцца да гісторыі, то можна ўбачыць, што да 1930-х насельніцтва Бразіліі фарміравалася з большага за кошт іміграцыі, прычым да канца ХІХ ст. пераважала міграцыя з Партугаліі і яе калоній (Мазамбік, Ангола), а ў 1890-х-1920-х Бразілія дала прытулак больш як 4-м мільёнам мігрантаў з паўднёвай і ўсходняй Еўропы, а таксама — Японіі. У 1940-х поспехі медыцыны і яе паўсюднае пранікненне прывялі да скарачэння смяротнасці і дэмаграфічнага выбуху: у 1950-х-70-х штогадовыя тэмпы росту насельніцтва Бразіліі складалі 2,5-3 %.
Агульная колькасць жыхароў Бразіліі на пачатак 2019 года складае 210 млн чалавек. Нягледзячы на тое, што за апошняе дзесяцігоддзе насельніцтва краіны павялічылася на 20 млн.чал, тэмпы росту яго колькасці моцна запаволіліся (0.71 % у 2018). На 1000 чалавек у 2018 нарадзілася 13,9, а памерла — 6,7 чалавек. Гэтыя лічбы сведчаць, што нараджальнасць значна скарацілася, а станоўчай дынаміка насельніцтва застаецца дзякуючы нізкай смяротнасці. За кошт падзення нараждальнасці (сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў 2018 складае 1.75), доля маладога насельніцтва імкліва змяшаецца (0-14 гадоў — 22 % у 2018), аб чым сведчыць полава-ўзроставая піраміда.[7].
Расава-этнічны склад насельніцтва Бразіліі надзвычай стракаты. У бразільцах перамяшалася індзейская, афрыканская і еўрапейская кроў, і на колькі адсоткаў чорным або белым з’яўляецца бразілец, сказаць немагчыма. Тым не менш, падчас перапісу 2010 года 47,7 % жыхароў краіны назвалі сябе белымі (пры папярэднім перапісе белымі назвалі сябе больш за палову бразільцаў), 43 % — мулатамі або парда (у гэтую групу ўключаны і метысы і самба), 7,6 % — проста чарнаскурымі . Яшчэ 1,1 % бразільцаў маюць азіяцкае паходжанне, 0,4 % — карэннае насельніцтва (індзейцы); азіятаў і індзейцаў лучыць прыналежнасць да мангалоіднай расы. У 2007 Нацыянальны індзейскі фонд адзначыў, што ў Бразіліі пражываюць 67 некантактных (да якіх зусім не дакранулася сучасная цывілізацыя) індзейскіх плямёнаў — больш, чым ва ўсім астатнім свеце. Бразільская рэлігія сфармавалася на партугальскім каталіцкім субстраце з дамешкам афрыканскіх і індзейскіх рэлігійных традыцый, што прывяло да з’яўлення мноства сінтрэтычных культаў, самымі вядомымі з якіх сталі умбанда ды спірытуалізм Алана Кардэка. У ХХ - пач. ХХІ ст. у Бразіліі распаўсюджваецца пратэстантызм, і сёння 22 % бразільцаў — гэта пратэстанты (пяцідзесятнікі, евангелісты, баптысты).
Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 25 чал.на кв.км. Насельніцтва сканцэнтравана ў паўднёва-ўсходнім (86 млн.) і паўночна-ўсходнім (57 млн.) рэгіёнах, у той час як цэнтральны захад і поўнач Бразіліі, якія ахопліваюць 64 % плошчы разам маюць толькі 33 млн жыхароў, або 16 % насельніцтва краіны. Такі дысбаланс тлумачыцца слабай асвоенасцю Амазоніі (паўночны рэгіён) і цэнтральна-заходніх раёнаў Бразільскага пласкагор’я (цэнтральны захад), што тлумачыцца як прыроднымі прычынамі, так і гісторыяй асваення краіны. 87 % бразільцаў жыве ў гарадах. Буйнейшымі агламерацыямі з’яўляюцца Сан-Паўлу (21,65 млн), Рыа-дэ-Жанэйра (13,29 млн), Белу-Арызонты (5,97) — усе ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне; Бразіліа (4,47), Порту-Алегры (4,1), Рэсіфі (4 млн)[8]. Сан-Паўлу канкуруе з Нью-Ёркам за званне найбуйнейшага горада Амерыкі. Рыа-дэ-Жанэйра з’яўляецца самым наведвальным горадам у паўднёвым паўшар’і.
Эканоміка
Асноўны артыкул: Эканоміка Бразіліі
Эканоміка Бразіліі адносіцца да змешанага тыпу і адрозніваецца вялікай дыверсіфікацыяй. Дзякуючы багаццю рэсурамі, высокаму ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі, здабыўной і апрацоўчай прамысловасці і сектара паслуг, а таксама вялікай колькасці працаздольнага насельніцтва (107 млн, 6 месца ў свеце), па ўзроўні ВУП Бразілія значна абганяе любую іншую краіну Лацінскай Амерыкі, з’яўляючыся вядучай эканомікай у Меркасур. Цяпер краіна пашырае сваю прысутнасць на сусветных рынках. Хоць бразільская эканоміка дастаткова развітая, праблемы карупцыі, беднасці і непісьменнасці ўсё яшчэ з’яўляюцца значнымі перашкодамі для развіцця краіны. У 2008 годзе ў Бразіліі 25,9% насельніцтва пражывала за мяжой беднасці. Паводле дадзеных, атрыманых навукоўцамі бразільскага фонду вывучэння грамадскай думкі і сацыяльных даследаванняў імя Жэтуліу Варгаса, з 1994 па 2010 год узровень беднасці ў краіне ўпаў на 67,3%, прычым 50% ад гэтага падзення прыйшліся на апошнія 8 гадоў; сацыяльная няроўнасць у Бразіліі, такім чынам, дасягнула мінімальнага паказчыка за апошнія паўстагоддзя[9].
Па памерах ВУП па пакупніцкай здольнасці у першай палове 2010-х Бразілія займала 7-е месца ў свеце. У 2014-2016 г. эканоміка Бразіліі зведала найгоршую за ўсю гісторыю рэцэсію, што суправаджалася палітычнымі скандаламі і грамадзянскімі пратэстамі. 2017 год прынёс станоўчыя вынікі: рост ВУП склаў 1 %, узровень інфляцыі ўпаў да гістарычнага мінімуму (2,9 %). У выніку рэцэсіі Бразілія была ссунута на восьмы радок Інданезіяй. Сёння абедзьве новыя індустрыльныя краіны дыхаюць у спіну Германіі і Расіі, што займаюць 5-6 пазіцыі. ВУП краіны ў 2018 годзе склаў $ 3,37 трлн ($ 16 112 на душу насельніцтва). 6,6 % ВУП прыходзіцца на сельскую гаспадарку і сумежныя з ёй лясную гаспадарку і рыбалоўства, прамысловасць і сфера паслуг складаюць 20,7 % і 72,7 % ВУП адпаведна.[10]
Эканоміка Бразіліі моцна адрозніваецца паміж рэгіёнамі. Найбольш развітая прамысловасць сканцэнтраваная на поўдні і паўднёвым усходзе краіны. Паўночны ўсход — бедны рэгіён Бразіліі, але цяпер і ён пачынае прыцягваць новыя інвестыцыі.
Прамысловасць
Бразілія мае найбольш развіты прамысловы сектар у Лацінскай Амерыцы, які да рэцэсіі 2014-16 г. складаў траціну ВУП. Бразілія вырабляе разнастайную прадукцыю, ад аўтамабіляў, сталі і нафтапрадуктаў да камп’ютараў, самалётаў і спажывецкіх тавараў. Галоўнай галіной прамысловасці з’яўляецца машынабудаванне. Бразільскі канцэрн Эмбраер — трэці вытворца самалётаў у свеце, ягоная прадукцыя карыстаецца попытам і ў Беларусі. Па вытворчасці аўтамабіляў (2,7 млн у 2017) Бразілія займае 9 месца, пры гэтым краіна з’яўляецца чацвёртым у свеце аўтамабільным рынкам. Найбуйнейшымі індустрыяльнымі цэнтрамі краіны з’яўляюцца Сан-Паўлу, Рыа-дэ-Жанейра, Кампінас, Белу-Арызонты, Порту-Алегры.
Энергетыка
Асноўны артыкул: Энергетыка Бразіліі
Па колькасці спажыванай энергіі Бразілія займае дзясятае месца ў свеце і першае — у Лацінскай Амерыцы. Асноўная асаблівасць бразільскага энергетычнага сектара ў тым, што большая частка энергіі ў краіне вырабляецца з узнаўляльных крыніц. Краіна - найбуйнейшы вытворца этанолу, паліва з цукровага трыснёга; дзякуючы гэтаму Бразілію часам называюць біяэнергетычнай звышдзяржавай. У 2005 быў выпушчаны першы авіяцыйны рухавік, што працуе на трысняговым этаноле. Аснову электраэнергетыкі складаюць ГЭС, сярод якіх ёсць буйнейшыя ў свеце: Ітайпу на рацэ Парана (2-я ў свеце), Тукуруі на рацэ Такантынс.У 2019 плануецца скончыць будаўніцтва ГЭС Белу-Монці на рацэ Шынгу, якая стане пятай сярод наймагутнейшых ГЭС свету. З неўзнаўляльных рэсурсаў асноўнымі крыніцамі энергіі служаць нафта і прыродны газ. Сёння 4 % электраэнергіі Бразілія атрымлівае ад мірнага атама. На адзінай АЭС краіны — «Ангра» побач з Рыа-дэ-Жанейра — працуюць два рэактары, было распачата будаўніцтва трэцяга; яшчэ сем рэактараў планавалася пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю да 2025 года. Аднак з-за трагічных падзей на АЭС «Фукусіма» ў Японіі ў сакавіку 2011 года ў Бразіліі ўзняўся рух супраць атамнай энергетыкі (так, 27 сакавіка 2011 года ў Рыа-дэ-Жанэйра адбылася маніфестацыя супраць яе выкарыстання)[11].
Сельская гаспадарка
Асноўны артыкул: Сельская гаспадарка Бразіліі
На працягу апрошніх 150 гадоў краіна з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам кавы. Сённяшняя Бразілія — сустветны лідар па вытворчасці цукру і вырошчванні апельсінаў. Таксама Бразілія ўваходзіць у лік буйнейшых вытворцаў соі, касавы, сізаля і папаі. Асноўнымі збожжавымі культурамі з’яўляюцца кукуруза (3 месца ў свеце) і рыс (1-е месца па-за межамі Азіі). Да важных тэхнічных культур адносяцца бавоўнік і какава. Бразілія — сусветны лідар ў такіх напрамках жывёлагадоўлі як вырошванне буйной рагатай жывёлы (218 млн галоў, 1-е месца ў свеце) і свінагадоўля (3-е месца ў свеце, 38 млн галоў)
Сфера паслуг
Бразілія таксама мае развіты і разнастайны сектар паслуг. У пачатку 1990-х банкаўскі сектар дасягнуў 16% ВУП. Хоць бразільская банкаўская сістэма зараз актыўна рэфармуецца, яна забяспечвае мясцовыя прадпрыемствы шырокім наборам паслуг і прыцягвае шматлікіх новых удзельнікаў, у прыватнасці фінансавыя фірмы з ЗША. Фондавыя біржы Сан-Паўлу і Рыа-дэ-Жанэйра зараз падвяргаюцца значнай кансалідацыі.
Транспарт
Асноўны артыкул: Транспарт Бразіліі
Асноўнымі транспартнымі шляхамі ўнутры краіны з’яўляюцца аўтадарогі. Сістэма аўтадарог дастаткова развітая і складаная. Аднак, у некаторых раёнах падчас трапічных ліўняў аўтадарогі становяцца цяжкапраходнымі і небяспечнымі. У першую чаргу гэта тычыцца знакамітай Трансамазонскае шашы.
Чыгункі ў Бразіліі наогул састарэлі і выкарыстоўваюцца амаль выключна для перавозкі грузаў. Працягласць чыгунак складае 29850 км (2014, 10-е месца ў свеце), з іх толькі 1520 км электрыфікавана. Большая частка сеткі прыходзіцца на вузкакаляінныя чыгункі (1000 мм), 5800 км чыгункі мае шырыню каляіны 1600 мм, яшчэ 185 км — станартную еўрапейскую (1435).[12] Варта адзначыць, што ўрад Бразіліі робіць спробы мадэрнізацыі чыгуначнага транспарту і стварэння хуткасных чыгунак. У васьмі бразільскіх гарадах працуе метро, самая разгалінаваная сістэма ў метрапалітэна Сан-Паўлу, адкрытага ў 1974 годзе.
Марскі транспарт, які традыцыйна быў вельмі важным у Бразіліі, і ў наш час мае выключнае значэнне для знешніх сувязяў (нават з паўднёваамерыканскімі суседзямі), хоць выкарыстоўваецца цяпер амаль выключна для перавозкі грузаў. Найбуйнейшы кантэйнерны порт — Сантус, марскія вароты Сан-Паўлу. Таксама важны рачны транспарт, асабліва ў Амазоніі, дзе ён з’яўляецца асноўным відам транспарту. Найбуйнейшы рачны порт — Манаўс пры зліцці Амазонкі ды Рыу-Негру.
Авіяцыйны транспарт сёння хутка развіваецца. У Бразіліі дзейнічае 4093 аэрапорты (2013) — гэта другое месца ў свеце пасля ЗША, аднак амаль усё міжнароднае спалучэнне забяспечваюць аэрапорты Сан-Паўлу/Гуарульёс у Сан-Паўлу або Рыа-дэ-Жанэйра/Галеан у Рыа-дэ-Жанэйра.
У Бразіліі развіта сетка трубаправодаў, працягласць якіх у 2016 годзе склала: амаль 20 000 км.
Знешні гандаль
Галоўныя экспартныя тавары ўключаюць сельскагаспадарчую прадукцыю і прадукцыю харчовай прамысловасці (каля 40 % экспарту тавараў): сою, каву, апельсінавы сок, цукровы трыснёг і цукар, ялавічыну; прадукцыю машынабудавання, авіяцыйную тэхніку, электраапаратуру, транспартныя сродкі; здабыўной прамысловасці: жалезную руду, баксіты, апошнім часам — і нафту; а таксама сталь, тканіны, абутак і інш. [13]
- Экспарт у 2016 годзе: Кітай — 19,7 %, ЗША — 12,3 %, Аргенціна — 6,7 %, Нідэрланды — 4,2 %, Германія — 4 %. Экспарт у Рэспубліку Беларусь у 2017 склаў 76,2 млн даляраў (пераважна самалёты і сельскагаспадарчая прадукцыя) [14]
Бразілія імпартуе прадукцыю хімічнай прамысловасці (у тым ліку, фармацэўтыкі), прамысловае абсталяванне, мабільныя тэлефоны і персанальныя камп’ютары і інш.
- Імпарт у 2016 годзе: ЗША — 20,9 %, Кітай — 15,2 %, Германія — 6,7%, Аргенціна — 6,2 %. Імпарт з Беларусі ў 2017 амаль дасягнуў паўмільярднай адзнакі (пераважна калійныя ўгнаенні).
Валюты
Валютамі Бразіліі паслядоўна былі бразільскі рэйс, бразільскі крузейра, новы крузейра, крузада, крузейра рэал, бразільскі рэал. Замена адной валюты на іншую ў асноўным выраблялася з адначасовай дэнамінацыяй з-за высокай інфляцыі.
Культура
Ядро бразільскай культуры склала партугальская культурная спадчына. Сярод галоўных рысаў партугальскага каланіяльнага ўплыву — партугальская мова, рымскі каталіцызм і каланіяльны архітэктурны стыль. На фарміраванне культуры Бразіліі моцна ўплывалі таксама афрыканскія, тубыльскія і непартугальскія еўрапейскія (італьянскія, нямецкія і інш.) культурныя традыцыі. Заўважны моцны ўнёсак аўтахтоннага індзейскага насельніцтва ў мову і кухню Бразіліі, а афрыканцаў — таксама ў музыку, танцы і рэлігію.
Бразільскае мастацтва развіваецца з 16 стагоддзя і прайшло ў сваім развіцці некалькі стылявых эпох: барока (дамінавала да пачатку 19 стагоддзя), рамантызм, мадэрнізм, экспрэсіянізм, кубізм, сюррэалізм і абстракцыянізм.
Бразільская музыка пад уплывам афрыканскіх, еўрапейскіх і індзейскіх форм парадзіла мноства арыгінальных стыляў: самба, маракату, боса-нова і інш.
Дзякуючы сваёй багатай культуры і гісторыі, Бразілія займае трынаццатае месца ў свеце па колькасці аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Зноскі
- ↑ https://www.ibge.gov.br/estatisticas-novoportal/sociais/populacao/9109-projecao-da-populacao.html?=&t=resultados
- ↑ https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?sy=2018&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=24&pr1.y=3&c=223&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ http://hdr.undp.org/sites/default/files/2018_human_development_statistical_update.pdf
- ↑ Матэрыялы брыфінга прэс-сакратара МЗС Беларусі Паўла Латушкі, праведзенага для прадстаўнікоў СМІ 7 лютага б.г.(недаступная спасылка)// Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі. 7 лютага 2002
- ↑ http://brazil.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/
- ↑ Сумесная дэкларацыя Прэзідэнта Беларусі і Прэзідэнта Бразіліі// Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 2010
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ Социальное неравенство в Бразилии достигло исторического минимума // РИА Новости. — 04.05.2011.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ Манифестация против использования атомной энергии прошла по пляжам Рио // РИА Новости. — 28.03.2011.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=32&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
- ↑ http://brazil.mfa.gov.by/ru/exportby/
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1551 годзе Катэгорыя·Былыя калоніі Нідэрландаў Катэгорыя·Былыя калоніі Партугаліі Катэгорыя·Муніцыпалітэты штата Эспірыту-Санту
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.