Бругэ
Бругэ (нідэрл.: Brugge; фр.: Bruges; англ.: Bruges) — горад у Фландрыі, у Бельгіі. Сталіца правінцыі Заходняя Фландрыя.
Гістарычны цэнтр (плошчай 430 га), як сярэдневяковы горад, занесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У часы свайго росквіту ў перыяд Сярэднявечча насельніцтва складала 200 000 жыхароў (цяпер — крыху больш за 117 тыс.). Дзякуючы сярэдневяковаму багаццю сённяшні Бругэ лічыцца адным з самых маляўнічых гарадоў Еўропы.
Бругэ — важны эканамічны цэнтр краіны. У канцы XX стагоддзя за межамі гістарычнага ядра быў пабудаваны сучасны марскі порт, дзякуючы чаму горад вярнуў сабе згубленую ролю гандлёвага марскога горада.
Паходжанне назвы
Найстарэйшая крыніца, у якой упершыню даецца назва горада, датуецца 875 годам. Гэтая крыніца — старажытныя манеты, на якіх напісана Bruggia і Bruccia. Аднак дакладнае паходжанне назвы дагэтуль не зафіксавана. Магчыма, гэта скажонае кельцкае імя для ракі Рае (нідэрл.: Reie), якая цячэ праз горад. Што тычыцца назвы самой ракі, то яна, імаверна, паходзіць ад кельцага слова Рогія (Rogia), што значыць «Святая вада». У працэсе эвалюцыі імя ракі з Rogia да Ryggia, змянялася і назва горада — да Bryggia.
Пазней адбылося змяшэнне са старажытнанарвежскім словам bryggja, што абазначае «памосткі» і «прыстань». Старажытнанарвежскі ўплыў трэба ўлічваць з прычыны інтэнсіўных гандлёвых сувязей са Скандынавіяй па Паўночным моры.
Гіпотэза, якая звязвае назву горада са словам «мост» (нідэрл.: brug) лічыцца найменш імавернай. Абгрунтаванне непрыняцця такога паходжання назвы падмацоўваецца эвалюцыяй самаго слова brug, якое раней вымаўлялася як Brigge (для параўнання, англійскае слова bridge, старажытнаанглійскае — brycg, фрызскае — brigge або bregge, гальскае — briva).
Неафіцыйныя назвы горада
Часта горад называюць «Паўночнай Венецыяй» з-за вялікай колькасці каналаў і мастоў (каналы ў Бругэ атрымалі ўласнае імя — ра́ен («reien») ад назвы ракі, што цячэ праз горад — Рае). Таксама жыхары Бругэ называюць свой горад — Брэйдэлстад («Breydelstad»). Гэтая назва пайшла ад імі легендарнага героя з паданняў XIV стагоддзя Яна Брэйделя.
Жартаўлівая мянушка жыхароў Бругэ — «Бругскія вар’яты» («Brugse zotten»). Гэтая мянушка з’явілася дзякуючы наступнай легендзе: жыхары горада, у час сваёй барацьбы за аўтаномію ў Свяшчэннай Рымскай імперыі, у 1488 годзе зняволілі на чатыры месяцы Максіміліяна I Аўстрыйскага. За гэта гораду было забаронена праводзіць штогадовы кірмаш. Каб неяк задобрыць манарха, жыхары Бругэ для яго правялі вялікі фестываль для вяртання дазволу на правядзенне кірмашу, на спагнанне падаткаў і … будаўніцтва вар’яцкага дома. Яго адказ быў такі: «Зачыніце ўсе парты Бругэ і атрымаеце вар’яцкі дом!».
Геаграфія
Горад знаходзіцца на паўночным захадзе краіны, за 15 км ад марскога берага. Бругэ атачаюць урадлівыя раўніны. Горад знаходзіцца на чыгуначнай лініі Гент — Астэндэ. На тэрыторыі горада зліваюцца тры каналы — ў кірунку Гента, Слаўса і Остэнда; глыбіня гэтых каналаў дазваляе хадзіць па іх вялікім марскім караблям.
Гісторыя
Гісторыя да XVI стагоддзя
Гісторыя Бругэ, якая падмацоўваецца дакладнымі звесткамі, адносіцца да III стагоддзя — перыяд Рымскай імперыі, калі рымскія войскі для абароны тэрыторыі ад набегаў германскіх плямёнаў пабудавалі рад умацаванняў. Адно з такіх умацаванняў было разлічана на абарону ад уварвання з Паўночнага мора і працягнулася на ўзбярэжжы ля вусця ракі Рае, дзе пазней вырас горад.
Марскі гандаль атрымаў у гэтым раёне значнае развіццё дзякуючы блізкасці Англіі і зносінам са Скандынавіяй. Аднак спачатку вялікія караблі маглі дасягаць Бругэ толькі падчас прыліву. Так было да XII стагоддзя, пакуль пасля паслядоўнага напаўнення вадой аднаго з рукавоў ракі, горад не атрымаў прамога і дастаткова глыбокага выхаду да мора.
У XIII стагоддзя Бругэ становіцца важным міжнародным гандлёвым цэнтрам на шляхах з поўдня на поўнач Еўропы. Горад набыў прывілеяваную пазіцыю ў гандлі тканінамі з Англіяй у параўнанні з астатнімі фламандскімі гарадамі. Важнай прычынай было і тое, што Бругэ меў добрыя сувязі з унутранымі раёнамі Еўропы, якія праходзілі праз іншыя важныя гарады — горад Гент, горад Мехелен, Брусель і горад Лёвен. У непарыўнай сувязі з міжнародным гандлем развіваліся і іншыя галіны эканомікі, ў тым ліку банкаўская сфера.
Пра багацце горада ў тыя часы сведчаць пабудаваныя ў 1240 годзе палата суконшчыкаў і вежа-званіца, а таксама адрамантаваны пасля пажару ў 1280 годзе замак, як прыкмета палітычнай і эканамічнай самастойнасці горада.
XIV стагоддзя па праве лічыцца «Залатым векам» Бругэ. Насельніцтва ў гэты перыяд дасягнула 46.000 жыхароў — у ім больш ніколі не жыло да пачатку XIX стагоддзя.
Заняпад XV—XVI стагоддзяў
У XV стагоддзі эканамічныя пазіцыі Бругэ аслабелі. Асноўнай прычынай гэтага стала паступовае абмяленне выхаду да мора, з-за чаго порт Антверпена стаў болей зручным для марскога гандлю. Неўзабаве з Бругэ ў Антверпен пераехалі і ганзейскія канторы і факторыі. Акрамя таго, для заняпаду былі і палітычныя прычыны: пасля нечаканай смерці графіні Марыі Бургундскай у 1482 годзе і паўстання ў Фландрыі супраць Максіміліяна I Аўстрыйскага, горад трапіў у няміласць. Бругэ вымушаны быў зруйнаваць свае муры і адмовіцца ад самастойнасці.
Падчас Васьмідзесяцігадовай вайны Бругэ быў некалькі разоў полем бітваў. У 1579 годзе горад далучыўся да Утрэхцкай уніі (ваенна-палітычны саюз аб’яднанных паўночных правінцый Нідэрландаў супраць іспанскага панавання). Аднак унія супраць Іспаніі не скора вярнула эканамічнае развіццё: выхад да мора застаўся на пэўны час за іспанцамі. Гэта значна ўскладняла гандаль, аднак горад працягваў жыць. У 1510 годзе Бругскі магістрат заснаваў школу для хлапчукоў з бедных сямей. Праз восем гадоў, у 1518-м, была заснавана школа для дзяўчынак.
Бругскія карункі і «паміраючы горад» (перыяд XVII—XVIII стст.)
XVII стагоддзя ў гісторыі Бругэ непарыўна асацыюецца з вырабам карункаў. Каклюшкі са звычайнага занятку жанчын перараслі спачатку ў рамяство, а потым і ў цэлую гарадскую індустрыю.
З 1612 года пачынаюць адкрывацца школы для дзяўчынак, дзе сярод іншага іх вучылі і майстэрству вырабу карункаў. Павялічэнне школ для дзяўчынак у параўнанні з колькасцю школ для хлапчукоў (125 супраць 15) даказвае, што выраб дадзенай прадукцыі быў запатрабаваным на рынку і паступова станавіўся важнай крыніцай прыбытку Бругэ. У 1802 годзе прыкладна 6 тыс. жанчын займаліся вырабам карункаў (пры прыкладнай колькасці жыхароў горада ў 40 тыс. чалавек).
Гарадское кіраўніцтва рабіла спробы вярнуць былую славу Бругэ. Самым галоўным было будаўніцтва новага канала. Аднак відавочных змен для эканомікі горада гэта не прынесла: як і раней Бругэ не мог канкурыраваць з больш развітымі партамі Фландрыі — Гентам і Антверпенам. Бругэ — як звычайны правінцыйны горад — застаўся ў баку ад галоўных падзей XIX стагоддзя: Французская рэвалюцыя, набыццё Бельгіяй незалежнасці, прамысловая рэвалюцыя і г. д. У 1850 годзе Бругэ лічыўся найбяднейшым горадам Фландрыі.
Сучаснікі, якія бывалі ў горадзе, адзначалі яго згаслую прыгажосць. Так апісаў у сваіх падарожных нататках Бругэ французскі пісьменнік Віктор Гюго. Аднак самай трапнай ацэнкай жыцця горада стаў раман Жоржа Родэнбаха «Мёртвы Бругэ» (фр.: Bruges-la-Morte) у 1892 годзе. Яго твор меў вялікі поспех у Еўропе, пазней быў неаднаразова экранізаваны.
У 1877 бельгійскі кароль Леапольд II сказаў, што быў бы рады, калі б «усе прыгожыя дамы і помнікі былі адноўлены так, каб горад зрабіўся вялікім музеем». Неўзабаве так і стала дзякуючы архітэктару Луі дэ ла Сенсеры (фр.: Louis de la Censerie), рэстаўрацыйныя работы якога зрабілі з правінцыйнага горада славутую мясціну.
XX стагоддзе
У 1895 годзе быў рэалізаваны план бельгійскага ўрада па будаўніцтве новага порта — Зэебруге (нідэрл.: Zeebrugge), які б злучаўся з унутраным портам Бругэ. Мэта праекта — павялічыць эканамічную прывабнасць порта горада, аднак з-за недастатку шляхоў зносін з іншымі рэгіёнамі краінамі, а таксама з-за неразвітай прамысловасці ўнутры горада, нельга было чакаць скорага поспеху. Акрамя таго, паступоваму развіццю порта перашкодзіла Першая сусветная вайна, у час якой нямецкія войскі захапілі Бругэ. Горад быў вызвалены брытанцамі толькі праз 4 гады — ў 1918. Пасляваенны порт пачаў працаваць праз два гады — ў 1920-м.
Падчас Другой сусветнай вайны порт Бругэ быў зноў захоплены і на працягу чатырох гадоў знаходзіўся пад акупацыяй. Выкарыстанне порта аднавілася толькі ў 1951 годзе, і з гэтага часу пачынаецца няспынны рост яго значнасці. Ужо з 1960-га года порт можа прымаць найвялікшыя кантэйнерныя караблі і танкеры. З 1970 па 1985 была праведзена наступная рэканструкцыя порта: пабудаваныя дзве новыя марскія дамбы, што дазволіла вынесці гавані глыбей у мора, таксама пабудаваныя два вялікія докі. У горадзе злучаюцца тры каналы — Генцкі, Слэйскі і Остэндскі.
Славутасці
Музеі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бругэ
- Афіцыйны сайт горада Бругэ (англ., фр., нід., ням.)
- Банк здымкаў Бругэ
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.