wd wp Пошук:

Брытанскі Ганконг

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ганконг.

Ганконг — брытанская каронная калонія, а затым залежная тэрыторыя з 1841 па 1997 год.

Гісторыя

Найбольш раннія выяўленыя чалавечыя паселішчы на тэрыторыі сучаснага Ганконга адносяцца да палеаліту. Гэты рэгіён упершыню ўвайшоў у склад Кітая падчас кіравання дынастыі Цынь, а ў часы дынастый Тан і Сун служыў гандлёвым портам і ваенна-марской базай. Першым еўрапейцам, чый візіт у гэты рэгіён быў задакументаваны, быў партугалец Жоржы Альварэш у 1513 годзе[3][4]. Пасля адкрыцця філіяла Брытанскай Ост-Індскай кампаніі ў Кантоне (Гуанчжоу) у рэгіёне стала расці прысутнасць брытанцаў.

З пачатку XIX стагоддзя брытанцы пачынаюць актыўна ўвозіць у Кітай опіум. У 1839 годзе цынскі двор наклаў забарону на ўвоз опіуму, і Вялікабрытанія пачала супраць Кітая Першую Опіумную вайну[5]. Востраў Ганконг быў упершыню акупаваны брытанцамі ў 1841 годзе, а ў канцы вайны ў 1842 годзе афіцыйна перайшоў пад брытанскі суверэнітэт паводле Нанкінскаага дагавора. Яшчэ праз год на востраве быў заснаваны горад Вікторыя(англ.) бел., а тэрыторыя атрымала афіцыйны статус калоніі кароны (адпавядае цяперашнім «заморскім тэрыторыям»). У 1860 годзе пасля паражэння Кітая ў Другой Опіумнай вайне тэрыторыі Каўлунскага паўвострава на поўдзень ад Баўндары-стрыт і вострава Каменярэзаў былі перададзены ў вечнае валоданне Вялікабрытаніі паводле Пекінскага дагавора. У 1898 годзе Вялікабрытанія ўзяла ў Кітая ў арэнду на 99 гадоў суседнія тэрыторыі на поўначы Каўлунскага паўвострава і востраў Лантау, якія атрымалі назву Новыя Тэрыторыі.

Ганконг быў абвешчаны порта-франка, каб палегчыць выкананне ролі грузаперавалачнай базы Брытанскай імперыі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У 1910 годзе адкрылася Каўлун-Кантонская чыгунка, якая злучыла Гуанчжоу і Каўлун. Яе канцавая станцыя размяшчалася ў раёне Чымсачой. У калоніі была ўведзена брытанская сістэма адукацыі. У XIX стагоддзі мясцовае кітайскае насельніцтва мала сутыкаліся з багатымі еўрапейцамі, якія сяліліся ля падножжа піка Вікторыя[5].

Падчас Другой сусветнай вайны 8 снежня 1941 года Японская імперыя напала на Ганконг. Ганконгская бітва скончылася 25 снежня паражэннем брытанскіх і канадскіх сіл, якія баранілі калонію. Падчас японскай акупацыі Ганконга частай з’явай быў нястача прадуктаў, якая пагаршалася гіперінфляцыяй, што была следствам прымусовага абмену валюты на ваенныя банкноты. Насельніцтва Ганконга, якое да вайны складала 1,6 млн чалавек, да 1945 годзе паменшылася да 600 тыс.[6] 15 жніўня Японія капітулявала, і Вялікабрытанія аднавіла суверэнітэт над Ганконгам.

Раён Сентрал, 1955 год

Пасля Другой сусветнай вайны ў Кітаі ўспыхнула грамадзянская вайна, што прывяло да хвалі новых мігрантаў з мацерыка, таму насельніцтва Ганконга хутка аднавілася. Пасля абвяшчэння ў 1949 годзе Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Ганконг лінуў яшчэ большы паток мігрантаў, якія асцерагаліся праследаванняў з боку Камуністычнай партыі Кітая[5]. Шматлікія кампаніі перанеслі ў Ганконг свае офісы з Шанхая і Гуанчжоу[5]. Камуністычны ўрад праводзіў усё больш ізаляцыянісцкую палітыку, і ў гэтай сітуацыі Ганконг застаўся адзіным каналам, па якім ажыццяўляўся кантакт КНР з Захадам. Пасля ўступлення Кітая ў Карэйскую вайну ААН наклала эмбарга на гандаль з КНР, і гандаль з кантынентам спыніўся[7].

Дзякуючы росту колькасці насельніцтва і таннасці рабочай сілы тэкстыльная вытворчасць і іншыя галіны прамысловасці хутка раслі. Разам з індустрыялізацыяй асноўным рухавіком эканомікі стаў экспарт на знешнія рынкі. Дзякуючы росту прамысловай вытворчасці стабільна павялічваўся ўзровень жыцця. Будаўніцтва жылога мікрараёна Сэк Кіп Мэй Эстэйт адзначыў пачатак праграмы будаўніцтва грамадскіх жылых мікрараёнаў. У 1967 годзе Ганконг пагрузіўся ў хаос вулічных беспарадкаў[5]. Пад уплывам лева настроеных пратэстуючых, натхнёных распачатай на мацерыку Культурнай рэвалюцыяй, рабочы страйк ператварыўся ў жорсткае паўстанне супраць каланіяльнага ўрада, якое працягвалася да канца года.

У 1974 годзе была ўтворана Незалежная камісія па прадухіленні карупцыі, якой удалося звесці да мінімуму карупцыю ў дзяржаўным апараце. Пасля пачатку рэформаў у Кітаі ў 1978 годзе Ганконг стаў асноўнай крыніцай замежных інвестыцый у Кітай. Праз год ушчыльную да паўночнай мяжы Ганконга на тэрыторыі правінцыі Гуандун была ўтворана першая ў Кітаі асобая эканамічная зона Шэньчжэнь. Тэкстыльны і вытворчы складнік у эканоміцы Ганконга паступова памяншаўся, аддаючы першынство фінансам і банкаўскаму сектару. Пасля заканчэння В’етнамскай вайны ў 1975 годзе ўладам Ганконга спатрэбілася яшчэ 25 гадоў для рашэння праблемы вяртання на радзіму в’етнамскіх бежанцаў.

У святле сканчэння праз 20 гадоў тэрміна арэнды Новых Тэрыторый урад Вялікабрытаніі з пачатку 1980-х гадоў стаў абмяркоўваць з уладамі КНР праблему суверэнітэту Ганконга. У 1984 годзе дзве краіны падпісалі Сумесную кітайска-брытанскую дэкларацыю, паводле якой у 1997 годзе павінна была адбыцца перадача суверэнітэту над усёй тэрыторыяй Ганконга на карысць КНР[5]. У дэкларацыі гаварылася, што Ганконг павінен атрымаць статус асобага адміністрацыйнага раёна ў складзе КНР, які дазволіць яму захоўваць свае законы і высокую ступень аўтаноміі на працягу прынамсі 50 гадоў пасля перадачы. Многія жыхары Ганконга не былі ўпэўнены ў тым, што гэтыя абяцанні будуць выкананы і аддалі перавагу эміграваць, асабліва пасля жорсткага прыгнечання студэнцкай дэманстрацыі ў Пекіне ў 1989 годзе.

Краявід Ганконга і Каўлуна з піка Вікторыя, 1978

 год

У 1990 годзе быў зацверджаны Асноўны закон Ганконга, які павінен быў выконваць ролю канстытуцыі пасля перадачы суверэнітэту. Нягледзячы на сур’ёзныя пярэчанні Пекіна, апошні губернатар Ганконга Крыс Патэн правёў рэформу працэсу выбару Заканадаўчага савета Ганконга, дэмакратызаваўшы яго. Перадача суверэнітэту над Ганконгам была здзейснена апоўначы 1 ліпеня 1997 года, яе суправаджала ўрачыстая цырымонія перадачы Ганконга ў Цэнтры кангрэсаў і выставак Ганконга. Першым Галоўным міністрам Адміністрацыі САР Ганконг стаў Дун Цзяньхуа.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 法定語文條例, Official Languages Ordinance
  2. Sweeting A. Education in Hong Kong, 1941 to 2001: Visions and Revisions — HKSAR: Hong Kong University Press, 2004. — P. 246. — 698 p. — ISBN 978-962-209-675-2
  3. Porter, Jonathan. [1996] (1996). Macau, the Imaginary City: Culture and Society, 1557 to the Present. Westview Press. ISBN 0-8133-3749-6
  4. Edmonds. [2002] (2002) China and Europe ThSince 1978: A European Perspective. Cambridge University Press. ISBN 0-521-52403-2
  5. 1 2 3 4 5 6 Wiltshire, Trea. [First published 1987] (republished & reduced 2003). Old Hong Kong. Central, Hong Kong: Text Form Asia books Ltd. Page 12. ISBN Volume 962-7283-61-4
  6. New York Times. «NY Times Архівавана 14 лютага 2006..» Thousands March in Anti-Japan Protest in Hong Kong by Keith Bradsher.
  7. Wang Yong-hua, On Embargo of Hong Kong in 1950—1954 Архівавана 15 кастрычніка 2011., Journal of Yanan University Social Science Edition, 2006.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя калоніі Вялікабрытаніі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be