wd wp Пошук:

Бяларучы

Бяла́ручы[1] (трансліт.: Bialaručy, руск.: Беларучи) — вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Бяларуцкага сельсавета.

Геаграфія

Знаходзіцца за 25 км на паўднёвы захад ад Лагойска, 14 км ад Мінска, на р. Вяча (прыток р. Свіслач).

Гісторыя

У 1551 г. і ў 1567 г. маёнтак Бяларуч згадваецца ў полісе войска Вялікага Княства Літоўскае, у Мінскіх павеце і ваяводстве. У 1582 г. двор Бяларуцкі, уласнасць Каленіцкай-Тышкевіч, князёўны Б. В. Саламярэцкай. Тут была пабудавана драўляная праваслаўная Успенская царква. У 1630 г. фальварак ва ўладанні шляхціца Х. Кірсуны.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1800 г. уласнасць мінскага крайчага Ф. Аборскага, працаваў вадзяны млын. Пры маёнтку існавала драўляная ўніяцкая Успенская царква.

У 1870 г. вёска, цэнтр Бяларуцкай воласці ў Мінскіх павеце і губерні, 50 рэвізскіх душ мужчынскага полу, прыватная ўласнасць памешчыцы Лапушынскай. Тут размяшчаліся валасное праўленне, царкоўна-прыходская школа, Успенская праваслаўная царква, дробная крама. У 1870 г. адкрыта Бяларуцкае народнае вучылішча, у якім у 1892 навучаліся 39 хлопчыкаў; яго скончыў Янка Купала (1898).

У пачатку ХХ ст. Бяларучы — цэнтр сельскай грамады. У 1907 г. дзейнічала аднакласнае народнае вучылішча, у 1909 г. адкрыта 2-класнае, для якога пабудаваны ўласны будынак. З лютага да снежня 1918 г. вёска акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, з жніўня 1919 г. да ліпеня 1920 г. — войскамі Польшчы.

З 1919 г. ў БССР. У мястэчку адкрыта 7-гадовая школа, якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак. У 1924 г. ў ёй 568 вучняў. З 20.8.1924 г. вёска, цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі (да 26.7.1930 г.), з 18.1.1931 г. Лагойскага раёна. З 20.2.1938 г. ў Мінскай вобласці. У 1930 г. створаны калгас «Іскра», працавалі кузня, вадзяны млын.

З пачатку ліпеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. вёска акупіравана нацыстамі. У ліпені 1942 г. гітлераўцы спалілі вёску (69 двароў), загубілі 13 жыхароў, 24 вывезлі ў Германію. 19 вяскоўцаў загінулі на фронце, 4 — у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі 2 савецкія воіны. Пасля вайны адноўлена.

Праваслаўны храм быў закрыты ў 1920-х гадах пад склад, потым — клуб, у пачатку вайны згарэў. У 2001 годзе пачата будаўніцтва мураванага храма, асвечана царква ў 2010 годзе.

Насельніцтва

  • 1800 — 14 двароў, 153 жыхары.
  • 1861 — 15 двароў, 139 жыхароў.
  • 1886 — 15 двароў, 140 жыхароў.
  • 1897 — мястэчка, 34 двары, 186 жыхароў; маёнтак, 34 жыхары.
  • 1917 — мястэчка, 62 двары, 332 жыхары; у маёнтку 1 двор, 47 жыхароў.
  • 1941 — 69 двароў, 353 жыхары.
  • 1969 — 54 двары, 196 жыхароў.
  • 2003 — 39 гаспадарак, 78 жыхароў.
  • 2010 — 39 гаспадарак, 87 жыхароў.

Інфраструктура

У вёсцы размешчаны Дом культуры, бібліятэка, базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.

Славутасці

Свята-Успенская царква

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лагойскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be