Ваверка
Ва́верка[1] (трансліт.: Vavierka, руск.: Ваверка) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. З’яўляецца цэнтрам Ваверскага сельсавета.
Непадалёк ад вёскі знаходзіцца сажалка (пл. 0,33 км²)[2].
Гісторыя
Існуе версія, што на месцы сучаснай вёскі існаваў летапісны горад Вевярэск, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далекіх і блізкіх» у канцы XIV стагоддзя сярод гарадоў ВКЛ.[3]
Пісьмова Ваверка вядома з 1413 г., калі Міхаіл Галігінавіч заснаваў касцёл Святога Францішка. Праз 50 гадоў удава Софія Галігінавіч і сын Жыгімонт Галігінавіч пацвердзілі правы касцёла Святой Троіцы, з чаго можна здагадвацца, ці то ў Ваверцы быў пабудаваны другі касцёл, ці перайменаваны ранейшы. У 1496 г. Старая Ваверка або Вялікая (паблізу з’явілася Новая Ваверка, пазней Дылева) перайшла ў спадчыну да Мікалая Жыгімонтавіча Галігінавіча.
Паміж 1501 і 1506 гг. Ваверка нейкім чынам аказалася ў земскага харунжага Мікалая Юндзіловіча (Юндзіла). У 1522 г. Ваверка належыць віцебскаму ваяводзе Я. Касцевічу. Здаўна вёска адносілася да ліку багатых парафій Віленскага біскупства. У 1559 г. у ёй налічвалася 54 дымы. У 1568 г. касцёл у Ваверцы быў перададзены кальвіністам, у 1648 г. вернуты католікам.
У 1570 г. Ваверка атрымала статус мястэчка, тут праходзіў гасцінец з Вільні на Кракаў, меліся корчмы, праводзіўся гандаль і кірмашы. Мястэчка абазначана на карце Т. Макоўскага (1613). У 1617 г. Ваверка належала А. Галеўскаму. Верагодна, ніколі пазней Ваверка не мела месцячковага статусу. Падчас вайны 1654—1667 гг. мястэчка і касцёл разбураны расійскім войскам І. Хаванскага.
У 1792 г. уладальнікам Ваверкі быў Караль Ласковіч. Падчас трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, вёска ўвайшла ў склад Мытлянскай воласці Лідскага павета Расійскай імперыі. У канцы XVIII ст. Ваверка ў Кастравіцкіх. У 1840 г. Самуэль Кастравіцкі (1788—1859) пабудаваў тут каменны касцёл на месцы старога. У 1881 г. у Ваверцы былі касцёл і карчма. У пачатку XX ст. становішча прыкметна не змянілася: 71 жыхар на 107 дзесяцін, вёска называлася Вавёркай, побач размяшчаліся хутар Жараўскай (19 жыхароў) і засценак Круповіча (6 чал. на 24 дзесяцінах).
У час Першай сусветнай вайны з 1915 г. вёска была акупіравана германскімі войскамі. 3 1921 г. у складзе Лідскага павета Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Да 1927 г. ў гміне Мыта(польск.) бел., пасля ў гміне Ваверка(польск.) бел.[4].
3 1939 г. у складзе БССР, з 12 кастрычніка 1940 г. цэнтр сельсавета Лідскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 — ліпені 1944 гг. акупіравана нямецкімі войскамі.
У 1970 г. было 93 двары. У 1973—1980 гг. праект планіроўкі і забудовы Ваверкі распрацоўваўся архітэктарам Р. І. Белагорцавым[5].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1881 — 73 чал.
- XXI стагоддзе: 1921 — 107 чал.[6]; 1970 — 248 чал.; 2009 — 609 чал.
Славутасці
- Касцёл Перамянення Гасподняга
- На вясковых могілках знаходзіцца магіла капітана Яна Піўніка(польск.) бел., удзельніка АК, які загінуў 16 чэрвеня 1944 года падчас нападу на нямецкі апорны пункт у Еўлашах.
- Таксама на могілках знаходзіцца надмагілле князя Казіміра Гедройца XX стагоддзя[7]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Блакітная кніга Беларусі. — Мн.:БелЭн, 1994.
- ↑ Піваварчык С. А. Вевярэск // ЭГБ у 6 т. Т. 2. — С. 241.
- ↑ Główny Urząd Statystyczny w Warszawie: Województwa centralne i wschodnie Rzeczypospolitej Polskiej — podział na gminy według stanu z dnia 1.IV 1933 roku, Książnica-Atlas, Lwów 1933
- ↑ Руслан Игоревич Белогорцев
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część I — Województwo Nowogródzkie, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923
- ↑ Ваверка на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Літаратура
- Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. ISBN 985-01-0522-4
- Шаблюк, В. У. Ваверка / В. У. Шаблюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 178.
- Лаўрэш Л. Ваверка і род Клаўсуцяў на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 18-28. // на pawet.net
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ваверка
- Ваверка на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Ваверка на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.