wd wp Пошук:

Лідскі раён

Лі́дскі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці Беларусі.

Гісторыя

Лідскі раён ў складзе Баранавіцкай вобласці. 1940

Раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 20 сельсаветаў: Аполінскі, Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Вольшаўскі, Ганчарскі, Гервянікаўскі, Дакудаўскі, Дубровенскі, Запольскі, Лідскі, Мейраўскі, Мыцкі, Нёманскі, Няцецкі, Радзівонішкаўскі, Тракельскі, Траццякоўскі, Фалькавіцкі, Цвермаўскі. З 20 верасня 1944 раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Аполінскі, Вольшаўскі, Запольскі, Лідскі, Мейраўскі, Мыцкі, Нёманскі, Няцецкі, Цвермаўскі сельсаветы, утвораны Белагрудскі, Крупаўскі сельсаветы, Фалькавіцкі сельсавет перайменаваны ў Канюшанскі. 3 красавіка 1959 года скасаваны Гервянікаўскі сельсавет, Тракельскі сельсавет перададзены Воранаўскаму раёну. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Гасцілаўскі, Голдаўскі і Парэцкі сельсаветы скасаванага Жалудоцкага раёна, 25 снежня 1962 года — далучаны працоўны пасёлак Бярозаўка Навагрудскага раёна, Пескаўскі і Ходаравецкі сельсаветы Шчучынскага раёна, Нагародавіцкі і Стрэльскі сельсаветы Дзятлаўскага раёна. 12 чэрвеня 1964 года пасёлак торфапрадпрыемства «40 год БССР» пераўтвораны ў працоўны пасёлак Першамайскі з перадачай ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Лідскага гарсавета. 6 студзеня 1965 года Нагародавіцкі і Стрэльскі сельсаветы перададзены Дзятлаўскаму раёну. 26 чэрвеня 1965 года ўтвораны Мыцкі сельсавет, скасаваны Парэцкі і Канюшанскі сельсаветы. 11 студзеня 1966 года ўтвораны Дварышчанскі сельсавет, 24 чэрвеня 1968 года працоўны пасёлак Бярозаўка атрымаў статус гарадскога пасёлка. 11 лютага 1972 года скасаваны Мыцкі сельсавет. 12 лістапада 1973 года Белагрудскі сельсавет перайменаваны Тарноўскі. 27 сакавіка 1978 года скасаваны Радзівонішкаўскі сельсавет. 24 красавіка 1978 года ўтвораны Дзітвянскі сельсавет. 21 верасня 1990 года гарадскі пасёлак Бярозаўка набыў статус горада раённага падпарадкавання. 20 верасня 2002 года Хадаравецкі сельсавет перайменаваны ў Ходараўскі, Гасцілаўскі — у Мажэйкаўскі, працоўны пасёлак Першамайскі аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак)[4]. 23 снежня 2002 года пасёлак Першамайскі ўключаны ў склад Дубровенскага сельсавета. У 2019 годзе вёска Карытніца выключана з Лідскага раёна і ўключана ў склад Дзятлаўскага раёна.

Адміністрацыйны падзел

У складзе раёна гарады Ліда і Бярозаўка, 276 сельскіх населеных пунктаў, 13 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Мажэйкаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Ходараўскі.

Прырода

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Цэнтральнабеларускага масіву, у межах якога выдзяляецца Лідская ступень. Зверху залягаюць антрапагенавыя адклады магутнасцю 80-120 м (у ледавіковых лагчынах да 190 м) сожскага, дняпроўскага, бярэзінскага і беларускага ледавікоўяў. Рэльеф падэшвы антрапагенавых адкладаў расчлянёны старажытнымідалінамі і ледавіковымі лагчынамі. Ніжэй залягаюць неагенавыя або палеагенавыя адклады магутнасцю да 20 м, па ўсёй тэрыторыі — мелавыя да 100 м, на поўначы вендскія да 150 м. Пароды крышталічнага фундамента на глыбіні 100—200 м ніжэй узроўню. Вядомы радовішчы торфу (Дакудаўскае балота і інш.), мелу (каля вёскі Вялікія Канюшаны), пясчана-жвіровага матэрыялу, будаўнічых пяскоў, глін і суглінкаў.

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць вышыні 130—180 м, найвышэйшы пункт — 207 м (за 8 км на поўнач ад Ліды). Агульны нахіл паверхні з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, да даліны Нёмана.

Сярэдняя тэмпература студзеня −5,7 °C, ліпеня 17,6 °C, ападкаў 604 мм за год, вегетацыйны перыяд 194 дні.

З паўночнага ўсходу на паўднёвы захад уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнамі працякае рака Нёман, якая мае прытокі ГаўяЖыжмой), ДзітваЛідзеяй), Лебяда, Нарва, Астроўна. На тэрыторыі раёна азёры Вялічкаўскае і Глухава.

Глебы сельгасугоддзяў дзярнова-падзолістыя (50,6 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярновыя забалочаныя (12,7 %) і інш. Пад лесам 27 % тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найбольшыя масівы на ўсходзе — частка Нёманскіх лясоў. Балоты займаюць 13,4 % тэрыторыі раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс. га; найбольш вялікія Дакудаўскае балота, Жыжма.

Заказнік рэспубліканскага значэння «Дакудаўскі».

Насельніцтва

Нацыянальны склад насельніцтва (паводле перапісу 2009, %): беларусы — 51,4, палякі — 35,3, рускія — 9,4, украінцы — 1,7. Беларускую мову назвалі роднай 53,5 % жыхароў раёна.

Гаспадарка

Галоўны гаспадарчы цэнтр раёна — горад Ліда. У горадзе Бярозаўка працуе шклозавод «Нёман». Дзейнічаюць торфапрадпрыемствы ў Дзітве і Першамайскім. У в. Даржы знаходзяцца ільнозавод і завод мяса-касцяной мукі.

У раёне 16 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 33 фермерскія гаспадаркі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, лён. Развіваецца мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Працуе Лідская птушкафабрыка.

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Лідскага раёна

Гл. таксама Ліда#Славутасці

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  4. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 98 О решении вопросов административно-территориального устройства Лидского района

Літаратура

  • Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 566 с., іл. ISBN 985-01-0522-4
  • А. С. Макарэвіч. Спіс незацверджанай шляхты Лідскага павета за 1853 г. як каштоўная крыніца па сацыяльна-дэмаграфічнай гісторыі і генеалогіі краю // Архіварыус, № 6. Мн., 2008.
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Былыя сельсаветы Жалудоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Лідскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Шчучынскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2016 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Лідскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be