wd wp Пошук:

Валавэць

Валавэць (укр.: Воловець) — пасёлак гарадскога тыпу ў Закарпацкай вобласці Украіны, цэнтр Валавэцкага раёна, размешчаны ў Карпатах на тэрыторыі Бойкаўшчыны.

Размешчаны ў высакагор’е ўкраінскіх Карпат, на поўдзень ад водападзельнага хрыбта і на поўнач ад масіва Паланіна Баржава, у даліне рэк Выча (прыток Латорыцы) і Валіўчыка, ля падножжа гор Тэмнатык і Плай, на вышыні каля 500 м над узроўнем мора.

Праз пасёлак праходзіць чыгунка, якая спалучаее Кіеў і Чоп. У 11 км ад пасёлка праз сяло Ніжнія Вароты праходзіць міжнародная траса М06 Кіеў — Чоп. Адлегласць да абласнога цэнтра — 115 км, да Львова — 190 км, да Кіева — 750 км.

Гісторыя

Першая згадка пра паселішча адносіцца да 1433 г., калі яно разам з навакольнымі землямі належала феадалам Пэрэньі і часткова Білкеям. У наступныя гады пасёлак пераходзіў ад аднаго да іншага, а ў пачатку XVII ст. яго ўключылі ў Мукачэўскую дамінію. У 1625 г. начальнік гарнізона Мукачэўскага замка Янаш Баліндзя падарыў яго Алексе Шымону. У дароўнай грамаце, пацверджанай 1628 г., адзначалася, што новы гаспадар абавязаны пасяліць тут сваіх прыгонных.

У 1645 г. трансільванскі князь Дзьёрдзь II Ракацы, які вёў актыўную барацьбу за пашырэнне сваіх уладанняў, далучыў да іх і Валавэць. Сяло ў той час было невялікім, у ім пражывала некалькі дзясяткаў сем’яў. Асноўным заняткам жыхароў была жывёлагадоўля. У пачатку XVI ст. сяляне былі цалкам запрыгонены. Феадальныя вайны і міжусобіцы неаднаразова прыводзілі да спусташэння паселішча. Так, у 1657 г. польскія войскі на чале з ваяводам Любамірскім зрабілі наезд на валаданне гэтага князя. Шмат вёсак, у тым ліку Валавэць, былі разбураны і спустошаны. Пасля падаўлення вызваленчай вайны вугорскага народа 1703—1711 гг. усе ўладанні яе кіраўніка Ферэнца II Ракацы былі канфіскаваныя і ў 1728 г. перайшлі да графа Карла Шэнбарна. Валавэць увайшоў у Мукачэўска-Чынадзіеўскую дамінію.

У другой палове XIX ст. паселішча было параўнальна вялікім сялом на Верхавіне. У 30-я гады XIX ст. у ім пачало дзейнічаць паўкустарнае прадпрыемства па вырабе чарапіцы і цэглы. У 1872 г. італьянскімі прамыслоўцамі было пачата будаўніцтва чыгункі.

Вадаспад Шыпат
  • 1882 г. — пачала дзейнічаць першая навучальная ўстанова — дзяржаўная пачатковая школа.
  • 1900 г. — пражывала 1284 чал., у тым ліку 839 украінцаў, 253 немцаў, 177 венграў, 3 славакі, 1 румын, 11 габрэяў; было 198 дамоў, з якіх 24 каменных і 174 драўляных. Трохпавярховы дом належаў багатаму Грымбергу.
  • 1900 г. — толькі 346 жыхароў ўмелі чытаць і пісаць. У 1909 г. двое настаўнікаў навучалі 107 вучняў.
  • 1901 г. — адна з будапешцкіх фірмаў змантавала лесапілку, якая вырабляла будматэрыялы, на ёй працавала 25-30 чалавек. У 1906 г. яе мадэрнізавалі, абсталяваўшы паравым рухавіком.
  • 1914 г. — рускія войскі авалодалі вёскай.
  • 1919 г. — абвешчана савецкая ўлада, а ў канцы красавіка гэтага года чэхаславацкія войскі ўвайшлі ў пасёлак.
  • 1938 г. — у пасёлку пражывала 2350 чал., у школе вучылі сем настаўнікаў 132 дзяцей.
  • 1939 г. — вугорская акупацыя. Пакаралі смерцю 3-х чалавек, 11 кінуты ў турму, 93 адпраўлена на прымусовыя працы.
  • 9 кастрычніка 1944 г. — у Валавэць увайшлі савецкія войскі 351 стралковай дывізіі.
  • 1944 г. — пачала функцыянаваць пачатковая школа, а ў 1945 г. на яе базе — сярэдняя.
  • 1946 г. — пачаў дзейнічаць медпункт.
  • 1947 г. — адкрыта бальніца на 30 ложкаў.
  • 1948 г. — створаны калгас «Савецкая Верхавіна».
  • 1950 г. — адкрыты клуб і бібліятэка з кніжным фондам 18 тыс. асобнікаў.
  • 1957 г. — Валавэць стаў пасёлкам гарадскога тыпу.
  • 1958 г. — пачаў працаваць сока-вінны завод.
  • 1963 г. — створаны лесакамбінат.
  • 1973 г. — пачала функцыянаваць «ніжняя пляцоўка» Львоўскага філіяла завода «Электрон».
  • 1978 г. — пачала функцыянаваць «верхняя пляцоўка» філіяла Львоўскага завода «Электрон».

Зноскі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Закарпацкай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be