Пасёлак гарадскога тыпу
Пасёлак гарадскога тыпу або гарадскі (рабочы) пасёлак — тып пераходнага паміж горадам і вёскай паселішча згодна з савецкай класіфікацыяй.
У адрозненне ад сельскіх населеных пунктаў, у такіх пасёлках асноўная частка насельніцтва (не меней 85 %) не павінна быць занята ў сельскай гаспадарцы. У пасёлках гарадскога тыпу ў савецкі перыяд мінімальная колькасць жыхароў павінна была складаць 3 тысячы чалавек (у горадзе — 12 тысяч жыхароў). Часта ў такіх пасёлках было толькі адно галоўнае (горадаўтваральнае) прадпрыемства. Рабочыя пасёлкі размяшчаліся пры прамысловых прадпрыемствах (найчасцей пры торфапрадпрыемствах і шклозаводах), будоўлі, чыгуначных станцыях і інш., з насельніцтвам больш за 500 чал.
Гісторыя
У канцы XIX — пачатку XX стст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узніклі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка, Гарэлае Балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—1930-я гады рабочыя пасёлкі забудоўаліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культурна-бытавога прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. Рабочыя пасёлкі былі уведзены пастановай ЦВК і СНК БССР ад 15 ліпеня 1935 г.
Пасёлкі гарадскога тыпу ўтвараліся згодна з указам Вярхоўнага Савета БССР ад 27 верасня 1938 г. Тады да іх залічылі 101 паселішча, ранейшых мястэчак. Статус астатніх мястэчак панізілі да вёсак.
У Беларусі крытэрыі аднясення населеных пунктаў да катэгорый усталяваны Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 г. № 154-З «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку рашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай будовы Рэспублікі Беларусь». Паводле яго, да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу адносяцца:
- гарадскія пасёлкі — населеныя пункты з колькасцю насельніцтва звыш 2 тыс. чалавек, якія маюць прамысловыя і камунальныя прадпрыемствы, сацыяльна-культурныя ўстановы, прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання;
- курортныя пасёлкі — населеныя пункты з колькасцю насельніцтва не менш за 2 тыс. чалавек, на тэрыторыі якіх размешчаны санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, іншыя аздараўленчыя ўстановы, прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, культурна-асветныя ўстановы;
- рабочыя пасёлкі — населеныя пункты з колькасцю насельніцтва не менш за 500 чалавек, размешчаныя пры прамысловых прадпрыемствах, электрастанцыях, будоўлях, чыгуначных станцыях і іншых аб’ектах. Прамысловая зона аддзелена санітарна-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць паркавую зону.
Станам на 2016 г. у Беларусі налічвалася 90 пасёлкаў гарадскога тыпу, у тым ліку 81 гарадскі пасёлак, 1 курортны пасёлак, 8 рабочых пасёлкаў (у 1999 г. — 16).
Зноскі
Літаратура
- Ларкін, Г. С. Рабочы пасёлак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 187. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Рабочы пасёлак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 32. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рабо́чы пасёлак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 612. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Катэгорыя·Населеныя пункты Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.