wd wp Пошук:

Варонча

Варо́нча[1] (трансліт.: Varonča, руск.: Воронча) — аграгарадок у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Райцаўскага сельсавета. Насельніцтва 422 чал. (2000).

Гісторыя

Першыя пісьмовыя згадкі пра Варончу як сяло і маёнтак Наваградскага павета датуюцца XVII ст. У 1666 мясцовасць перайшла ў валоданне ваяводы берасцейскага Стэфана Курча. У гэты час тут дзейнічалі вадзяны і ветраны млыны.

У другой палове XVIII ст. у Варончы з’явіўся комплекс збудаванняў, у які ўваходзілі два палацы, касцёл, скарбніца, флігелі, гаспадарчыя пабудовы, невялікі парк.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Варонча апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Цырынскай воласці Наваградскага павета. Станам на 1799 тут было 23 дымы. У розны час мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Несялоўскіх, Кабылінскіх, Мержаеўскіх, Любанскіх. У 1807 у якасці намесніка ўладальніка ў маёнтку знаходзіўся этнограф і фалькларыст Зарыян Даленга-Хадакоўскі. Станам на 1858 у маёнтак уваходзілі двор Варонча, вёскі Літараўшчына, Раманы, Бабонеўка, Плужыны, Равіны, Русацін. Тут спыняліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот (6 ліпеня 1796 яго хрысцілі ў мясцовым касцёле). У 1898 адзін з палацаў перабудавалі пад бровар. Паводле вынікаў перапісу (1897) у маёнтку было 115 жыхароў, касцёл Святой Ганны, хлебазапасны магазін, вінакурны завод, вадзяны млын, карчма.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Варонча апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Цырынскай гміне Наваградскага павета і ваяводства. Станам на верасень 1921 тут было 15 двароў, 184 жыхары[2].

У 1939 Варонча ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета Валеўскага, з 25 лістапада 1940 Карэліцкага раёна Баранавіцкай вобласці. У вёсцы адкрылася беларуская сямігодка.

У Другую сусветную вайну ў 1943 савецкія партызаны спалілі касцёл, а таксама сядзібу разам з усімі насельнікамі — 3 дарослымі людзьмі і іхнымі малалетнімі дзецьмі (пакінулі жывым толькі сляпога сына, які не з’ехаў у Польшчу, а жыў у Варончы да 1989). Пра гэта ў 2008 Юрый Гаўрулёў на заказ Белсата зняў дакументальны фільм «Край светлых мрояў».

У 2017 годзе Варанчанскі сельсавет быў скасаваны, і Варонча ўвайшла ў склад Райцаўскага сельсавета[3].

  • Даўнія графічныя выявы мястэчка
  • Сядзіба Любанскіх. Н. Орда, 1876Сядзіба Любанскіх. Н. Орда, 1876
  • Касцел Св. ГанныКасцел Св. Ганны
  • ПалацПалац
  • Палац (іншая версія)Палац (іншая версія)

Славутасці

Страчаная спадчына

Галерэя

  • Краявіды Варончы
  • Касцел Св. ГанныКасцел Св. Ганны
  • Касцёл, бакавы фасадКасцёл, бакавы фасад
  • Надмагільная пліта кашталяна Несялоўскага на мурах касцёлаНадмагільная пліта кашталяна Несялоўскага на мурах касцёла
  • Магілы БулгакаўМагілы Булгакаў

У літаратуры і мастацтве

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Карэліцкага р-на. — Мн.: «Ураджай», 2000.
  3. «О некоторых вопросах административно-территориального устройства Кореличского района Гродненской области». Решение Гродненского областного Совета депутатов от 4 апреля 2017 г. № 235(руск.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2021. Праверана 9 ліпеня 2017.

Літаратура

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Карэліцкага р-на. — Мн.: «Ураджай», 2000. — 645 с. ISBN 985-04-0347-0.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Карэліцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be