wd wp Пошук:

Вышнівэць

Вішнявец ці Вышнівэць[1] (укр.: Вишнівець) — пасёлак гарадскога тыпу ў Збаражскім раёне Цярнопальскай вобласці Украіны на рацэ Гарынь. Даўняя сядзіба князёў Вішнявецкіх.

Гісторыя

Першае пісьмовае згадванне аб паселішчы адносіцца да 1395 г. Тады Вішнявец быў уласнасцю князя Карыбута Альгердавіча. У прывілеях караля Уладзіслава III Варненчыка ад 9 ліпеня 1463 г. ёсць запіс, што пасля смерці ўладальніка Вішняўца князя В. Нясвіжскага горад пераходзіць да яго сына Солтана, які ўпершыню пачаў называцца Вішнявецкім. З імем Дзмітрыя Вішнявецкага звязваюць заснаванне Запарожскай Сечы. Ад канца XV ст. Вішнявец карыстаўся магдэбургскім правам. 23 жніўня 1494 г. адбылася бітва з татарамі каля горада, няўдалая для польска-літоўскага войска, потым татары напалі на мястэчка і нанеслі значныя разбурэнні.

З 1569 г. — у складзе Рэчы Паспалітай, становіцца важным гандлёвым і культурным цэнтрам Паўднёвай Валыні. У 1640 г. Іерамія Вішнявецкі перабудаваў і ўмацаваў замак. Падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага мястэчка займала казацкае войска. У 1672 г. замак з-за здрады ўзяты татарамі, уся шляхта была знішчаная.

У 1653, 1657, 1658, 1672, 1675 гадах на Вішнявец нападалі турэцка-татарскія орды. Падчас нападу летам 1675 г. абаронай кіраваў войт Ежы Баркоўскі, 11 дзён невялікі гарнізон замка не дазваляў яго ўзяць пераважным колькасна часткам ворага. Падобна, 31 жніўня за здрады габрэяў Вішнявец трапіў у рукі ворагаў — туркаў. Шляхту, якая была зачыненая ў замку, забілі. У 1742 г. шляхцічы заснавалі ў горадзе першую масонскую ложу на землях Украіны. У 1744 г. пасля смерці апошняга з роду Вішнявецкіх — Міхала Сервацыя — мястэчка перайшло ва ўласнасць князёў Мнішакаў. У мястэчку было 3 царквы і кляштар з фарным касцёлам кармелітаў босых.

У 1793 г. Вішнявец у выніку падзелу Рэчы Паспалітай пераходзіць ва ўладанне Расійскай імперыі. Пасля становіцца цэнтрам воласці ў складзе Крамянецкага павета Валынскай губерні. У 1852 г. мястэчка становіцца ўласнасцю княгіні Абамелек, у 1857 — В. Плятэра, 1876 г. — генерала І. дэ Толля.

У 1921—1939 гг. — у складзе міжваеннай Польшчы.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Цярнопальскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be