wd wp Пошук:

Вэлыкы Бычкіў

Вэлыкы Бычкіў[1] (укр.: Великий Бичків) — пасёлак гарадскога тыпу ў Закарпацкай вобласці Украіны ў складзе Рахіўскага раёна над ракой Цісай ля мяжы з Румыніяй.

Гісторыя

Паселішча — найстарэйшы населены пункт Рахіўшчыны. Першае згадванне аб ім у дакументальных крыніцах датуецца яшчэ канцом XIV ст. У мармарошскіх граматах XIV—XV ст. адзначана, што венгерскі кароль Людовік падарыў сынам ваяводы Сааза Балку Драгава і Яну Бычкоў, Белую Царкву, Тэрэсву і Буштына (11 жніўня 1373 г.). Хоць шэраг крыніц паказваюць на тое, што засяленне тэрыторыі сучаснага пасёлка пачалося раней, у канцы XIII ст. узнікла паселішча на правым беразе Цісы, затым у XIV—XV ст. засяляўся левы бок Цісы, які зараз уваходзіць ў склад Румыніі.

Уладальнікамі мястэчка першапачаткова былі грэцкія ваяводы (фанарыёты), але насельніцтва было русінскім, нашчадкамі славянскага племя белых харватаў. Пастаянныя войны, феадальныя міжусобіцы, набегі качэўнікаў, турэцка-татарская агрэсія, сялянскія паўстання на працягу сярэднявечча прыводзілі да скарачэння колькасці жыхароў, якая папаўнялася за кошт бежанцаў з Галічыны, Валыні, Падолля. У 1444 г. двое мясцовых жыхароў — Сямён і Юры — атрымалі годнасць шляхціцаў за гераізм у баях з туркамі ў ніжнім цячэнні Дуная. Яшчэ двое мясцовых — Багдан і Міхаіл Тотулы — атрымалі землі ў Бычкове, Лузе і Крачунове таксама за адвагу ў бітве з туркамі пад Варнай, а Міхаіл Іргальцый — пад Бялградам.

У 1868 г. замежныя прадпрымальнікі пабудавалі ў мястэчку лесахімічны завод. Сюды ж была пракладзена вузкакалейная чыгунка. У сучасны перыяд яна не дзейнічае. Пасля Першай сусветнай вайны паселішча, якое размяшчалася на абодвух берагах Цісы, апынулася падзелены паміж Чэхаславакіяй і Румыніяй. Левабярэжная частка цяпер знаходзіцца ў складзе жудэца Марамурэш і носіць румынскую назву Бачкою-Марэ.

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Закарпацкай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be