Дзяржавы крыжакоў
Дзяржавы крыжакоў — феадальныя дзяржавы, створаныя ўдзельнікамі крыжовых выпраў на Усход і крыжовых выпраў супраць балтаў і славянаў. Асаблівае месца ў крыжацкіх дзяржавах займала царква.
Блізкі Усход
Пасля I крыжовае выправы былі заснаваныя наступныя дзяржавы:
- Графства Эдэса — першая дзяржава крыжакоў; створана ў 1098 годзе, спыніла існаванне ў 1144.
- Княства Антыёхія — створана ў 1098 годзе, спыніла існаванне ў 1268.
- Графства Трыпалі – існавала ў 1105–1289 гадах. Залежала ад князя Антыёхіі
- Каралеўства Іерусалімскае — Заснавана ў 1099. Ліквідавана ў 1187 годзе, у 1229 адноўлена. Канчаткова спыніла існаванне пасля падзення Акры ў 1291.
Пасля ўдалага заканчэння першай крыжовай выправы герцаг Латарынгіі Готфрыд Бульёнскі атрымаў тытул Абаронцы Труны Господняй, а пасля —караля. Кіраўнікі астатніх крыжацкіх дзяржаў лічыліся яго васаламі, аднак каралеўская ўлада абмяжоўвалася “Іерусалімскімі асізамі”.
За крыжакамі быў створаны Іерусалімскі патрыярхат, пяць архібіскупстваў, дзевяць біскупстваў, адчынена шмат манастыроў. Каталіцкія іерархі атрымалі зямельныя ўладанні мусульманскай святароў, стаўшыся ўплывовымі феадаламі на Усходзе.
Гандаль паміж крыжацкім Усходам і Еўропай знаходзілася ў руках купцоў з Венецыі і Генуі.
Кіпр
- Кіпрскае каралеўства — Існавала ў 1192–1489 гадах пад уладай роду Лузіньянаў. Створана падчас III крыжовае выправы.
Малая Азія
Падчас IV крыжовае выправы, выключную ролю ў якой адыграла Венецыя, крыжакі дапамаглі Ісааку Ангелу ўзысці на імператарскі трон. Не атрымаўшы за гэта ўзнагароды, яны разрабавалі горад. На захопленай крыжакамі візантыйскай тэрыторыі ўзніклі некалькі падуладных ім дзяржаў:
- Лацінская імперыя — Існавала ў 1204—1261 гадах. Першым кіраўніком Лацінскай імперыі быў граф Фландрыі Балдуін. Нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог зваяваў Лацінскую імперыю і адрадзіў Візантыю.
- Каралеўства Фесалонікі — Узнікла ў 1204 годзе, як васальнае ўладанне лацінскага імператара. У 1224 годзе захоплена Эпірскім дэспататам.
- Герцагства Афінскае — Узнікла ў 1204 годзе, у 1456–1458 гадах захоплена Атаманскай імперыяй.
- Ахейскае княства — Існавала ў 1205—1432 гадах. Лічылася васалам Каралеўства Фесалонік, затым — наўпрост Лацінскай імперыі, а пасля яе падзення — Неапалітанскага каралеўства. У 1439 годзе захоплена Марэйскім дэспататам.
- Герцагства Наксаскае — Існавала ў 1207—1579 гадах на некалькіх астравах Эгейскага мора і лічылася васалам Венецыі. Захоплена атаманамі.
- Сеньярыя Неграпонта — Створана ў 1204 годзе на востраве Эўбея. Шмат якія феадалы валодалі востравам, покуль у 1470 годзе ён не ўвайшоў у склад Атаманскае дзяржавы.
Узбярэжжа Балтыйскага мора
- Ордэн мечаносцаў — Заснаваны ў 1202 годзе ў Рызе. Ваяваў з Полацкам, Псковам, Ноўгарадам; падпарадкаваў Лівонію. Цяжкую паразу ордэн атрымаў ад з’яднанага балцкага войска ў бітве пры Саўле. 12 мая 1237 года Ордэн мечаносцаў аб’яднаўся з Тэўтонскім.
- Дзяржава Тэўтонскага ордэна — Заснаваны яшчэ ў 1190 годзе Тэўтонскі ордэн напачатку не меў вялікага ўплыву, але за магістрам Германам фон Зальца ўзвысіўся і займеў некалькі дробных уладанняў у Германіі, Францыі, Палесціне. У 1215 годзе кароль Венгрыі Андрый II надаў ордэну зямлю ў Трансільваніі ўзамен на абарону межаў яго дзяржавы ад полаўцаў. Аднак магістр парушыў умовы пагаднення, і ў 1226 годзе ордэн быў выгнаны з Венгрыі. Ужо праз год Тэўтонскі ордэн па запрашэнні польскага караля Баляслава Мазавецкага заснаваў дзяржаву для барацьбы з балцкім племенем прусаў. Рыцары-тэўтоны знішчылі яго і захапілі прускія землі. Экспансія ордэна ў паўночна-рускія землі была спынена бітвай на Чудскім возеры ў 1242 годзе. Няпростыя адносіны ордэна з Літоўска-Беларускай дзяржавай разрашыліся “Вялікай вайной“, вынікам якой стала саслабленне Тэўтонскага ордэна і страта ім міжнароднага ўплыву. Паводле Торуньскага міру 1466 года магістр ордэна прызнаваў сябе васалам караля Польшчы.
У 1525 годзе магістр Альбрэхт Гагенцолерн, стаўшы пратэстантам, пазбавіўся царкоўнага аспекту сваіх уладанняў і такім чынам заснаваў свецкае Герцагства Прусія.
Літаратура
- В.А.Федосик, Е.Д.Смирнова, Л.П.Сушкевич. Средние века. Культура, искусство, история. Иллюстрированная энциклопедия. Москва, Эксмо. 2008.
- Старажытнарускі аповяд пра ўзяцце Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 годзе
Дзяржавы крыжакоў на Вікісховішчы |
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.