Дзяржынск
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дзяржынск (значэнні). Дзяржы́нск[2] (трансліт.: Dziaržynsk; да 29 ліпеня 1932 года — Ко́йданава ці Ко́йданаў) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Дзяржынскага раёна.
Геаграфія
Горад знаходзіцца за 38 км на паўднёвы захад ад Мінска, на чыгуначнай лініі (станцыя Койданава) і аўтадарозе Мінск — Баранавічы. Насельніцтва 27 441 чал. (2017)[3]. Праз горад працякае рака Нецечка[4].
Назва
Паводле падання, тапонім «Койданаў» паходзіць ад імя татарскага хана Койдана (Кайдана), войскі якога ў XIII ст. разбіты каля паселішча, называнага тады Крутагор’ем[5]. За іншай версіяй, Койдан быў татарскім военачальнікам, які ў канцы XIV — пачатку XV ст. служыў вялікім князям літоўскім і меў уладанні ў гэтых мясцінах.
Традыцыйная гістарычная назва паселішча падаецца ў форме Койданаў або Койданава. 29 ліпеня 1932 года горад афіцыйна пераназваны ў Дзяржынск.
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Дзяржынска Афіцыйнай[6] датай заснавання сучаснага Дзяржынска лічыцца 1146 год, калі паселішча згадваецца як Крутагор’е ў паданні пра старую Пакроўскую драўляную царкву, паводле Паўла Шпілеўскага, у старой койданаўскай праваслаўнай царкве захоўвалася ікона з надпісам «Крутагор’е, 1146 года»[7]. Аднак сучасныя энцыклапедычныя даведнікі[8][9] разглядаюць гэтыя звесткі толькі як імаверныя і датуюць першую пэўную пісьмовую згадку 1442 годам.
У 1439 годзе пабудаваны драўляны фарны касцёл[10].
У 1445 годзе вялікі літоўскі князь Казімір Ягелончык аддаў Койданаў свайму стрыечнаму брату Міхаілу Жыгімонтавічу, сыну Жыгімонта Кейстутавіча. У 1483 г. паселішча перайшло да князя Васіля Міхайлавіча Вярэйскага. Пасля смерці Вярэйскага з 1501 г. Койданавам валодала яго жонка Марыя. У выніку шлюбу яе дачкі Сафіі з канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам ў 1522 г. перайшло да Гаштольдаў. З гэтага часу ў дакументах паселішча падчас называлі «Гаштольдава»[11].
У пачатку XVI ст. Койданаў пацярпеў ад набегаў татараў (у 1502 і 1503 гг.).
У 1542 годзе уладальнікам Койданава стаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары, які ў наступным годзе перадаў горад свайму сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту. Горад з’яўляўся цэнтрам Койданаўскага стараства.
У 1552 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст аддаў Койданава з замкам брату жонкі Барбары Мікалаю Радзівілу Рудому. «Да гэтага часу адносіцца стварэнне Койданаўскага графства, якое, складаючы частку ўладанняў біржанскіх Радзівілаў, пасля смерці апошняга з гэтай галіны — Багуслава, у 1669 г. перайшло ва ўласнасць нясвіжскай лініі, дадало да тытулаў ардынатам нясвіжскім тытул уладара ў Койданаве і захавалася ў іх сямействе да 1831 г.»[12].
У інвентарах таго часу на тэрыторыі маёнтка фіксуецца істотная група ваенна-служылага насельніцтва, якая карысталася мясцовымі землямі на ўмовах нясення ваеннай службы і выканання іншых спецыяльных павіннасцей і не ўваходзіла ў склад прыгоннага сялянства[13].
У 1550—1831 гадах Койданаў вядомы як значны асяродак распаўсюджвання кальвінізму. Каля 1564 года Мікалай Радзівіл «Руды» збудаваў тут драўляны кальвінскі збор (з 1613 — мураваны), а таксама плябанію, школу і багадзельню.
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1588 годзе паселішча атрымала статус мястэчка[9]. Паводле інвентару 1588 г. тут было 120 дымоў, замак, кальвінскі збор, ратуша, касцёл, рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны. Існавала 6 вуліцаў: Віленская, Мінская, Плябанская, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Станькаўская.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў праводзіць 2 вялікія кірмашы: на Грамніцы (2 лютага) і Сёмуху і штотыднёвы торг. Пазней кірмашы таксама збіраліся на Юр’я (23 красавіка) і Пакровы (1 кастрычніка).
«На кірмашах, дзе пераважна прадаюць коней і быдла, бывае вельмі шмат народу. Яўрэі займаюцца дробным гандлем і перакупніцтвам коней, бо Койданава мае сумную славу аднаго з цэнтраў канакрадства».[12]
Паводле звестак на 1620 год, у цэнтры мястэчка знаходзіўся чатырохкутны гандлёвы пляц, забудаваны дамамі рамеснікаў і гандляроў; на пляцы было 5 крамаў, карчма і 23 мяшчанскія двары; агулам налічвалася 110 двароў.
11 ліпеня 1655 г. у пачатку Трынаццацігадовай вайны войскі Маскоўскай дзяржавы ўшчэнт спустошылі Койданаў. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[14]:
...местечко Койданов взяли, и которыя... были в том местечке полския и литовския люди, и тех всех людей мечю предали и то местечко и посады все выжгли. |
Аднаўленне Койданава ішло марудна. У 2-й палове XVIII ст. тут збудавалі новы драўляны касцёл Св. Ганны. Станам на 1791 год у мястэчку было 134 дымы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Койданаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Мінскага павета Віленскай губерні. У 1796 годзе мястэчка атрымала герб: «выява галінак дуба і алівы»[8]. У 1800 г. двор і мястэчка, уласнасць Дамініка Радзівіла, 277 двароў, 1237 жыхароў, уніяцкая царква Пакрова Багародзіцы, кальвінскі збор, паштовая станцыя, 2 млыны, гандлёвыя лаўкі.
З XVIII стагоддзя Койданава з’яўляецца буйным цэнтрам распаўсюду хасідызму[15].
У вайну 1812 года пры адступленні расійскай арміі мясцовыя жыхары перашкодзілі казакам падпаліць склад аўса і сена[16]. Койданава было захоплена французскімі войскамі, арганізавана падпрэфектура, створаны склады харчавання. 15 лістапада 1812 года каля Койданава адбыўся вялікі бой, у выніку якога французы страцілі 1 тыс. салдат, 64 афіцэраў, каля 4 тыс. салдат патрапілі ў палон. Гэта перамога адкрыла расійскім вайскам шлях на Мінск.
У 1815 г. у мястэчку 262 жыхары мужчынскага полу. У 1840 г. шмат жыхароў памерлі ад эпідэміі халеры.
У 1843 г. «насельніцтва горада складае 1550 душ абодвух палоў. Апроч жыдоў і хрысціянаў тут жывуць на выдзеленых землях і татары»[10]. Паводле П. Шпілеўскага, койданаўскія татары досыць заможныя, «потому что живут ближе к Минску, и следовательно, имеют больше возможности сбывать в губернском городе свои огородные произрастания и выделаннные кожи»[7].
Канфесійная структура Койданава ў 1846 г. была наступнай: з 1889 чалавек 819 — праваслаўныя (каля 43 %), 777 — іудзеі (каля 41 %), 278 — каталікі(каля 15 %), 10 — евангелікі(каля 0,5 %), 5 — мусульмане (каля 0,3 %)[15]
У 1851 г. пабудавана мураваная праваслаўная царква. У 1866 г. — 234 двары, 1383 жыхары, царква, касцёл, кірха, сінагога. У першай палове 19 ст. на плошчы пабудаваны заезны дом (спалены польскімі вайскамі ў 1920 г.).
«Мястэчка Койданаў старое, як свет, а лепш сказаць, як Кітай, і як Кітай, чужое ўсякаму прагрэсу — якое было спрадвеку непрыгляднае, такое і цяпер засталося», — так пісаў у 1852 г. Уладзіслаў Сыракомля[10]. Значна больш прыемнае ўражанне ад Койданава засталося ў Паўла Шпілеўскага:
«В Койданове есть деревянный гостиный двор. Правда, он невелик, но в нем вы найдете довольно порядочные лавки галантерейные, суконные и с разными красными товарами. Даже обходжение лавочников-гостинодворцев довольно галантерейное. Здесь не тащат вас евреи за полы платья, а вежливо встречают с поклоном и не надоедают с предложением купить то, чего вы вовсе не хотите. Летом почти весь передний фронтовой ряд лавок гостиного двора завален бывает пресловутыми койдановскими грушами и яблоками весом в фунт и больше.
Вообще в Койданове с удовольствием можно пробыть день, другой и погулять по чистым его площадкам и гористым окрестностям, испещренным бесчисленными садами, садиками и рощицами. В подобном местечке приятно остановиться после грязного Свержня»[7].
У час паўстання 1863-64 гг. у ваколіцах Койданава дзейнічалі паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам А. Ваньковіча і Б. Аскеркі[11].
У 1871 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, адкрыўся 2-павярховы вакзал. У 1885 г. пачала дзейнічаць фабрыка па ачыстцы свіной шчаціны. У 1897 г. налічвалася 4744 жыхары. У 1899 г. пачала працаваць запалкавая фабрыка «Дружына» (згарэла ў 1919 г.), у 1900 г. — 208 рабочых. З 1908 г. дзейнічаў лесапільны завод.
У канцы XIX — пачатку XX ст. дзейнічалі кальвінскі збор, касцёл, царква, сінагога; працавалі народная і гарадская вучэльні, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, шапавальні, бровары; рэгулярна праводзілася 6 кірмашоў.
Змітрок Бядуля згадвае цадзіка з Койданава, да якога прыязджалі веруючыя з усёй Расіі[17]. Паміж габрэямі абшчыны ў Койданава існавала сур’ёзная канкурэнцыя: «Кожны крамнік, гандляр, і нават рамеснік, меў ‘свайго’ пана, якога абслугоўваў, які даваў яму заробак. Кожны меў нават і ‘сваіх’ сялян, ‘свае’ вёскі, з якімі вялі гандаль. Часта на вуліцы або нават у сінагозе сварыліся паміж сабой за ‘сваіх’ паноў, за ‘сваіх’ сялян. Вялася ў гэтым кірунку пастаянная барацьба за збыт тавараў і вырабаў, за заваёву сімпатыі сялян і навакольных памешчыкаў»[18].
У 1905-07 гг. неаднаразова адбываліся антыўрадавыя выступленні рабочых.
У 1908 г. пачало працаваць гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. было пераўтворана ў вышэйшую пачатковую школу. У 1912-13 гг. тут вучыўся беларускі паэт і драматург К. Крапіва.
У 1909 г. у мястэчку — 518 двароў, 4696 жыхароў, на чыгуначнай станцыі — 15 жыхароў. У 1911-12 гг. дзейнічала курсы па садаводстве і агародніцтве.
У Першую сусветную вайну з 1915 г. знаходзілася ў прыфрантавой зоне. З вясны 1916 г. мястэчка і чыгуначную станцыю неаднаразова бамбілі нямецкія самалёты.
З 1916 г. працавала фабрыка сухіх фарбаў. У 1917 г. у мястэчку 781 двор, 4009 жыхароў.
У сакавіку 1917 г. створаны Савет салдацкіх дэпутатаў, а ў маі арганізаваны бальшавіцкі камітэт. У лістападзе 1917 г. усталявана савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 г. акупіраваны нямецкімі вайскамі. З 1.1.1919 — у БССР, з 27.2.1919 — у складзе ЛітБел. З жніўня 1919 г. занята польскімі вайскамі, якія адступілі 10 ліпеня 1920 г. (мястэчка пры адступленні моцна пацярпела. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі пасля баёў захапілі Койданаў, што адчыніла ім шлях на Мінск.
У лістападзе 1920 г. у выніку антыбальшавіцкага паўстання на чатыры дні ўтварылася Койданаўская самастойная рэспубліка.
З 1921 г. паводле Рыжскай мірнай дамовы — у складзе БССР. У 1924 годзе Койданаў стаў цэнтрам раёна БССР (з 30 чэрвеня 1937 да 15 студзеня 1938[19] быў у Мінскім раёне). У 1924 г. пачалі дзейнічаць электрастанцыя, Народны дом, фабрыка «Слон». У 1926 г. — 750 дамоў, 5475 жыхароў.
У 1930 годзе савецкія ўлады зачынілі мясцовы касцёл і ліквідавалі каталіцкую парафію[20]. 15 сакавіка 1932 г. паселішча атрымала статус горада. 29 ліпеня 1932 г. бальшавікі змянілі назву паселішча на Дзяржынск у гонар Фелікса Дзяржынскага[21]; чыгуначная станцыя захавала старую назву. У маі 1932 г. адкрыты польскі агранамічны тэхнікум.
Падчас Другой сусветнай вайны з 28 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 г. Дзяржынск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
- Горад на старых здымках
- Збор і замак, знішчаныя бальшавікамі ў 1930—1950-я
- Збор, бакавы фасад
- Збор, брама
- Збор, інтэр’ер
- Касцёл Св. Ганны
- Касцёл, бакавы ўваход
- Касцёл, алтар
- Чыгуначная станцыя
Насельніцтва
|
Эканоміка
Прадпрыемствы машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Гасцініца.
Культура
Дзейнічаюць гістарычна-краязнаўчы музей і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.
У месце паставілі помнік у гонар 850-годзя заснавання Крутагор’я-Койданава-Дзяржынска.
Славутасці
- Гарадзішча (XI—XIII стст.)
- Замчышча
- Касцёл Святой Ганны (XVIII ст.)
- Свята-Пакроўская царква (1851)
Страчаная спадчына
- Кальвінскі збор (1613—1621)
- Краявіды Дзяржынска
- Рэшткі гарадзішча
- Гарадзішча, помнік
- Касцёл Св. Ганны
- Пакроўская царква
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Дзяржынска
- Адам Глобус — беларускі пісьменнік, мастак, выдавец
- Артур Вольскі (23 верасня 1924—2002) — беларускі пісьменнік
- Сяргей Сідор (1937—1998) — беларускі географ, педагог
- Кайдановер (1624—1676) — вядомы талмудыст
- Анастасія Віннікава — спявачка
- Аляксандр Кандратавіч Бурак (1918—1993) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945)
- Георгій Васілевіч Будай (1913—1989) — адзін з удзельнікаў камуністычнага падполля і кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай і Баранавіцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны
- Іосіф Майсеевіч Ліўшыц (1904—1997) — вучоны ў галіне гідралогіі. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР.
- Уладзімір Сцяпанавіч Бабраўніцкі (1905—?) — беларускі вучоны, дзяржаўны дзеяч.
- Яфім Майсеевіч Маршак (1905—1985) — беларускі дзеяч сельскай гаспадаркі і будаўніцтва.
- Ларыса Іванаўна Новаш (нар. 1940) — беларускі архітэктар.
- Якаў Саўчык (1880—1955) — французскі дызайнер.
- Антоні Патоцкі (1867—1939) — пісьменнік і літаратурны крытык.
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 99.
- ↑ Архіўная копія(руск.) (недаступная спасылка). Дзержинский райисполком. Официальный сайт.. Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2011. Праверана 12 кастрычніка 2012.
- 1 2 3 Шпилевский П. Н. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. — Сс. 92-93.
- 1 2 Валахановіч А. Дзяржынск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 252.
- 1 2 Валахановіч А. Койданава // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 127. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- 1 2 3 Сыракомля Уладзіслаў. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах (Койданаў. Урыўкі з дзённіка) // Выбраныя творы. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — Сс. 298—303.
- 1 2 Дзяржынск // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 8. Мінская вобласць. Кніга ІІ. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Сс. 9-13.
- 1 2 Ельскі Аляксандр. Койданава // Выбранае. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. — Сс. 274—281.
- ↑ Калечыц Валянцін. Зямяне і баяры маёнтка Койданаў Менскага павета ў XVI—XVIII стагоддзях // Герольд Litherland : навуковы геральдычны часопіс. — 2021. ― № 22. ― С. 52―62.
- ↑ «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- 1 2 Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ стагоддзя. — Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. — С. 205.
- ↑ Филатов Е. Н. Белорусско-литовские земли в 1772—1860 гг.: человек и общество. — Минск: Беларуская навука, 2021. С. 173.
- ↑ Зьмітрок Бядуля. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі // Беларуская палічка.
- ↑ Соркіна. С. 237—238.
- ↑ Шаблон:Крыніцы/Нарысы койданаўскія, 2005 S. 43.
- ↑ Шаблон:Крыніцы/Нарысы койданаўскія, 2005 S. 72.
- ↑ Шаблон:Крыніцы/Нарысы койданаўскія, 2005 S. 41.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область
- ↑ http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/demografiya_2/metodologiya-otvetstvennye-za-informatsionnoe-s_2/index_4945/
- ↑ Численность населения на 1 января 2020 г. по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2020.
- ↑ Численность населения на 1 января 2021 г. и среднегодовая численность населения за 2020 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2021.
Літаратура
- Держинск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
- Валахановіч А. Дзяржынск. Гісторыка-эканамічны нарыс. — Мінск, 1977. — 80 с.
- Валахановіч А. Койданава // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 127. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БелТА, 2004. — 704 c.: іл. — ISBN 985-6302-64-1.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Сташэўскі В. Койданаўская МТС. — Менск, 1931. — 48 с.
- Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Гістарычны нарыс Дзяржыншчыны (Койданаўшчыны). — Менск, 1932. — 110 с.
- Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Мястэчка Койданава. / Адбітак з часопісу «Наш Край» за 1929 год № 2, 3 і 4. — Менск, 1929. — 42 с. — Койданава: «Кальвіна», 2012 (недаступная спасылка).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Kojdanów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 246—249.
- Шаблон:Крыніцы/Нарысы койданаўскія (2005)
- Валаханович А. И. Дзержинск. Историко экономический очерк. — Минск, 1982. — 80 с. [Города Белоруссии].
- Валаханович А. И., Кулагин А. Н. Дзержинщина: прошлое и настоящее. — Минск, 1986. — 199 с.
- Устав Койдановского общества для выдачи беспроцентных ссуд бедным евреям местечка Койданово, Минской губернии. — Минск, 1913. — 8 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзяржынск
- Геаграфічныя звесткі па тэме Дзяржынск на OpenStreetMap
- г. Койданаў на Radzima.org
- Вандроўка ў Дзяржынск (Койданава)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Глускага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Дзяржынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Краснаярскага края Катэгорыя·Населеныя пункты Лельчыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Нараўлянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Чачэрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дзяржынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Заслаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мазырскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мінскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Тураўскага раёна Катэгорыя·Раёны Краснаярскага края Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1939 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2009 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1930 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1932 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Дзяржынскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Лельчыцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Мінскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.