Заазер’е (Лагойскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Заазер’е.
Заазе́р’е[1] (трансліт.: Zaazierje, руск.: Заозерье) — вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Лагойскага сельсавета.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як маёнтак ва ўдзельным Лагожскім княстве. У першай палове XV ст. гэта быў маёнтак ва ўладанні пана Судзімонта Доргевіча, у 1448 г. пасля яго смерці маёнтак зрабіўся ўласнасцю яго сына Алехны. У пачатку XVI ст. буйны феадал Васіль Тышкевіч купіў частку двара Заазер’е ва ўдавы Пятра Белага княжны Ганны Аляксандраўны Гальшанскай. У 1570 г. Заазер’е было ўласнасцю Еўстафія Серафіма Тышкевіча — сына Васіля Тышкевіча. У XVIII ст. Заазер’е лічылася вёскай, было цэнтрам маёнтка, уладаннем віленскага каталіцкага капітула, у другой палове XVIII ст. перайшло ва ўласнасць Тызенгаўза, пазней — Тышкевічаў.
Расійская імперыя
У 1811 г. вёска, 111 рэвізскіх душ мужчынскага пола, уладанне графа Іосіфа Тышкевіча. У 1866 г. адносілася да Лагойскага праваслаўнага прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы. У 1870 г. вёска, 116 рэвізскіх душ мужчынскага пола ў Лагойскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У 1875 г. адкрыта школа граматы, меўся хлебазапасны магазін. На пачатку XX ст. да Загаранскай сельскай грамады адносіліся 2 вёскі: Падонкі і Заазер’е, у 1905 г. у яе ўваходзілі 29 гаспадарак Заазер’я, якія мелі 426,5 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 65 двароў, 650 жыхароў, у 1917 г. 17 двароў, 443 жыхары.
Найноўшы час
У 1941 г. 79 двароў, 316 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 2 двары, загубілі 6 жыхароў, вывезлі ў Германію 22 вяскоўцаў, 23 загінулі на фронце, 6 у партызанскай барацьбе. У 1969 г. 117 двароў, 382 жыхары.
Насельніцтва
- 2010 г. — 159 чал.
- 2003 г. — 176
- 1999 г. — 196
- 1969 г. — 382
- 1941 г. — 316
- 1917 г. — 443
- 1909 г. — 650
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах.Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лагойскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.