wd wp Пошук:

Залаты Пацік

Залаты Паток, Залаты Пацік[1] ці проста Паток (укр.: Золотий Потік, польск.: Złoty Potok, Potok) — пасёлак гарадскога тыпу ў Бучацкім раёне Цярнопальскай вобласці Украіны, цэнтр аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады.

Гісторыя

Вядомае з XIV ст. пад назвай Загайполе. У першай палове XVI ст. кароль і вялікі князь Жыгімонт І Стары падарыў шляхцічу Якубу Патоцкаму ва ўзнагароду за заслугі вёскі Сакалоў і Загайполе. У 1570 г. саўладальнікі — сыны Якуба Патоцкага - Мікалай і Ян Анджэй — атрымалі прывілей на правядзенне кірмашоў у маёнтку Загайполе. У 1578 г. на карце існавала мясцовасць Паток паблізу Сакалова, для якой сыны стражніка кароннага Мікалая Патоцкага Ян, Анджэй і Якуб атрымалі прывілей на правядзенне двух кірмашоў.

У 1599 г. пасля падзелу сямейнай маёмасці Стэфан Патоцкі-малодшы, сын стражніка кароннага Мікалая Патоцкага, стаў уладальнікам Патоку. У 1601 г. кароль Жыгімонт III Ваза па просьбе ўладальніка Стэфана Патоцкага выдаў прывілей, па якім паселішча Паток атрымала правы мястэчка, а назву змяніла на Паток Залаты. У 1601 г. уведзены два кірмашы: на дзень святога Пракопа (4 ліпеня) і св. Марціна (11 лістапада).

З Залатога Патоку паходзіць галіна вядомага ва Украіне і Польшчы роду Патоцкіх гербу Пілява (заснавальнік - Стэфан Патоцкі). Залаты Паток быў галоўнай сядзібай гэтай галіны Патоцкіх да моцнага разбурэння замка турэцка-татарскімі войскамі пад правадырствам бейлербея Дамаска Ібрагіма Шэйтана ў верасні 1676 г. Падчас паўстання Хмяльніцкага горад быў разбураны, былі забітыя тры манаха-дамініканцы.

У дзённіку Ульрыха фон Вердума (1672 г.) Паток апісваецца як малы горад, у якім ёсць касцёл, пабудаваны з каменя, замак, пабудаваны на паўднёвым краі, таксама акружаны каменным мурам і ўмацаваны чатырма вежамі; украінцы ў прыгарадзе маюць царкву, а габрэісінагогу, якая ўжо ў горадзе.

За першым падзелам Рэчы Паспалітай у 1772 г. Залаты Паток адышоў да Габзбургскай манархіі (з 1804 г. - Аўстрыйскай імперыі, з 1867 г. - Аўстра-Венгрыі). У 1838 г. нехта Альшэўскі (імя невядома)праўдападобна, стаў уладальнікам Залатога Патоку, які купіў у Альфрэда Патоцкага. У 1840-х гг. маёнтак купіў Ян Стаёўскі, які прадаў яго Ізраэлю Фрыдману. У 1855 г. маёнтак належаў яго спадчыннікам, у 1868 г. Антонію Мыслоўскаму.

Пачынаючы з XVII ст. у мястэчку развіваецца рамяство аздаблення дрэва - драўляная скульптура. У 50-60 гг. XIX ст. у мястэчку выраблялі прадукцыю два паўкустарных прадпрыемствы - фабрыкі дрэнажных труб і гіпсу. З 1817 г. працавала адна двухмоўная школа, у якой на працягу многіх гадоў 1 настаўнік вучыў 40-50 дзяцей. У 1880-х гг. у мястэчка быў перанесены павятовы суд з Язлаўца.

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Бучацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Цярнопальскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be