wd wp Пошук:

Зарасай

Зарасай (літ.: Zarasai, традыцыйная беларуская назва — Езяро́сы[1]) — горад у паўночнай Літве, на мяжы з Латвіяй. Знаходзіцца за 49 км ад Уцяны. Горад з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Зарасайскага раёна. З 1836 да 1918 года горад меў назву Новааляксандраўск. Вакол горада размяшчаюцца некалькі азёр (Зараса, Зарасайта і інш.). Праз Зарасай праходзіць шаша Каўнас — Даўгаўпілс. За 18 км знаходзіцца чыгуначная станцыя Турмонты. Насельніцтва горада налічвае каля 8 тыс. чалавек. Зарасай адносіцца да этнаграфічнага рэгіёна Аўкштота.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўcпамін пра Езяросы як уладанне Віленскага біскупства датуецца 1522 годам, калі пры тутэйшым касцёле заснавалі алтарыю. У 1530 годзе біскуп віленскі Ян з княжатаў літоўскіх дадаткова надаў плябаніі ў Езяросах зямлю і сялян. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства.

У 1610 годзе з фундацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы ў Езяросах збудавалі новы драўляны касцёл. На Радзівілаўскай карце 1613 года паселішча значыцца як мястэчка. На 1631 год тут было 22 дымы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка зруйнавалі маскоўскія захопнікі (у 1674 годзе адноўлены касцёл). На 1669 год у Езяросах было 34 дымы, карчма, 5 вуліц. У часы Вялікай Паўночнай вайны мястэчка зноў значна пацярпела.

З пачатку XVIII стагоддзя ў ваколіцах Езяросаў пачалі сяліцца стараверы з Маскоўскай дзяржавы. У другой палове XVIII стагоддзя ў мястэчку адкрылася школа. На 1721 і 1739 гады ў Езяросах было 17 дымоў, на 1772 год — 21 дым, на 1790 год — 47 дымоў[2].

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Езяросы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па адкрыцці ў 1836 годзе шашы Коўна — Дзвінск расійскія ўлады змянілі назву горада на Новааляксандраўск, сюды перанеслі адміністрацыйны цэнтр Браслаўскага павета. У 1842 годзе ўтварыўся асобны Новааляксандраўскі павет у складзе Ковенскай губерні. На 1857 год у горадзе было 8 мураваных і 155 драўляных будынкаў.

У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Езяросы занялі войскі Германскай імперыі.

  • Старая графіка Езяросаў
  • Касцёл, 1864 г.
  • Касцёл, 1917 г.
  • Рынак, 1917 г.
  • Праваслаўныя могілкі, 1918 г.

Найноўшы час

1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Езяросы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе яны апынуліся ў складзе Літвы. Новыя ўлады палічылі традыцыйную назву паселішча за паланізм і сканструявалі новую — літ.: Ežerėnai (Эжарэнай; ад літ.: ežeras — возера), якую аднак па працяглых дыскусіях у 1929 годзе змянілі на літ.: Zarasai (Зарасай).

2 жніўня 1946 года Зарасай атрымаў статус горада. У 1996 годзе афіцыйна зацвердзілі гарадскі герб.

  • Места на старых здымках
  • Па кірмашы, 1911 г.
  • Царква-мураўёўка, 1915 г.
  • Рынак, 1916 г.
  • Возера Оса, 1918 г.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагоддзе: 1857 год — 3459 чал. (1838 муж. і 1631 жан.), з іх 2030 каталікоў, 404 праваслаўныя, 119 старавераў, 7 евангелістаў, 909 іўдзеяў[4]; 1865 год — 4770 чал.; 1896 год — 7556 чал. (3761 муж. і 3792 жан.), з іх паводле веры: 2322 каталікі, 512 праваслаўных, 323 стараверы, 28 пратэстантаў, 4277 іўдзеяў, 44 магаметаніны, 50 іншай веры; паводле саслоўя: 272 шляхты, 36 духоўнікаў, 64 ганаровых грамадзян і купцоў, 6796 мяшчан, 265 ваенных, 82 сялян, 41 іншага стану[5]; 1897 год — 6,3 тыс. чал.
  • XX стагоддзе: 1923 год — 3785 чал.; 1939 год — 4,5 тыс. чал.; 1959 год — 4,7 тыс. чал.; 1970 год — 6624 чал.; 1976 год — 7,4 тыс. чал.; 1979 год — 7250 чал.; 1989 год — 8916 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 год — 8365 чал.; 2010 год — 7571 чал.; 2020 год — 6051 чал.

Славутасці

  • Капліца
  • Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1878)
  • Царква Усіх Святых (1885)

Страчаная спадчына

  • Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)

Галерэя

  • Краявіды Езяросаў
  • Касцёл
  • Капліца
  • Царква
  • Малельня

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 3 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 2 / [складзены і падрыхтаваны да друку ў 2012 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Я. К. Анішчанка і інш.] — 2013 — С. 74. — ISBN 978-985-508-245-4.
  2. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 213.
  3. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 3 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 20.
  4. Krzywicki J. Nowoaleksandrowsk // Słownik geograficzny… T. VII. — Warszawa, 1886. S. 240.
  5. Зарасай // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Зарасайскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Уцянскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Раёны Літвы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be