Зярвінас
Зярвінас (літ.: Zervynos) — вёска ў паўднёвай Літве, у Варэнскім раёне Алітускага павета, за 8 км на паўночны ўсход ад Марцінконіса, за 16 км на паўднёвы захад ад Варэны.
Агульная характарыстыка
Зярвінас размешчана берагах ракі Ула і яе прытока Павільніса, з усіх бакоў акружаная Дайнаўскім лесам і ўключана ў тэрыторыю Дзукійскага нацыянальнага парку.
Зярвінас — архітэктурны помнік дзяржаўнага значэння, складаецца з 48 сядзіб, з якіх 8 з’яўляліся этнаграфічнымі. У цяперашні час налічваецца 11 ахоўных сядзіб з 35 будынкамі, прызнанымі помнікамі канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў.
Захавалася традыцыйная драўляная архітэктура і агульны план, які сфармаваўся ў XVIII стагоддзі. Тут маюцца таксама вялікія драўляныя крыжы, хвоі з дупламі (раней выкарыстоўваліся для пчалярства), могілкі, месца неалітычнай стаянкі[1].
Праз вёску праходзіць чыгунка Вільнюс — Марцінконіс (былая частка лініі Санкт-Пецярбург-Балтыйскі — Варшава-Усходняя, разарванай пасля дэмантажу ўчастка Марцінконіс — Узбярэж), па якой ездзіць прыгарадны дызель-цягнік Вільнюс — Марцінконіс.
Гісторыя
Вёска згадваецца з 1742 года. У 1869 годзе было 17 сядзіб. У перыяд паміж Першай і Другой сусветнай войнамі мястэчка было на тэрыторыі спачатку Сярэдняй Літвы (1920—1922), затым Польшчы. У савецкі час у вёсцы працавала пачатковая школа. Тут жыў і працаваў пісьменнік Юозас Апуціс. У вёсцы здымаліся фільмы «Ніхто не хацеў паміраць» (1965) і «Факт» (1981).[2]
Насельніцтва
У 1798 годзе было 104 жыхара, у 1858 годзе — 133, у 1921 годзе — 235. Паводле перапісу насельніцтва 1959 года ў вёсцы налічвалася 190 чалавек, у 1970 годзе — 186 чалавек, у 1989 годзе — 103, у 2011 годзе насельніцтва складала 47 чалавек, у 2013 годзе — 50 жыхароў.[2]
Зноскі
- ↑ Zervynos. Tarybų Lietuvos enciklopedija, T. 4 (Simno-Žvorūnė). — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. 619 psl.
- 1 2 VLE
Спасылкі
- Zervýnos (літ.) . Visuotinė lietuvių enciklopedija. Mokslo ir enciklopedijų leidybos centras (26 чэрвеня 2014). Праверана 13 студзеня 2018.
Катэгорыя·Населеныя пункты Варэнскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.