wd wp Пошук:

Сярэдняя Літва

Гісторыя Беларусі
Пагоня, гістарычны герб Беларусі Сучасны герб Беларусі

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
Полацкае княства
(Кіеўская Русь · Смаленскае княства · Тураўскае княства)
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі // Сярэдняя Літва
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб’яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

Сярэдняя Літва (польск.: Litwa Środkowa) — дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 19201922 гг.

Гістарычны нарыс

Паводле ўмоў падпісанага 7 кастрычніка 1920 Сувалкаўскага дагавору паміж Польшчай і Літвой Віленшчына лічылася тэрыторыяй Літвы. Але адначасова аператыўная група «Беняконі» пад камандаваннем генерала Люцыяна Жалігоўскага заявіла 8 кастрычніка аб выхадзе з падпарадкавання польскага галоўнага камандавання. Пазней і Жалігоўскі, і кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі прызнавалі, што ініцыятарам гэтага меркаванага бунту быў насамрэч сам Пілсудскі, які не бачыў іншага спосабу вярнуць Вільню.

Група, у склад якой уваходзілі 1-я Літоўска-беларуская дывізія генерала Р. Радкоўскага і група маёра М. Зындрам-Касцялкоўскага, заняла Вільню і пачала рухацца ў напрамку Коўна. У ходзе наступлення войскі Жалігоўскага дасягнулі мястэчка Кейданы ў цэнтры Літвы. У выніку ўмяшання Кантрольнай камісіі Лігі Нацый 29 лістапада было заключана перамір’е; на тэрыторыі, занятай часцямі Жалігоўскага, арганізоўвалася незалежная адміністрацыйная адзінка, якая атрымала назву Сярэдняя Літва.

Згодна з дэкрэтам галоўнакамандуючага войскамі генерала Жалігоўскага тэрыторыя Сярэдняй Літвы пачаткова ўключала 14 гмін Браслаўскага, па адной гміне Вілейскага і Дзісненскага, 19 гмін Віленскага павета, Трокскі павет, гміны Лідскага павета на правым беразе Нёмана і 8 гмін Гродзенскага павета. Пазней мяжа Сярэдняй Літвы перанесена крыху на поўнач і прайшла па лініі Алкенікі — Беняконі — Дзевянішкі — Трабы — Лебедзі, на захад ад Маладзечна і Вілейкі, потым на поўнач да Казян і ракі Заходняя Дзвіна, на захад ад Друі. Сярэдняя Літва ў выніку поўнасцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі паветы; яна займала каля 10 тыс. км² і налічвала 530 тыс. чалавек, 40 % з якіх складалі беларусы.

Новая краіна складалася з 10 паветаў. Акрамя Вільні, найбольш буйнымі гарадамі былі Трокі, Смаргонь і Ашмяны.

Вярхоўная ўлада ў Сярэдняй Літве знаходзілася ў руках генерала Жалігоўскага. Функцыю ўрада выконвала Часовая кіруючая камісія пад старшынствам В. Абрамовіча. Апошні быў прадстаўніком «краёўцаў», якія выказваліся за стварэнне разам з Ковенскай Літвой федэратыўнай дзяржавы. Польскі ўрад патрабаваў ад Жалігоўскага падпарадкавання сваім дырэктывам. У канцы 1920 у якасці прадстаўніка ўрада Польшчы пры Часовай кіруючай камісіі ў Вільню прыбыў Уладзіслаў Рачкевіч (1885—1947). У сувязі з унутраным крызісам ва ўрадзе Сярэдняй Літвы ў першай палове студзеня 1921 прызначаны новы склад Часовай камісіі на чале з генералам Стэфанам Макрэцкім, лаяльным да Польшчы. У канцы 1921 яго змяніў Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943).

Галоўнымі задачамі Часовай камісіі з’яўлялася забеспячэнне палітычнай і эканамічнай стабільнасці края. Слабасць цэнтальнай улады Сярэдняй Літвы стала прычынай злоўжыванняў з боку мясцовай адміністрацыі і вайскоўцаў. Сярэдняя Літва залежала ад грашовых крэдытаў польскага ўрада.

Нягледзячы на цяжкасці, на тэрыторыі Сярэдняй Літвы на працягу 1921 пачалі дзейнічаць 432 прамысловых і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Асноўным прадметам экспарту была прамысловая сыравіна (дрэва, лён і інш.). Улады распрацавалі праект электрыфікацыі края з выкарыстанем электрастанцый у Ашмянах, Свянцянах і Лошы, спрабавалі правесці зямельную рэформу, якая мела на мэце аслабленне сацыяльнай напружанасці на вёсцы.

У Сярэдняй Літвы былі свае грошы (польская марка), сімволіка і нават паштовыя маркі. Першыя маркі выйшлі 20 кастрычніка 1920 і мелі выяву двух гербаў, «Белага арла» і «Пагоні». На марках 1920-22 можна ўбачыць выявы помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні (сярод якіх касцёл Св. Ганны і Вострая брама), выявы каралевы Ядвігі і Ягайлы, Тадэвуша Касцюшкі і Адама Міцкевіча. Некалькі разоў выходзілі маркі з партрэтам Жалігоўскага. У лістападзе 1921 выйшла марка, прысвечаная ўваходу войска Жалігоўскага ў Вільню 9 кастрычніка 1920.

Пытанне палітычнай прыналежнасці Сярэдняй Літвы канчаткова павінен быў вырашыць сейм і правядзенне плебісцыту. Выбары ў сейм былі прызначаны на 9 студзеня 1921, аднак супраць выбараў выступіла Ліга Нацый, якая прыняла рашэнне аб правядзенні плебісцыту і ўвядзенні на тэрыторыю Сярэдняй Літвы замежных войск. План правядзення выбараў у сейм зноў набыў актуальнасць у лістападзе 1921. 30 лістапада Жалігоўскі пасля дэмабілізацыі войска перадаў уладу старшыні Часовай кіруючай камісіі і выехаў з Вільні.

У выбарах у сейм Сярэдняй Літвы 8 студзеня 1922 прынялі ўдзел 64 % выбаршчыкаў. Большасць беларускага і літоўскага насельніцтва байкатавала выбары, якія ў выніку сталі перамогай прыхільнікаў інкарпарацыі Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. 20 лютага 1922 сейм Сярэдняй Літвы прыняў рашэнне пра далучэнне яе да Польшчы.

Са студзеня 1921 антыпольскія сілы вялі падрыхтоўку да ўзброенага паўстання, якое мела на мэце перашкодзіць далучэнню Віленшчыны да Польшчы, аднак польская дэфензіва раскрыла падполле.

Пасля зацвярджэння ў сакавіку 1923 Лігай Нацый усходняй мяжы Польшчы Віленскі край стаў адной з яе частак.

Беларусы ў Сярэдняй Літве

У першы перыяд існавання Сярэдняй Літвы ў сувязі з будучым плебісцытам Часовая кіруючая камісія праводзіла ў адносінах да беларускага насельніцтва ліберальную нацыянальную палітыку. 9 кастрычніка 1920 ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячаў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для развіцця беларускай адукацыі і асветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Па прапанове ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. Вясной 1921 ў краі дзейнічала 186 беларускіх школ. У канцы 1920 тут заснавана Барунская настаўніцкая семінарыя. У 1921 па ініцыятыве Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы. Аднак беларускае школьніцтва на Віленшчыне існавала да таго часу, пакуль у складзе Часовай кіруючай камісіі заставаліся Іваноўскі і Тарашкевіч (у кастрычніку 1921 ён адмовіўся ад працы ў Дэпартаменце асветы). Новы ўрад Сярэдняй Літвы прыступіў да ліквідацыі беларускай асветы. У 1922 колькасць беларускіх школ скарацілася да 29.

Урад Літвы абяцаў даць Віленшчыне аўтаномію і фінансава падтрымліваў беларускія нацыянальныя арганізацыі. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы дзейнічала некалькі беларускіх арганізацый, прадстаўнікі груп рознай палітычнай арыентацыі, якія былі звязаныя з Беларуссю.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be